Вераніка Рэут — блогерка, якая шмат ездзіць па краіне і дзеліцца ўражаннямі на сваёй старонцы ў instagram, падказала citydog.io цікавы маршрут на выходныя.
— Для мяне падарожжа, — кажа Вераніка, — гэта свайго роду медытацыя, магчымасць перазагрузіцца. Так з’явілася «звычка» рэгулярна выбірацца як у загадзя падрыхтаваныя, так і цалкам спантанныя паездкі па Беларусі (мапа нязведаных месцаў заўсёды пад рукой). А з часам сваімі ўражаннямі ад паездак пачала дзяліцца і ў Instagram.
За даволі працяглы час даследаванняў і падарожжаў па роднай краіне назапасілася незлічоная колькасць лакацый (хаця шмат яшчэ наперадзе). І сёння дзялюся з вамі некалькімі нетыповымі месцамі.
Сядзіба Бохвіцау: баланс архітэктуры і прыроды.
Сярод мясцовых санаторыяў згубіўся сапраўды ўнікальны куток — сядзіба Бохвіцаў у Паўлінава. Сядзібная дом пабудаваны ў 1906 годзе ў неагатычным стылі — і гэта той выпадак, калі выдатна ўсё: дэкаратыўныя вежкі, калоны ва ўсю вышыню будынка, спічастыя аконныя праёмы як у палацы.
Цікава, што раней адно крыло будынка было адведзена пад капліцу і завершана вежай (сёння ўжо і намёку на яе няма). У савецкія часы сядзіба была перапрафілявана ў лякарню — доўгія гады тут дзейнічаў вайсковы шпіталь.
Адназначна варта прагуляцца па парку: некалі ў ім было мноства рэдкіх раслінаў, але і зараз тут таксама вельмі добра. Можна знайсці дэкаратыўную сажалку, побач з якой абсталявана палянка — самы час перакусіць і атрымаць асалоду ад песняў лесу.
Як дабрацца: вёска Паўлінава, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць. Каардынаты: 53.02765, 25.81637.
Царква з разыначкай у Пірэвічах.
Па дарозе на Гомель можна сустрэць самую сапраўдную прыгажуню — царкву Усіх Святых у вёсцы Пірэвічы. Пабудавана яна ў 1903 годзе ў старажытнарускім стылі з чырвонай цэглы. А адмысловую разыначку ёй надае дэкараванне сценаў узорыстай пліткай.
Падчас Другой сусветнай вайны была разбурана званіца, якую аднавілі ў сярэдзіне 1990-х падчас рэстаўрацыйных працаў. Яны, дарэчы, працягваюцца да гэтага часу.
Як дабрацца: вёска Пірэвічы, Жлобінскі раён, Гомельская вобласць. Каардынаты: 52.78769, 30.32936.
Даехаць можна па трасе M5, згарнуць у напрамку вёскі Рудзянка.
Загадкавая пахавальная кампліца у асяроддзі руж
Выдатны спосаб пашырыць свой далягляд — наведаць пасёлак Першамайскі, што зусім недалёка ад вёскі Турэц. Там на вялікай паркавай тэрыторыі размяшчаецца сядзіба Обрына, маёнтак Дунін-Раецкіх і Кашыцаў (першая палова XIX стагоддзя). Ад сядзібы засталася стайня, свіран і лядоўня, якая быццам вырастае з-пад дарогі.
Калі зайсці з іншага боку, то можна знайсці родавае пахаванне Кашыцаў, яно і прыцягвае больш за ўсё сваёй таямнічасцю і маўклівай прыгажосцю. Месца выглядае бязлюдным, але чароўным.
Як дабрацца: пасёлак Першамайскі, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць. Каардынаты: 53.549446, 26.332336.
Руіны царквы на ўзгорку
У вёсцы Беразавец на ўзгорку месцяцца руіны Траецкай царквы. Вядома пра яе ня шмат: першапачаткова драўляны храм, збудаваны ў 1863 годзе, перабудавалі ў самым пачатку XX у. А падчас Першай сусветнай ён быў разбураны і больш яго ніхто не аднаўляў. Затое месца гэтае вельмі атмасфернае.
Як дабрацца: вёска Беразавец, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць. Каардынаты: 53.523427, 26.168917.
Найшыкоўнейшы лямус у Вялікім Мажэйкаве.
У вёсцы Вялікае Мажэйкава захаваліся некаторыя пабудовы, якія належалі да сядзібнага комплексу Хадкевічаў. Сядзібны дом ў стылі класіцызм будавалі з канца XVIII да пачатку XIX стагоддзя. Жыццё там віравала: месцічы спраўлялі балі, а на агеньчык завітваў і Аляксандр I. Але ў 1914-м дом згарэў. Праўда, да сённяшняга дня там захаваліся гаспадарчыя пабудовы.
Варта звярнуць увагу і на парк, на элементы агароджы, і лямус — шыкоўны, падобны бачыла толькі ў Гродне. Уражваюць і фрагменты агароджы гэтага некалі вялікага комплексу.
Як дабрацца: аграгарадок Вялікае Мажэйкава, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць. Каардынаты: 53.68337, 24.93504.
Даехаць можна па трасе M6 Ліда-Шчучын, згарнуць на H6255 напрамку Вялікае Мажэйкава.
Сядзіба, у якой зараз месціцца каледж
Пасёлак Новае Поле размясціўся ў Мінскім раёне. Цікава, што ў XVIII стагоддзі гэтымі землямі валодаў Міхась Агінскі. Пасля маёнтак быў прададзены, пабудаваны сядзібны дом, а яшчэ пазней ён перайшоў да Друцкіх-Любецкіх.
Акурнарт пасля гэтага будынак быў перабудаваны: з’явілася тая самая вежка, якая ўносіць разыначку ў некалі сіметрычнае аблічча класічнай сядзібы. Зараз тут размяшчаецца аграрна-эканамічны каледж, ратуючы будынак ад заняпаду.
Як дабрацца: Новае Поле, Мінская вобласць. Каардынаты: 53.97356, 27.13062.
З Мінска можна даехаць па трасе M6 у бок Ракава, затым згарнуць на H8940 у бок пасёлка.
Зорнае неба сінагогі
Ашмянская сінагога пабудавана ў 1912 годзе з чырвонай цэглы. у класічным стылі. Яна, нягледзячы на жахі Халакоста (цэнтр Ашмян уяўляў сабой гета), захавала ў сабе такое хараство!
Апроч архітэктурнага складніка — трох’яруснага даху і вакна-ружы, — тут ёсць невядомы скарб. Столь знутры проста надзвычайная — гэта зорнае неба! На сценах у паглыбленнях некалі былі роспісы задыякальных знакаў.
Як дабрацца: горад Ашмяны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць. Каардынаты: 54.42502, 25.93356.
Сядзіба Мілеўскіх, якую вам наўрад ці нехта яшчэ параіць
Калі душа патрабуе не проста эстэтыкі, а чагосьці экзатычнага, можна скіравацца да сядзібы Мілеўскіх «Ціцін». Вы наўрад ці сустракалі гэтую лакацыю ў падборках — і на тое ёсць некаалькі прычынаў: дабрацца туды можна толькі на аўто (прыватная тэрыторыя ахоўваецца вельмі няветлівымі сабакамі), а само месца ў запусценні.
Сама вёска згадваецца ўпершыню ў пачатку XVII стагоддзя як частка вялікага маёнтка. Першапачатковыя пабудовы тут не захаваліся, паколькі былі знішчаны французскімі войскамі ў 1812 годзе. У другой палове XIX стагоддзя «Ціцін» быў набыты Іпалітам Мілеўскім і адбудаваны. Сёння да нас дайшлі бровар, гаспадарчая пабудова, вадзяны млын, лядоўня.
Як дабрацца: вёска Байбы, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць.
Едзьце на машыне па трасе H6132 ад Беніцы ў напрамку Смаргоні (каардынаты: 54.401702, 26.433187). А па дарозе можаце зазірнуць у вёску Кеўлы (калі абыйсці мясцовую цэркаўку, то можна пабачыць магільны камень, умураваны ў яе).