Ведаеце, як выглядала тыповае беларускае мястэчка пачатку мінулага стагоддзя? З лёгкасцю ўявіць гэта можна, наведаўшы Талачын, што на Віцебшчыне. Гэта старадаўняе магдэбургскае мястэчка, якое пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай стала цэнтрам кантрабандыстаў, дзе захаваўся базылянскі архітэктурны ансамбль у стылі віленскага барока, а ў 1888 годзе нарадзіўся аўтар неафіцыйнага гімна ЗША. Што паглядзець у Талачыне і дзеля чаго варта туды ехаць, а ехаць сапраўды варта, распавядаем у артыкуле.
Талачын панарама Фота: planetabelarus.by
Маленькі горад з багатай гісторыяй
Упершыню Талачын узгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1433 годзе як уладанне князёў Друцкіх у складзе Друцкага княства, якое ўваходзіла ў слад Вялікага Княства Літоўскага. Пасля тут гаспадарыў канцлер, аўтар статутаў ВКЛ Леў Сапега, які па кудзелі паходзіў з роду Друцкіх. Сын Льва Сапегі Казімір у 1634 годзе дамогся для Талачына атрымання Магдэбургскага права, якое надзяляла паселішча шматлікімі прывілеямі ды магчымасцю праводзіць кірмашы ажно 3 разы на год. Традыцыя працягвалася да пачатку ХХ стагоддзя.
Падчас Трынаццацігадовай вайны з усходнім суседам 1654-1667 гг. Талачын быў амаль цалкам спалены, а палова насельніцтва забітая. Пасля войска Рэчы Паспалітай вярнула Талачын, але насельніцтва горада скарацілася ў два разы.
Нягледзячы на трагічную гісторыю, у горадзе захавалася шмат адметных архітэктурных помнікаў ды іншых цікавостак. Мы склалі спіс з 9 нагодаў, дзеля якіх варта наведаць Талачын:
1. Пабачыць віленскае барока
У 1769 Барбара Сангушка, маці наступнага гаспадара мястэчка, запрасіла ў мястэчка манахаў-базылянаў, якія заснавалі мясцовы кляштар. Праз 10 гадоў пад патрэбы базылянаў у Талачыне пабудавалі мураваную бажніцу ў стылі віленскага барока. Царква была асвечана як Свята-Пакроўская.
У будынку кляштара месціліся трапезная, жылыя келлі ды капліца. Праз некалькі гадоў пры кляштары базыляне ўзвялі шпіталь ды трохгадовую школу, прычым выкладалі там на еўрапейскім узроўні.
Царква і кляштар базылянаў у Талачыне. Фота: planetabelarus.by
У 1839-м годзе пасля скасавання уніяцкай царквы расійскімі уладамі, Свята-Пакроўскі храм быў адабраны ў базылянаў ды перададзены праваслаўным, а кляштар быў скасаваны. За савецкім часам у будынку кляштара месціўся вайсковы камісарыят, а будынкак колішняй базылянскай школы быў аддадзены пад патрэбы пазаведамаснай аховы.
Будынак кляштара ў Талачыне. Фота: planetabelarus.by
Ужо ў 1990-я усе колішнія базылянскія будынкі, што захаваліся, былі перададзены праваслаўнай царкве. Комплекс Талачынскага базылянскага манастыра складаецца сёння з царквы, жылога корпуса, будынка школы, брамы і агароджы.
У 1996 годзе на барочных вежах царквы былі размешчаны не ўласцівыя віленскаму барока купалы «цыбуліны» з праваслаўнымі крыжамі, а ў 2017 годзе на фасадзе будынка з’явіліся 14 неавізантыйскіх фрэсак, выкананых расійскімі майстрамі, што моцна сказіла гістарычны выгляд будынка. Тым не менш царква ўсё адно ўражвае веліччу.
2. Пабачыць мяжу Рэчы Паспалітай і Расійскай Імперыі
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 годзе па рацэ Друць была пракладзена мяжа паміж Расійскай Імперыяй і Рэччу Паспалітай. Тады адна палова Талачына апынулася ў адной дзяржаве, а другая — у іншай. Тую палову, што адышла Расійскай Імперыі называлі Стары Талачын, а тую палову, што засталася ў Рэчы Паспалітай — Новы Талачын.
Мост праз Друць у Талачыне. Фота: planetabelarus.by
Ажно да другога падзелу Рэчы Паспалітай у Талачыне існавала мытня. Як і належыць любому памежнаму мястэчку, тут квітнела кантрабанда. У архівах існуе шмат справаў пра тое, як мясцовыя жыхары і прысланыя «кантралёры» з усходу нечакана ўзбагачаліся ды пачыналі жыць «не па сродках». А ў 1776 годзе нейкім неверагодным чынам афіцыйны прыбытак адной з галоўных імперскіх мытняў, па якой еўрапейскія тавары траплялі на ўсход, стаў роўным 0.
Вуліца Аршанская, Талачын 1941
З таго часу па лініі мяжы ў Талачыне захаваліся рэшткі землянога вала. А на выездзе з Талачына на Круглае па шашы Р26 праваруч можна пабачыць напаўразбураны памежны слуп XVIII стагоддзя пабудовы. У 2009 годзе яму быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.
Памежны слуп Талачын. Фота: planetabelarus.by
3. Наведаць храм пачатку ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызм
Храм заклаў яшчэ ў 1813-м годзе Леў Сапега, а сканчвалі будаўніцтва ўжо новыя гаспадары Талачына, Славінскія: Вінцэнт Славінскі набыў маёнтак, сканфіскаваны ў Рамана Сангушкі, сасланага ў Сібір за падтрымку паўстання 1831 года. Будаўніцтва было скончана толькі праз 40 гадоў ад пачатку.
Касцёл у Талачыне, 1913 год
Касцёл у Талачыне сёння
Дзейнічаў касцёл да 1930-х гадоў, пакуль савецкія ўлады яго не зачынілі. Пасля ІІ сусветнай вайны будынак быў прызначаны пад сховішча, пасля пад краму. Пазней храм нават быў часткова адрамантаваны, каб размясціць у ім тэатр ці клуб. У 1960-я гады была зруйнаваная 3-х узроўневая званіца, узведзеная адначасова з касцёлам. Бажніца была вернута каталіцкім вернікам толькі ў 1993 годзе.
Касцёл у Талачыне. Фота: planetabelarus.by
4. Пашпацыраваць па старадаўнім прысядзібным парку
Родавая сядзіба Славінскіх у Талачыне, на жаль, да нашых дзён не захавалася, але ацалеў вялікі пейзажны парк у англійскім стылі, закладзены ў 1890 годзе.
Родавая сядзіба Славінскіх, якая мела назву «Юзафполле», 1918 год
Плошча парку моцна скарацілася, у параўнанні з першапачатковым варыянтам, але планіроўка часткова захаваная. Парк сёння ўвайшоў у межы горада, але ён прасторава адасоблены ад паселішча і вельмі ўражвае навакольнымі краявідамі. У парку можна пабачыць невялікую сажалку ды маслабойню Славінскіх.
Рэшткі маслабойні Славінскіх
5. Пазнаёміцца з прамысловай архітэктурай пазамінулага стагоддзя
У 1865 годзе па спадчыне маёнтак Талачын атрымаў Вітольд Славінскі. Новы гаспадар зрабіў Талачын сапраўдным прамысловым цэнтрам, некаторыя рэшткі якога мы можам пабачыць і сёння. На пачатак ХХ стагоддзя, дзякуючы Вітольду Славінскаму, у мястэчку функцыянавалі крухмальны і дражджавы заводы, вінакурня, млын ды дрэваапрацоўчае прадпрыемства.
Рэшткі будынка млына, Талачын. Фота: vetliva.ru
Прадукцыя маёнтка Славінскіх атрымлівала шмат узнагародаў: у 1887 годзе — сметанковае масла, у 1901 годзе — адзін з трох гатункаў талачынскага піва. А дрожджы з завода карысталіся папулярнасцю нават у Варшаве.
У сваёй гаспадарцы Вітольд Славінскі выкарыстоўваў найноўшыя тэхнічныя дасягненні, у тым ліку і тэлефонную сувязь, якая толькі з’явілася ў краі. Вядома, што ў лясніцтва пад Талачыном да Славінскіх у 1903 годзе на заробкі спрабаваў уладкавацца Янка Купала, сям’я якога ў той час жыла ў фальварку Селішча Барысаўскага павета.
Сёння ад вялікай колькасці прадпрыемстваў захаваўся крухмальны завод. Будынак быў узведзены у 2-й палове ХІХ стагоддзя з чырвонай цэглы.
Крухмальны завод, Талачын. Фота: fotobel.by
Памеры будынка уражваюць. Як і тое, што крухмальны завод дагэтуль працуе. Абсталяванне, якое там выкарыстоўваецца, засталося, хіба, адзіным падобным прыкладам у Беларусі. Тэрыторыю завода знутры без адмысловага дазволу, на жаль, не атрымаецца пабачыць, але звонку некалькі кадраў зрабіць можна.
6. Уявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка пачатку мінулага стагоддзя
На пачатак ХХ стагоддзя Талачын быў буйным гандлёвым цэнтрам. Тут налічвалася больш за 70 разнастайных крамаў. Некалькі драўляных крамаў пачатку мінулага стагоддзя можна пабачыць на цэнтальных вуліцах Талачына і сёння.
Заможная яўрэйская камяніца канца ХІХ ст. Фота: planetabelarus.by
У цэнтры Талачына захавалася таксама рэшта каменнай жылой забудовы канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя, будынак чыгуначнай службы, складзены з чырвонай цэглы і шмат іншых, дзякуючы якім можна ўявіць, як выглядала тыповае беларускае мястэчка сто гадоў таму.
Талачын, местачковая забудова. Фота: fotobel.by
Будынак чыгуначнай службы, Талачын. Фота: fotobel.by
7. Пазнаёміцца з яўрэйскай спадчынай Талачына
На мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў пераважную большасць насельніцтва Талачына складалі яўрэі. Як у тыповым беларускім мястэчку побач з хрысціянскімі храмамі у цэнтры месцілася вялікая двухпавярховая сінагога. Агулам у Талачыне налічваліся ажно 4 юдэйскія малітоўныя дамы. Сёння з вялікай яўрэйскай архітэктурнай спадчыны мястэчка нічога апроч пары будынкаў не захавалася.
Помнік на месцы расстрэлу талачынскіх яўрэяў, Райцы. Фота: jewishmuseum.by
У сакавіку 1942 года больш за 2000 чалавек з яўрэйскага гета ў Талачыне былі расстраляныя побач з былым фальваркам Райцы. Каб ушанаваць памяць загінулых, варта наведаць мясцовыя юдэйскія могілкі, дзе можна пабачыць як старадаўнія надмагіллі, так і сучасныя. Напрыклад, захавалася надмагілле заснавальніка мясцовай вытворчасці шкла Ізраэля Мэрліса, у падначаленні якога знаходзілася на пачатак ХХ стагоддзя ажно 400 працаўнікоў.
Магіла Ізраэля Мэрліса на талачынскіх яўрэйскіх могілках. Фота: jewishmuseum.by
Вядома, калі казаць пра яўрэйскую спадчыну Талачына, то нельга не ўзгадаць пра Ірвіна Бэрліна ці Ізраэля Бэйліна, аўтара гімна God Bless America. Ізраэль нарадзіўся ў 1888 годзе і паходзіў з талачынскай юдэйскай сям’і. Яго бацькі разам з дзецьмі ў 1893 годзе эмігравалі ў Нью-Ёрк. «Божа, блаславі Амерыку» лічыцца другім, неафіцыйным гімнам ЗША. А балада Ірвіна Бэрліна «White Christmas» трапіла ў кнігу рэкордаў Гінэса як самая тыражаваная ў свеце.
8. Ушанаваць памяць выбітных прадстаўнікоў мясцовай шляхты на старых каталіцкіх могілках
На выездзе з Талачына ва ўсходнім кірунку знаходзяцца старыя каталіцкія могілкі, дзе захавалася шмат цікавых надмагілляў мясцовай шляхты.
На каталіцкіх могілках, Талачын. Фота: wikimedia.org
На талачынскіх каталіцкіх могілках можна пабачыць магілу Вітольда Савіч-Корсака, удзельніка паўстання 1863 года, які паведамляў інсургентм пра месца размяшчэння сялянскіх вартаў. Тут жа спачывае і Вінцэнт Газдзіцкі — польскамоўны паэт, што меў сядзібу у Азярцы за некалькі кіламетраў ад Талачына. У Вільні ў друкарні Юзафа Завадзкага ў 1849 годзе была выдадзена ягоная кніга «Bukiet serc ludzkich», якая карысталася папулярнасцю сярод шляхты.
Магіла і кніга Вінцэнта Газдзіцкага. Фота: wikimedia.org
9. Пакаштаваць ласункі аднога з найстарэшых прадпрыемстваў Беларусі
У 1906 годзе Язэп Газдзіцкі і Аўгусціна Зэмбінская заснавалі ў Талачыне вінакурню. Прадпрыемства дзейнічае дагэтуль як Талачынскі кансервавы завод.
Вядома, што першапачаткова на прадпрыемстве працавала 6 мужчын і адна паравая машына, броварная вытворчасць дзейнічала 167 дзён на год. Да 1935 года кансервавы завод ужо вырабляў сочыва, джэмы, сокі, пюрэ ды сіропы. Пасля ІІ сусветнай вайны завод з вінаробчага стаў кансервавым.
З сённяшняй прадукцыі завода месцічы раяць пакаштаваць натуральныя сокі ды нектары.
Талачынскі кансервавы завод. Фота: people.onliner.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org