У чацвер, 23 лютага, у слонімскай гімназіі №1 у межых кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла імпрэза, прымеркаваная да Дня роднай мовы.
У пачатку мерапрыемства перад навучэнцамі выступіла паэтка Даша Бялькевіч, выпускніца гэтай установы. Яна пранікнёна прачытала такія свае вершы, як “Дзеці”, “Холад”, “LG”. У радках яе вершаў адчуваўся моцны стрыжань сапраўднай жаночай лірыкі:
Наступнай была чарга выступаць паэта Віталя Рыжкова. Ён прачытаў свае вершы, а таксама пераклады замежных аўтараў, сярод якіх выдзяляўся пераклад на верш вядомага ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана. Таксама Віталь расказаў пра мэту вандровак у межах грамадзкай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”:
— Гэта год 500-годдзя выдання Францішкам Скарынам першай беларускай кнігі, “Бібліі”. Насамрэч на тыя часы гэта было вялікае і прагрэсіўнае вынаходніцтва, гэта як цяпер на Беларусі зрабілі б новую мадэль смартфона.
Наступным выступіў старшыня беларускага ПЭН-цэнтру паэт Андрэй Хадановіч. Ён узрушыў публіку вершамі “Беларускі мужчына”, “Чаму агуркі калючыя”. На тварах і дзяцей, і дарослых былі шчырая ўсмешкі. Асабліва гледачам спадабалася, калі паэт як сапраўдны МС зачытаў свой калядны рэп.
Апошнім выступіў вядомы на Беларусі і за яе межамі музыка Яўген Барышнікаў, які таксама як і Даша Бялькевіч, нарадзіўся ў Слоніме. Яўген па-майстэрску заспяваў песні “Дзяды”, “Балтыка”, “Змей”. Асабліва ў Слоніме слухалася песня “Мая Шчара”, дзе творца аддаў павагу як родным мясцінам, у якіх “Літва паўставала”, так і паказаў, што ў кожнага чалавека павінна быць ў душы свой выток, якім у яго самога ёсць Шчара.
Пасля заканчэння імпрэзы некаторыя дзеці і настаўнікі падыходзілі да творцаў і дзякавалі ім за выступ, за іх любоў да роднай мовы і за тое, што яны ёсць яе надзейнымі абаронцамі, якія не дадуць ёй згаснуць.
паводле gs.by