Фасад сядзібы ў Дзікушках Лідскага раёна шмат гадоў літаральна вісеў у паветры. Сёння раніцай турысты наведалі сядзібу, але засталі яе ўжо ў разбураным стане. Паводле іх слоў, паркавы фасад абрынуўся літаральна за гадзіну да іхняга прыезду, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал «Спадчына».
Паркавы фасад сядзібы ў Дзікушках да і пасля разбурэння. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Дзікушкі першапачаткова былі вялікакняскім уладаннем, якім пасля валодалі Храптовічы, Тышкевічы, Вішнявецкія, Нарушэвічы, Хадкевічы. У канцы XVIII стагоддзя Дзікушкі набылі Грабоўскія, якія пабудавалі ў вёсцы Спаса-Праабражэнскую царкву ў стылі класіцызму.
Паркавы фасад сядзібы ў Дзікушках да разбурэння. Левы бок сцяны вісеў проста ў паветры. Фота: vandrvm / Instagram
Нягледзячы на тое, што сядзіба ў Дзікушках паўсюль называецца сядзібай Грабоўскіх, мураваны панскі дом, які дайшоў да нашага часу, насамрэч пабудавалі Мінейкі, якія валодалі вёскай у міжваенны час. Блытаніну, відаць, стварыў знешні выгляд сядзібы, які нагадвае класіцыстычныя сядзібы XIX стагоддзя.
Разбурэнне калон паркавага порціка. Фота: vandrvm / Instagram
Калісьці гэта была аднапавярховая сядзіба з мезанінам і цокальным паверхам, на якім размяшчалася кухня і службы. Парадны ўваход быў вылучаны порцікам на чатырох іанічных калонах, а паркавы фасад упрыгожваў паўкруглы порцік на шасці дарычных калонах, якія неслі на сабе вялікі балкон, куды можна было выйсці з мезаніна.
У пасляваенны час сядзібны дом займала кантора саўгаса, затым — клуб. У 1970-я гады будынак быў закінуты і стаў імкліва разбурацца. Да нашага часу захаваліся толькі руіны сцен сядзібы і два яе порцікі. Адзін з прасценкаў сцяны за паркавым порцікам даўно разбурыўся і фасад шмат гадоў літаральна вісеў у паветры, страціла ніжнюю частку і адна з калон порціка.
Паркавы фасад сядзібы ў Дзікушках пасля разбурэння. Фота: сторыс з інстаграма
Нягледзячы на небяспечную аварыйнасць, жывапісныя руіны прыцягвалі турыстаў з усёй краіны. Атмасфернасці дадавала і вялікая буслянка, якую птушкі змайстравалі на вяршыні франтона.
Сёння сцяна на вытрымала і абвалілася, разбурыўшы таксама большую частку калоннага порціка.
Паркавы фасад сядзібы ў Дзікушках да і пасля разбурэння. Фота: сторыс з інстаграма
Як звяртаюць увагу актывісты, у 2022 годзе яны, пасля таго, як абвалілася частка касцёла ў Зембіне, звярталіся ў Лідскі райвыканкам з прапановай правесці простыя кансервацыйныя работы на сядзібе ў Дзікушках: закласці цэглай праёмы і страчаны прасценак, каб зберагчы помнік архітэктуры ад разбурэння, такога, якое адбылося сёння.
Актывісты атрымалі вельмі дзіўны адказ, падпісаны намеснікам старшыні Андрэем Каўрыгам, у якім сцвярджалася, што прапанаваны варыянт кансервацыі фасада не мае права на існаванне, бо «можа нанесці яшчэ большы ўрон культурнай каштоўнасці».
Абяцанае ў адказе наданне сядзібе Мінейкаў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці таксама не было выканана дагэтуль.