На канцэрце гурта Coldplay у Бостане камера выпадкова зняла гендырэктара IT-кампаніі Astronomer разам з яго падначаленай-каханкай. Відэа прыцягнула ўвагу грамадскасці і выклікала сапраўдны ажыятаж у сацсетках. З гэтай нагоды Лявон Вольскі разважае пра тое, чаго насамрэч вартыя традыцыйныя каштоўнасьці «рускага свету», а таксама пра падзел на Заходні свет і «рускі свет», які працягвае існаваць яшчэ з часоў Савецкага Саюзу.
Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва
«Два міра — два Шапіра», — жартавалі ў Савецкім Саюзе. Маўляў, у Саюзе і на Захадзе жывуць, мякка кажучы, па-рознаму. СССР даўно няма, але падзел застаўся. Падзел сьветаў.
У адзін сьвет уваходзіць «Дзікі Захад» — дзе геі з наркаманамі ў абдымку ходзяць па вуліцах, дзе ўзаконеныя прастытуцыя і наркаманія, дзе аднаполыя шлюбы — звычайная справа, дзе ўсё робіцца толькі і выключна за грошы, і няма мейсца сяброўству і шчырым пачуцьцям. Дзе ўсьмешкі нацягнутыя, ненатуральныя, а ежа — нібыта з плясмасы.
Другі сьвет — гэта Расея і постсавецкія краіны, якія дагэтуль знаходзяцца пад ейным уплывам. Раней ў гэты «другі сьвет» уваходзілі ўсе «савецкія рэспублікі», але цяпер большасьць зь іх выбрала сабе іншыя вэктары разьвіцьця — адныя бліжэй да Эўропы, іншыя — да Турцыі, астатнія — да Кітаю, вось і засталіся ў гэтым другім (чытайце — рускім) сьвеце адно сама Расея ды РБ. Я не кажу тут пра зьезды незразумелых наддзяржаўных утварэньняў, дзе зьлятаюцца лідэры Таджыкістану, Узбэкістану й Казахстану і дзе таксама сьвецяцца Рбшны і расейскі правадыры, не.
Я кажу пра тое, што вось проста цяпер ідзе вайна. І ў гэтай вайне агрэсару рэальна дапамагае толькі РБ. Вырабляюць дэталі для зброі, праводзяць супольныя манэўры, падтрымліваюць агрэсіўнай рыторыкай прапагандыстаў.
За фотаздымак расейскай вайсковай тэхнікі, якую гоняць праз РБ (таксама, дарэчы, наўпроставая падтрымка, лічы — саўдзел — даваць у карыстаньне чыгунку і дарогі), можна атрымаць некалькі гадоў турмы. Як і за антываенныя выказваньні. Дзе такое можа быць? Толькі ў дзяржаве-суагрэсары, краіне, якая сама ўдзельнічае ў вайне.
І вось мы прыходзім да высновы. Адзін сьвет — гэта «Дзікі Захад» (Амэрыка, Эўропа, Аўстралія, Японія і ўсё-усё-усё, што знаходзіцца ў сфэры заходняга ўплыву). А другі сьвет (ён жа — рускі) — гэта Расея і РБ.
Калі верыць прапагандыстам, у гэтым «рускім сьвеце» перамаглі «традыцыйныя каштоўнасьці» — дом, сям’я, патрыятызм, любоў да радзімы, белая бярозанька, хата бацькоў — ну, вы зразумелі. І за гэтыя «скрэпы» (ня ведаю, што гэта дакладна, але ўсе карыстаюцца гэтым словам, ужыву яго й я) прагнілы Захад нас ненавідзіць і толькі й мроіць, каб зьнішчыць, раздушыць, спаліць і попел разьвеяць па ветры. Так сьцьвярджаюць прапагандысты «рускага сьвету» — што ў РБ, што ў Расеі.
Закаханая пара патрапіла ў аб’ектыў камэры на канцэрце гурта Coldplay. Высьветлілася, што і жанчына, і мужчына былі каханкамі, маючы сем’і і дзяцей, і гэтая іхная сувязь — службовы раман, і гэты мужчына займаў высокую пасаду, а муж тае жанчыны таксама быў пасьпяховым бізнэсоўцам, дый сама яна імкліва прасоўвалася па службовай лесьвіцы, карацей, усё б добра, каб ня вырашылі ні з пушчы ні з поля паперціся на гэты Coldplay. І цяпер — усё жыцьцё ў руінах.
Скрыншот з відэа
Прэса ўзьвінціла накал скандалу да немагчымых межаў, мужчыну звольнілі зь ягонае высокае пасады, жанчына выдаліла ўсе сацыяльныя сеткі і таксама, хутчэй за ўсё, звольнілася, і немагчыма выйсьці на вуліцу — усе будуць тыцкаць пальцамі і шыпець: «Глядзіце, гэта тая самая, якая...»
Ці то — памятаеце? — скандал з кінапрадусарам Харві Вайнштэйнам, якога ўрэшце пасадзілі аж на 23 гады за дамагальніцтвы, якія мелі мейсца калісьці даўно, а цяпер усё, нібыта, ускрылася. Зрэшты, суды дагэтуль працягваюцца, Вайнштэйн не прызнаў сябе вінаватым, і невядома, чым усё гэта скончыцца.
Ці то ўжо зусім даўні скандал з прэзыдэнтам Клінтанам, якога «звольнілі» з прэзыдэнцтва за кепскія, амаральныя, паводзіны — за «інтрыжку» з супрацоўніцай Белага дому...
Усё гэта адбывалася і адбываецца ў амаральным і разбэшчаным сьвеце дзікага Захаду...
У рускім сьвеце нічога такога няма.
У "рускім сьвеце" ў нязьменнага народнага лідэра, які знаходзіцца ў шлюбе з жанчынай, якую ўжо шмат гадоў ніхто ня бачыў, зьяўляецца сын (якога правадыр бачыць сваім спадкаемцам), хутчэй за ўсё, ад супрацоўніцы адміністрацыі (як у Клінтана!), але гэта ня пэўна, і пра гэта ніхто не пытаецца. Проста ўзялі да ўвагі — вось сын правадыра, наш будучы новы лідэр, пачакаем, пакуль ён падгадуецца.
Тым часам правадыр атачае сябе новымі і новымі фаварыткамі — з адной танчыць на балі, з другой сядзіць побач на ўрадавым шоў, ні ў каго не ўзьнікае ніякіх пытаньняў — хто гэтыя жанчыны, чаму яны знаходзяцца побач з кіраўніком? Адкуль яны зьяўляюцца, можа быць, ёсьць нейкая кантора, якая займаецца пастаўкамі ў палац юных дзяўчатак? Не, гэта недатыкальныя тэмы. Раз так ёсьць, значыцца, так і трэба. Імпічмэнт? Вы што, звар’яцелі?
Другі, суседні, народны лідар, правадыр цэлае імпэрыі, таксама паводзіцца так, як належыць «царственнай» асобе — ні ў чым сабе не адмаўляе. А навошта? Народ ні пра што не пытаецца, адно захоплена падкідае шапкі ўгару. Адзін вунь пытаўся — і дзе ён цяпер?
Усьлед за правадырамі й іншыя намэнклятурныя босы паводзяцца такім самым чынам. А чаго? Так прынята ў гэтым сьвеце.
І гэта — той самы — сапраўдны сьвет, дзе дамінуюць традыцыйныя каштоўнасьці, дом і сям’я, сяброўства і шчырыя пачуцьці. Сумленьне і адказнасьць. Скрэпы...
У гэтым іхным рускім, славянскім, сапраўдным, справядлівым — хай яны яго называюць як хочуць — сьвеце чорнае прынята называць белым, гарачае — халодным, а тупое — вострым.
Татальнае крывадушша і мана — вось яны — традыцыйныя каштоўнасьці, запаветы, якія нам перадалі продкі... І гэтыя, як іх там? Скрэпы!
Лявон Вольскі, Budzma.org