Зіма не нагода адкладаць знаёмства з турыстычнымі цікавосткамі нашай краіны. Калі не фізічна, то хаця б віртуальна раім працягнуць вандраваць разам з намі. Сёння распавядзем пра найбольш цікавыя архітэктурныя аб’екты Мёрскага раёна.
Фота: planetabelarus.by
1. Касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі
Найперш скіруемся непасрэдна ў сам раённы цэнтр Мёры, каб пабачыць велічны неагатычны касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі. Першы рыма-каталіцкі касцёл у Мёрах быў узведзены ў 1691 годзе і праіснаваў да 1862 года. Пры касцёле ў 1728 годзе быў заснаваны кляштар канонікаў рэгулярных. Кляштар быў ліквідаваны расійскай уладай пасля Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гг.
Фота: planetabelarus.by
У 1907 годзе на месцы драўлянай капліцы па праекце віленскага архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка быў збудаваны каталіцкі храм Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, які можна пабачыць у Мёрах і сёння. Будынак быў узведзены з чырвонай цэглы ў найбольш распаўсюджаным на той час на тэрыторыі Беларусі сярод каталіцкіх храмаў неагатычным стылі. Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку касцёла было зроблена зернясховішча, але храм вярнуўся да вернікаў зноў у 1956 годзе. Сёння касцёл у Мёрах унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сярод унутранага аздаблення храма варта звярнуць увагу на абразы «Маці Божая Ружанцовая» і «Юзаф з Дзіцём» пачатку ХІХ стагоддзя, «Маці Божая Чанстахоўская» 1878 года, на драўляную скульптуру «Укрыжаванне», што захавалася з ХІХ стагоддзя.
Фота: planetabelarus.by
2. Сядзібна-паркавы комплекс Лапацінскіх
Першапачаткова маёнтак на беразе Дзвіны Лявонпаль меў назву Чурылавічы, але пасля таго, як яго набыў Мікола Лапацінскі, быў перайменаваны новым гаспадаром у гонар ягонага бацькі Лявона Лапацінскага. У 1775 годзе новы гаспадар запрашае італійскага архітэктара Абрахама Антонія Гену і паводле ягонага праекта закладае тут сваю летнюю рэзідэнцыю. Сядзіба была ўзведзена ў 1769 годзе ў стылі позняга барока. Сёння гэты будынак пераўладкаваны пад храм і належыць парафіянам каталіцкай царквы.
Фота: travelling.by
Мікалай Лапацінскі ў сядзібу ў Лявонпалі перавёз сямейны архіў, бібліятэку з каштоўнымі выданнямі, галерэю твораў мастацтва. Навокал сядзібы быў закладзены парк у французскім стылі. Пасля смерці Мікалая Лапацінскага маёнтак перайшоў у спадчыну да ягонага сына, ваяводы мсціслаўскага Яна Нікадзіма Лапацінскага. Ён працягнуў традыцыю бацькі: пашыраў бібліятэку, набываў разнастайныя прадметы мастацтва для калекцыі, да таго ж сам займаўся стварэннем гравюраў ды скульптураў.
Фота: planetabelarus.by
Ян Нікадзім Лапацінскі не толькі меў выдатны густ, але і быў зацятым патрыётам, ягоная гравюра з партрэтам Тадэвуша Касцюшкі — адна з самых тыражаваных выяваў знакамітага генерала. Яшчэ ў памяць аб апошняй спробе захаваць Рэч Паспалітую, прыняцці Канстытуцыі 3 траўня 1791 года, загадаў узвесці калону, якую на беразе Дзвіны ў Лявонпалі можам пабачыць і сёння.
Фота: fotobel.by
Таксама часткова захаваўся фрагмент прысядзібнага парку, адзін з двух двухпавярховых флігеляў, некалькі гаспадарчых пабудоваў. Сам жа будынак сядзібы моцна пацярпеў падчас вызвольнага паўстання 1830–1831 гг. ад царскіх жаўнераў, ён быў моцна разбураны ды разрабаваны. Толькі ў 1919 годзе быў адрамантаваны ды пераўладкаваны ў касцёл. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі храм, будынак выкарыстоўваўся як прафілакторый Мінскага інстытута культуры. Толькі ў 1990-я гг. храм вярнуўся да каталікоў.
Фота: planetabelarus.by
3. Царква Святой Троіцы
Лапацінскія былі грэка-каталікамі і ў 1774 годзе фундавалі будаўніцтва ўніяцкай драўлянай царквы ў Лявонпалі, будынак якой захаваўся і па наш час. Сёння помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры храм Святой Троіцы належыць праваслаўнай царкве і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як адзін з найбольш старажытных драўляных храмаў не толькі на Мёршчыне, але і ва ўсёй краіне.
Фота: planetabelarus.by
Першапачаткова царква была двухвежавай, але з-за перабудовы, якая адбылася ў 1950-х гг., яе знешні выгляд моцна змяніўся. Храм адрозніваецца сваёй лаканічнасцю, сціпласцю аздаблення, характэрнай для помнікаў народнага дойлідства. У інтэр’еры царквы варта звярнуць увагу на драўляную скульптуру «Укрыжаванне» XVIII стагоддзя, абразы XVIII–XIX стагоддзяў «Святы Пётр» і «Святы Павал».
Фота: Андрэй Кузнечык
4. Родавая капліца-пахавальня Мілашаў
Далей рушым у колішняе мястэчка, сёння аграгарадок Ідолта, спадчына якога, захаваная па сённяшні дзень, звязана з родам Мілашаў. У 1862 годзе Яўгеніюш Мілаш, тагачасны гаспадар Ідолты, фундаваў узвядзенне тут мураванай каталіцкай капліцы. Там ён змясціў парэшткі сваёй жонкі Эміліі. Пазней і сам быў пахаваны там разам з дзецьмі. Гэтую капліцу можам пабачыць у Ідолце сёння, нягледзячы на тое, што яна была разрабаваная пасля Другой сусветнай вайны, а пахавальны склеп разбураны.
Фота: planetabelarus.by
Капліца ў Ідолце — помнік ранняга класіцызму. Гэта невялікі прастакутны будынак з пяціграннай апсідай і бакавой сакрыстыяй. Над франтонам будынка ўзвышаецца драўляная квадратная вежа, інтэр’еры капліцы афарбаваныя ў белы колер. Будынак вярнуўся да вернікаў толькі ў 1990 годзе. Могілкі пры капліцы былі знішчаны, ацалела толькі адно надмагілле ХІХ стагоддзя Конрада Мілаша, верагодна, сына Яўгеніюша Мілаша, колішняга гаспадара Ідолты, які і збудаваў капліцу.
Фота: planetabelarus.by
5. Сядзібна-паркавы комплекс Мілашаў
Яшчэ адной архітэктурнай перлінай Ідолты, вартай увагі, з’яўляецца сядзібна-паркавы комплекс Мілашаў. У 1840 годзе ўжо вядомы нам Яўгеніюш Мілаш распачаў тут будаўніцтва сваёй летняй рэзідэнцыі на заходнім беразе возера Ідолта. Гэта быў аднапавярховы мураваны прастакутны будынак у стылі класіцызм на нізкім падмурку з вялікімі падваламі ды двухпавярховай цэнтральнай часткай.
Фота: planetabelarus.by
Інтэр’ер сядзібы ўпрыгожвалі габелены і партрэты прадстаўнікоў роду Мілашаў. Пры сядзібе была вялікая бібліятэка з багатай калекцыяй унікальных друкаваных выданняў. Але за Саветамі палац быў разрабаваны, пасля Другой сусветнай вайны там размясціўся калгас. У 2005–2006 гг. сядзіба была адрамантаваная, сёння ў будынку месціцца бібліятэка.
Фота: planetabelarus.by
Захаваліся і іншыя аб’екты сядзібнага комплексу з другой паловы ХІХ стагоддзя. Напрыклад, гаспадарчыя пабудовы, аздобленыя «разынкавай муроўкай». Але большасць з іх у напаўразбураным стане. Часткова захаваліся і рэшткі прысядзібнага парку.
Фота: planetabelarus.by
6. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Капліца-пахавальня Мілашаў — не адзіны рыма-каталіцкі храм у Ідолце. У 1937–1939 гг. тут быў узведзены парафіяльны касцёл у стылі мадэрн, які зараз асвечаны ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Да пачатку Другой сусветнай вайны касцёл так і не быў дабудаваны. Айцец Баляслаў Грамс, народжаны ў вёсцы Кублічы, што на Ушаччыне, прыехаў служыць у Ідолту 2 жніўня 1941 года і завяршыў будаўніцтва касцёла.
Фота: planetabelarus.by
Месцічы ўзгадвалі маладога энергічнага святара добрым словам, кажуць, што шмат дапамагаў людзям, дзяліўся апошнім і не выракаўся святарскай службы нават у самы небяспечны час. 8 чэрвеня 1944 года айцец Баляслаў быў арыштаваны «ўласаўцамі» ды жорстка забіты. Існуе некалькі версіяў, чаму так сталася: можа, з-за таго, што ён дапамагаў Арміі Краёвай, дзе служылі ягоныя браты, можа, нехта з тых, каго спавядаў, выкрыў яго, ці з-за таго, што апекаваўся групай яўрэяў, якія хаваліся ад пераследу нацыстаў. Магілу ксяндза можна пабачыць побач з касцёлам у Ідолце. Яшчэ недалёка ад храма знаходзіцца драўляная плябань пачатку ХХ стагоддзя. А сам касцёл у Ідолце ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
7. Сядзіба Рудніцкіх
Далей рушым у вёску Асада-Дзедзіна, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца як Дзедзіна ці Дзедзінка ў 1517 годзе. Тут часта змяняліся гаспадары: першапачаткова паселішча належала роду Рудамінаў, пасля Агінскім, Мірскім, зноў Рудамінам, якія прадалі яго Рудніцкім. Апошнія і пабудавалі палац, што захаваўся да нашых дзён. Аляксандр Рудніцкі ў 1810 годзе заклаў у Дзедзінцы сядзібны дом у стылі класіцызм па праекце архітэктара Віткоўскага. Сядзіба будавалася каля дзесяці год. Захавалася падрабязнае апісанне інтэр’ераў будынка. Плошча сядзібнага дома складала 773 квадраты, усе дзверы сядзібы былі зроблены з дубу, у кожным пакоі меўся комін.
Фота: planetabelarus.by
Сталаваліся гаспадары за масіўным сталом з цёмнага дубу. Галоўная заля была аздоблена мэбляй XVIII стагоддзя, комінам, складзеным з белага мармуру. Пры сядзібе мелася вялікая бібліятэка, якая налічвала некалькі тысячаў выданняў у асноўным ХІХ стагоддзя па-польску, па-французску, па-нямецку, па-лацінску і на шматлікіх іншых мовах. Пасля палац перайшоў у спадчыну сыну Аляксандра Рудніцкага, пасля Зыгмунту Рудніцкаму, які заклаў маёнтак роду Вішнявецкіх, але перад Першай сусветнай вайной у 1939 годзе швагерка Рудніцкага Алена Яблонская выкупіла маёнтак і падаравала яго Віленскаму ўніверсітэту.
Фота: vasilitytravel.by
Падчас Другой сусветнай вайны Зыгмунт Рудніцкі вярнуўся ў Дзедзіна ды быў прызначаны старастам, але быў расстраляны, бо, паводле ўспамінаў месцічаў, актыўна дзейнічаў на карысць мясцовага люду і не выконваў загадаў нямецкіх уладаў, за што і быў забіты. За Саветамі ў будынку сядзібы месціўся цэнтр калгаса «Ленінскі шлях», і ён паступова прыходзіў у заняпад. Сёння з вялікага сядзібнага комплексу, апроч крушняў палаца, захаваліся дзве каменныя гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя ва ўсходняй частцы маёнтка, фрагменты пейзажнага парку і дзве сажалкі з колішняй паркавай воднай сістэмы.
Фота: vasilitytravel.by
8. Касцёл Найсвяцейшай Троіцы
У вёсцы захаваўся драўляны храм XVIII стагоддзя. Тагачасны Пагост належаў Станіславу Бужынскаму, па фундацыі якога ў 1766 годзе тут і быў узведзены драўляны касцёл Святой Троіцы — помнік народнага дойлідства, які мы можам пабачыць сёння. Святатроіцкі касцёл — адзін з самых старажытных культавых будынкаў у Мёрскім раёне.
Фота: planetabelarus.by
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя касцёл патрабаваў рамонту і імкліва разбураўся, пакуль у 1859 годзе з дапамогай святара Яна Шырына і мясцовых парафіянаў храм не быў адноўлены і пашыраны. У 1949 годзе касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі, спачатку ў ім было збожжасховішча, пасля спартовая заля. Будынак быў вернуты вернікам толькі ў 1990 годзе.
Фота: planetabelarus.by
ПЖ, budzma.org