У Бабруйску абвалілася сцяна паўночнай сакрыстыі былога езуіцкага касцёла — найстарэйшага захаванага будынка горада, паведамляе тэлеграм-канал «Спадчына».

Як вынікае са здымкаў, абвал аўтэнтычнага мура адбыўся яшчэ ў красавіку, аднак з-за поўнай закінутасці аб’екта на гэта звярнулі ўвагу толькі цяпер. Помнік архітэктуры, які афіцыйна ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, пустуе з пачатку нулявых, а пасля моцных пажараў 2011 і 2012 гадоў яго фізічная дэградацыя набыла незваротны характар.

Так выглядаў езуіцкі касцёл у Бабруйску. Крыніца выявы: Слюнькова И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Масква, 2002
Мураваная трохнефная базіліка ў стылі барока была ўзведзена ў 1745–1747 гадах паводле праекта знакамітага віленскага архітэктара Тамаша Жаброўскага. Першапачаткова комплекс уключаў калегіум, бібліятэку і тэатр, аднак ужо ў першай палове XIX стагоддзя пры будаўніцтве Бабруйскай крэпасці расійскія ўлады карэнным чынам перабудавалі храм пад цэйхгаўз, знішчыўшы фігурны франтон і дзве вежы на галоўным фасадзе. У савецкі час гістарычны аб’ём выкарыстоўваўся як ваенная турма (гаўптвахта).

Іезуіцкі касцёл у 2023 годзе. Фота: @andrey_molvin/Instagram