Абрад “Калядныя цары” вёскі Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці

03.01.2012 Культура

Даследаванні апошніх гадоў дазволі  праліць  святло  на  паходжанне абраду  і яго  сувязь з  традыцыйным  лялечным тэатрам “Батлейка”
Абрад “Калядныя  цары” з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Семежава Капыльскага раёна  Мінскай вобласці. Ён праводзіцца толькі адзін раз у год, 13 студзеня, на Шчодры вечар.

У сваім аўтэнтычным  выглядзе  абрад  існаваў у Семежава да канца 60-х гадоў ХХ ст.  Пасля 40-гадовага перапынку  быў адроджаны ў канцы 1990-х гадоў па ініцыятыве мясцовых жыхароў. Яго адраджэнню ў немалой ступені садзейнічала экспедыцыйная пошукавая праца беларускіх этнографаў і здымкі ў 1997 годзе відэафільма “Калядныя цары” (аўтар сцэнарыя Таццяна Кухаронак, рэжысёр Ірына Волах) з цыкла  “Беларускі народны каляндар”.

У кастрычніку 2009 г.  абрад «Калядныя цары» рашэннем Міжурадавага камітэта  ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны  быў  уключаны ў Спіс  нематэрыяльнай  культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова.  Інтарэс да яго рэзка ўзрос  як  у Беларусі, так і за яе межамі. Прадстаўнікі шматлікіх сродкаў масавай інфармацыі,  айчынных і замежных,   у  сваіх рэпартажах сталі  прапаноўваць папулярную версію  аб  паходжанні семежаўскага абраду, якая была запісана  са  слоў  мясцовага інфарматара,  былога настаўніка  гісторыі  Аляшкевіча Мікалая  Лаўрэнцьевіча (1924 г.н.). і  прагучала  ва  ўзгаданым фільме. Змест яе зводзіўся да наступнага: у  ХVІІІ ст. ў вёсцы Семежава стаяў атрад рускай арміі, салдаты і афіцэры якой у час Калядаў хадзілі ў сваёй звычайнай вайсковай форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, пасля чаго атрымлівалі ад семежаўцаў традыцыйныя падарункі. Затым, калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі вайсковую форму. Гэтыя персанажы і былі празваныя ў народзе “царамі”. Да цароў далучыліся даўнія мясцовыя маскі-персанажы: “Дзед” і “Баба”, якія, акрамя таго, сустракаліся тут  падчас цэрэмоніі традыцыйнага вяселля.

Пазнейшыя  спробы  даследчыкаў  запісаць яшчэ ад каго-небудзь з мясцовых жыхароў гэту легенду  не далі станоўчых вынікаў, г. зн. яна не мела шырокага распаўсюджання і не з’яўляецца дастаткова аўтарытэтнай крыніцай.

Даследаванні архіўных і друкаваных крыніц  дазволілі праліць святло на некаторыя аспекты станаўлення і развіцця абраду “Калядныя цары” і яго гістарычныя карані.

Першае, што кідаецца ў вочы, – гэта  відавочнае  падабенства традыцыйнай для  Беларусі народнай драмы  “Цар Максіміліан”, якую звычайна паказвалі на Калядныя святы скамарохі і батлеечнікі, з  п’есай што   разыгрываюць  семежаўскія “Цары” падчас каляднага абыходу вёскі. Вось некалькі  прыкладаў:

З выступлення “семежаўскіх цароў”: “Рыцар мой, стань перада мной, як ліст перад травой.  Хто не весела гаворыць, хто не весела бяжыць, па калена ў зямлю ваб’ю, па вушы ў гразь укалачу”; з народнай драмы “Цар Максімільян” у выкананні батлейкі: “Рыцар мой, явісь перада мной, как відзіш востры меч перад сабой!  Хто скора не бяжыць, громка не гаворыць – заб’ю, замалачу, па пояс у гразь закалачу”.  З выступлення “семежаўскіх цароў”:  “Здрасце, вам! Я прыбыл к вам, за каго вы мяне пачытаеце? За караля нямецкага, ці султана турэцкага?. Я не ёсць кароль нямецкі і не султан турэцкі. Я ёсць грозны Цар Максімільян: сонцу брат, луне сват, усяму свету бліскучая галава”; з народнай драмы “Цар Максімільян” у выкананні батлейкі: “Я – не імператар французскі і не кароль прускі! Я – грозны цар сусветны Максімільян!”.  З выступлення “семежаўскіх цароў”:  “Вы маеце уласць, я яўляюсь перад Вамі”;  з народнай драмы “Цар Максімільян” у выкананні батлейкі: “Вы маеце ўласць – я  яўляюсь перад Вамі”.

Як  адзначаюць многія тэатразнаўцы,   у  беларускай батлейцы,  як і ў драме, што  паказваюць “Цары”,  доктару-шарлатану  належыць  не апошняе месца . Доктар – венгерац альбо немец па нацыянальнасці (што ў большасці выпадкаў адпавядала сапраўднасці, хоць часта народ пераносіў гэту назву на ўсіх нетутэйшых, вандроўных лекараў) “лечыць” пабітага жаўнера.  Дакладней, дае парады”: З выступлення “семежаўскіх цароў:  “Ты лекар? — Я лекар, гамбурскі аптэкар. — Ты можаш лячыць? — Магу. — А як ты лечыш? — Я лячу як сам хачу: скулячкі выразаю, балячкі ўстаўляю, мёртвых ўваскрасаю, жывых у зямлю пхаю. А што ў цябе баліць? — Галава. — Абрыць дагала, намазаць рэдзькай, будзе як барабан турэцкі”;  з народнай драмы “Цар Максімільян” у выкананні батлейкі: “Ты лекар? — Я лекар.– Як ты лечыш? — Я так лячу, як сам хачу: малыя раны выразаю, а бальшыя ўстаўляю і цераз час на той свет адпраўляю. Да мяне прывозяць на нагах, а я адпраўляю на драўнях”.

Фінал выступлення “цароў” і народнай драмы “Цар Мамай” таксама маюць шмат падабенстваў:  З выступлення “семежаўскіх цароў”:  “Вы, рабята, здесь? – Здесь. — Агонь у крэмнях ёсць? — Ёсць! — Што там відаць? — Дом. — Чый дом? — Гаспадароў! – Рады яны нам? – Рады! – Як рады? – Як добрым сябрам!”; з народнай драмы “Цар Максімільян” у выкананні батлейкі:  “Вы, рэбята, здзесь? – Здзесь. – Агні ў крэмнях ёсць? – Ёсць…–Што відзіш? – Хазяіна. — Хазяін нам рад? — Рад, як чарцям. – Як , як? – Як мілым друзьям”. Прыклады можна працягваць.

Як сведчаць пісьмовыя крыніцы і даследаванні тэатразнаўцаў, семежаўскія “цары” з’явіліся задоўга   да   “атрада рускай арміі”.  Вёска Семежава   ляжыць  ў геаграфічным  арэале  найбольшага распаўсюджання народнай драмы “Цар Максімільян”  і  лялечнага тэатра “батлейка”.  Для гэтай  вёскі, якая ў XVII–XVIII ст.ст.  належала   роду Радзівілаў і была мястэчкам (у пісьмовых крыніцах узгадваецца з 1582 г.),  было ўласціва правядзенне некалькіх кірмашоў у год.  У   падатковым рэестры г. Слуцка за 1648 г.  сярод прафесій,  што існавалі ў мястэчку Семежава ў той перыяд,  узгадваюцца  скамарохі, дудары і  штукары (жанглёры). У ХIХ ст. тут, як сведчаць пісьмовыя крыніцы, дзейнічала школа “вяроўчаных скакуноў (канатаходцаў) і штукароў (жанглёраў)”.

Адной з найбольш папулярных сцэн тэатра скамарохаў, якую часцей за ўсё паказвалі на кірмашах на Каляды, была сцэна пра мужыка Мацея і доктара (у змененым выглядзе яна ўвайшла  і ў рэпертуар батлеечнікаў). А да канца ХVIII ст., асабліва пасля  далучэння беларускіх зямель  ла Расійскай імперыі, батлейка амаль цалкам канчаткова пераходзіць спачатку ў рукі местачковага насельніцтва – рамеснікаў, а пазней і сялян.

Сюжэт прадстаўлення “цароў” пабудаваны на паядынку. Гэта таксама сведчанне  агульнасці  батлейкі і семежаўскага народнага тэатра, бо сцэны паядынкаў былі характэрны  для батлейкі самых  разнастайных варыянтаў і народнай драмы.

Безумоўна, вялікую ролю ў фарміраванні семежаўскіх “цароў” адыграла непасрэдна народная драма “Цар Максімільян”, у першую чаргу інтэрмедыйная яе частка з паядынкамі, забойствамі, лячэннем і г.д.           Драма  “Цар Максімільян” была шырока  вядома сярод салдат, а пазней і ў местачковым асяроддзі, асабліва  ў другой палове ХIХ – пач. ХХ ст.  Найбольш верагоднымі яе распаўсюджвальнікамі былі адбыўшыя тэрмін службы салдаты, а таксама адыходнікі, якія ў пошуках заробку часта вымушаны былі пакідаць родныя мясціны, працуючы зімой на цукраварнях, гутах, лесапільнях і іншых промыслах. Агульнай кропкай з’яўляецца прымеркаванасць абрадавага выступлення да Калядаў, калі батлеечнікамі і жывымі акцёрамі паказваліся абедзьве драмы (Цар Максімільян і Цар Ірад).

Найбольш пытанняў выклікае песня, якую спяваюць “семежаўскія цары”, ідучы строем па вуліцы, пры гэтым гучыць толькі адзін-два куплеты, а ўсю песню наўрад хто з выканаўцаў і ведае. Сапраўды, гэта руская народная плясавая песня “ Посею лебеду на берегу”.  Хутчэй за ўсё, выканаўцаў абрада прыцягнула яе рытмічнасць, музыка, пад якую лёгка ісці строем, маршыраваць па вуліцы. Не выключана таксама, што менавіта гэта песня і засталася як след ад прысутнасці калісь у Семежава рускай арміі. Аднак, як сведчаць даследчыкі  тэтра  “батлейкі”,  на Беларусі  вельмі часта ў батлеечных  паказах  спяваліся  песні самага рознага паходжання: ад народных беларускіх, рускіх,  польскіх да непрыстойнай песні якога-небудзь улана.

Кожны фальклорны твор – з’ява шматгранная і шматварыятыўная, таму нельга адназначна гаварыць, што семежаўскія “цары” ўзніклі толькі дзякуючы прысутнасці там  атрада расійскай арміі.  .

Не выключана таксама, што  на іх з’яўленне ў канцы XVIII cт у Семежава аказаў  уплыў радзівілаўскі тэатр, які  нараджаецца ў гэты перыяд.  Гэта цалкам верагодна, улічваючы, што Семежава належала Радзівілам і частка яго жыхароў працавала пры іх двары. Менавіта гэты факт  мог садзейнічаць трансфармацыі батлеечных перфомансаў у жывы тэатр. Гэтаму спрыяў, безумоўна, і характар вясковага жытла. Для Семежава характэрны так званыя “пагонныя двары” – тып вясковай архітэктуры, калі ўсе пабудовы на сядзібе  размяшчаліся ў адну лінію і злучаліся між сабой вялікімі сенямі. Менавіта ў такіх сенях магла бесперашкодна разгортвацца тэатральная дзея. Да таго ж,  акрамя гаспадароў, яны ўмяшчалі ў сябе і шмат гледачоў. Такім чынам, характар гэтай своеасаблівай лакальнай каляднай гульні вызначыла актыўнае ўзаемадзеянне розных фальклорных жанраў, кніжнай і вуснай традыцыі, перапляценне рысаў “нізавой” (народнай) і арыстакратычнай  культур.    Ніводзін  народ не можа існаваць і развівацца ізалявана ад сваіх суседзяў, але іншаэтнічныя запазычанні своеасабліва пераўтвараюцца і асвойваюцца любым этнасам. Галоўнае, што сёння “Калядныя цары” усведамляюцца семежаўцамі на ўзроўні лакальнай ідэнтыфікацыі як яркая ўласцівая толькі іх мясцовасці адметнасць каляндарна-абрадавай культуры.

Таццяна Кухаронак,
Ала Сташкевіч.

фота – Таццяна Мармыш, Нарыто Кунісуэ