Ужо не першы год у слаўным Белаазёрску ладзіцца цудоўнае свята паэзіі з нагоды народзінаў іх слыннай зямлячкі Ніны Язэпаўны Мацяш. Гэта незвычайнае “Бабіна лета” (з лёгкага слова паэтэсы) прыцягвае да сябе не толькі землякоў, але і “радню па духу” з многіх куткоў Беларусі.
З Мінска прыехалі Міхась Скобла, Вера Буланда, Анатоль Вярцінскі, з Бярозы далучылася да іх паэтэса Валянціна Восіпава. Спачатку адбыліся сустрэчы з вучнямі гімназіі Белаазёрска, СШ №1, №3, а потым ужо гасцей сустракала вялікая канцэртная зала Дзяржаўнага політэхнічнага каледжа электратэхнікі.
Шмат чыталася вершаў Ніны Мацяш, ёй прысвячэнняў. І, канешне, была сканцэнтравана ўвага на тым, як Ніна Мацяш даражыла часам, кожнай хвілінкай. І незаўважна паэты вучням сваімі вершамі давалі парады, адштурхоўваючыся ад слоў іх зямлячкі “А мы жывём, адно пакуль зямнуем”. Як не пагадзіцца і са слушнай думкай А. Вярцінскага: “Бываюць дні без шчасця, бясчэсця сумныя гады – то паласа бясчасся”. Або: “Грошы дарагія, жыццё даражэй, а час яшчэ даражэй”.
Анатоль Вярцінскі
Каб чалавек жыў працай рук сваіх, думак і планаў самых лепшых, любіў і шанаваў сваю родную мову, культуру, не станавіўся манкуртам, падкрэсліла ў сваім выступе В. Восіпава:
Час жа іншых прыгод,
Не да сардэчных пакут,
Дае век круты паварот,
І ў ім чалавек – як манкурт!
Вытупае Валянціна Восіпава
Міхась Скобла прыгадаў: “Паслушнік Алег Бембель у Жыровіцкім манастыры – стваральнік вершаў-маленняў, каталізатар беларушчыны звяртаецца да нас такімі радкамі:
Зямную сцяжыну завершы
Раскаяным сэрцам найперш.
Маленні вышэй за вершы.
Хай стане маленнем верш”
Выступае Міхась Скобла
Трэба вучыцца жыць справядліва, з любоўю да людзей, – пераконвала слухачоў Вера Буланда. – Часам трэба даражыць, не марнаваць упустую і радавацца жыццю:
Ад хмаркі птушка адплыла за небасхіл
І кропачкай ледзь бачнаю прапала –
Ні голасу, ні трапятлівых крыл,
І толькі сэрцу раптам скрушна стала.
Вось так і мы нячуйна адплывём
У свет халодны і адчайна дзікі,
Чаму ж не ў радасць дзень, якім жывём,
Пакуль не знік ад нас увачавідкі?
Вера Буланда
Насамрэч, час чалавека вызначаецца яго зямным існаваннем: “А мы жывём, адно пакуль зямнуем”.
Міхась Скобла загадаў вучням загадкі, правёў цікавую віктарыну на веданне рэк, спасылаючыся на свой верш, у якім “Нёман упадае ў неба”.
Пераможцы віктарыны ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” атрымалі ў падарунак торбачкі, майкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”.