Чым Бабруйск лепшы за брытанскі Саўтгэмптан, адкуль некалі адплыў «Тытанік»?

Бабруйчанцы Лане Яраш 50 гадоў. З іх 20 яна жыве ў Вялікай Брытаніі, апошнія 7 гадоў — у Саўтгэмптане, параўнальным па колькасці насельніцтва з Бабруйскам, у якім жанчына апошні раз была да пачатку пандэміі каронавірусу, у 2019 годзе. 1387.io папрасілі Лану распавесці пра свой цяперашні горад і паразважаць, у чым Бабруйск мусіць браць прыклад, а ў чым, магчыма, уступае Саўтгэмптан. Ці атрымалася знайсці перавагі Бабруйска?


Lana Jaraš
Лана Яраш. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Горад, з якога адплываў «Тытанік»

Сёлета напрыканцы года будзе 20 гадоў, як Лана не жыве ў Бабруйску. З’язджала жанчына па ўласным жаданні. Да ад’езду працавала ў бабруйскім тубдыспансеры, потым некаторы час загадчыцай складу ў адной з сеткавых крамаў. А потым паехала ў Вялікую Брытанію. Там спачатку некалькі гадоў вучыла мову ў каледжах. Пасля скончыла падрыхтоўчы курс для паступлення ва ўніверсітэт, паступіла на біямедычныя навукі, скончыла і цяпер працуе ў шпіталі ў лабараторыі гісталогіі.

У родны Бабруйск жанчына спачатку ездзіла рэдка, з 2016 па 2019 гады — часцей.

«Я была ў Бабруйску ў 2008 годзе, а потым прыехала толькі ў 2016-м, калі памёр мой тата. І потым штогод ездзіла на гадавіну ягонай смерці ў лютым. У 2019 годзе я тройчы за год прыязджала ў Беларусь, а пасля 2020 года не магу нават да хворай мамы прыехаць», — распавядае наша суразмоўца.

У Брытаніі Лана спачатку жыла ў самым вялікім горадзе Шатландыі — Глазга. Апошнія 7 гадоў — у Саўтгэмптане. Горад вядомы тым, што менавіта адсюль 10 красавіка 1912 года адправіўся ў свой першы і апошні рэйс «Тытанік».

Kruizny lajnier
Круізны лайнер у порце Саўцтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Port Saŭthemptanu
Порт Саўтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

За 20 гадоў Лана шмат павандравала па Вялікай Брытаніі, не была пакуль толькі ў Уэльсе і Паўночнай Ірландыі. Брытанскія гарады ні ў якое параўнанне не ідуць з Бабруйскам ды іншымі беларускімі гарадамі, кажа былая бабруйчанка. Адзінае, у чым да нашага гораду падобны Саўтгэмптан — колькасцю насельніцтва, зазначае жанчына (па стане на 2016 год там пражывалі каля 270 тысяч чалавек, у Бабруйску па стане на 2024 год — крыху больш за 207 тысяч).

«Бабруйск — не маленькі горад»

Калі Лана прыехала ў Вялікую Брытанію, найбольш яе ўразіла, што ва ўсіх гарадах, у тым ліку, у самых маленькіх, правінцыйных — цудоўная інфраструктура:

«Сеткавыя крамы і маленькія прыватныя, абавязкова вялікі гандлёвы цэнтр, пошта, усе неабходныя сэрвісы: хімчыстка, рамонты. І так у любым горадзе. Гэта мяне ўразіла, бо памятаю, што нават у 2019 годзе, калі я была апошні раз у Бабруйску, там нават з вопраткай была праблема — трэба было ехаць у Менск».

Vializny fudkort u Saŭthemptanie
Вялізны фудкорт у Саўтгэмптане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Саўтгэмптан — партовы горад, тут знаходзіцца адзін з самых вялікіх партоў Брытаніі, у якім працуе значная частка гараджанаў. Лана параўноўвае яго з бабруйскай «Белшынай» — таксама горадаўтваральным прадпрыемствам. Аднак у Саўтгэмптане цяпер існуюць планы пераносу індустрыяльнай часткі ў іншае месца, на другі бок заліву, а на былым хочуць стварыць пляцоўку для круізных лайнераў, пабудаваць гатэлі, забаўляльныя цэнтры, каб прыцягваць яшчэ больш турыстаў з усяго свету.

У Саўтгэмптане два ўніверсітэты, куды прыязджаюць вучыцца студэнты з усяго свету (у Бабруйску няма ніводнай ВНУ).

«Таму мне балюча глядзець, якім можа быць горад, і які наш Бабруйск. Мы прызвычаіліся лічыць, што Бабруйск — маленькі горад, і таму ў нас так — нечага няма, не хапае ў параўнанні са сталіцай. Але гэта не так! Бабруйск — даволі вялікі горад. А нават калі горад і маленькі, тысяч на 50 насельніцтва, у Брытаніі ён нічым не адрозніваюцца ад вялікага, тут няма такой розніцы паміж сталіцай і рэгіёнамі, як у Беларусі».

«Не разумею сэнсу газону, калі на ім стаіць шыльда «не хадзіць»

Саўтгэмптан, як і іншыя брытанскія гарады, імкліва развіваецца, зазначае былая бабруйчанка:

«Калі я прыехала ў Саўтгэмптан упершыню ў 2005 годзе, ён падаўся мне крыху дэпрэсіўным. Цэнтр быў не надта задбаным. Але калі цяпер параўноўваць, як ён за гэты час змяніўся, а як Бабруйск, у мяне проста няма словаў. Бабруйск таксама змяняецца, але ў які бок? Калі я прыехала і ўбачыла, што выкапалі пасадкі ўздоўж вуліцы Менскай і пабудавалі там гандлёвыя цэнтры, я стаяла на сваім гаўбцы, які выходзіць як раз на габрэйскія могілкі, і плакала».

U histaryčnym centry Saŭhtemptana
У гістарычным цэнтры Саўгтэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Брытанскія гарады — вельмі зялёныя, кажа Лана. Не тое, што ў кожным горадзе, але ў кожным раёне маецца парк: шмат прыгожых, задбаных, дзе ёсць дзе пасядзець, пагуляць з дзецьмі, ёсць таксама зялёныя зоны больш падобныя да лесу.

У Саўтгэмптане шмат газонаў, і на іх можна сядзець, ляжаць, адпачываць і нават ладзіць пікнікі.

«Я не разумею, у чым сэнс газону, калі на ім стаіць шыльда з надпісам «не хадзіць», — кажа Лана. — Канешне, тут на газонах можна адпачываць, ляжаць, ладзіць пікнікі. Адзінае, калі справа датычыць адкрытага агню, барбекю, гэта можна рабіць толькі ў спецыяльна прызначаным месцы — такія зоны ёсць у парках, на пляжах. Калі будзеш смажыць шашлыкі ў не прызначаным месцы — цябе аштрафуюць. Але калі ты робіш пікнік на газоне проста з сандвічамі і віном ці сокам, ніхто табе нічога не скажа».

Горад, сяброўскі для дзяцей і жывёлаў

Брытанскія гарады — сяброўскія для ўсіх групаў насельніцтва, кажа былая бабруйчанка. У Саўтгэмптане вельмі камфортна як маладым мамам з немаўлятамі ў вазках, так і бацькам з больш старэйшымі дзецьмі — для іх ёсць шмат дзіцячых пляцовак.

«І яны вельмі якасныя і прыгожыя. У іх дызайне выкарыстоўваецца шмат натуральных матэрыялаў, дрэва, камянёў, спалучэнні колераў вельмі прыгожыя — усё гэта глядзіцца вельмі натуральна і прывабна, — распавядае Лана. — Мне падаецца, што і ў Бабруйску ўсе гэтыя матэрыялы можна знайсці і зрабіць прыгожыя сучасныя дзіцячыя пляцоўкі, дзе ёсць і пясок, і камяні, розныя тэкстуры і колеры — гэта ўсё можна зрабіць. І я думаю, што самі актыўныя бабруйцы маглі б гэта арганізаваць. Але праз тое, што цяпер зламаныя ўсе гарызантальныя сувязі, і любое аб’яднанне людзей караецца, думаю, яшчэ вельмі доўга не будзе ніякіх ініцыятываў знізу».

Dziciačaja pliacoŭka ŭ Saŭthemptanie
Дзіцячая пляцоўка ў Саўтгэмптане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Dziciačaja pliacoŭka ŭ Saŭthemptanie
Дзіцячая пляцоўка ў Саўтгэмптане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Акрамя дзіцячых пляцовак, у Саўтгэмптане амаль ва ўсіх кавярнях ёсць месца, дзе можна пераапрануць дзіця. Таксама ў горадзе шмат магчымасцяў для спорту, забаваў, месцаў, дзе можна бавіць час з дзецьмі, кажа Лана:

«Напрыклад, у парках стаяць тэнісныя корты — прыходзь са сваімі ракетамі і гуляй бясплатна. Тут агулам заўсёды шмат моладзі, дзяцей у горадзе».

Брытанскія гарады таксама сяброўскія да жывёлаў.

«З гадаванцамі ёсць дзе гуляць — шмат паркаў і проста невялікіх пляцовак з травой, дрэвамі. Паўсюль стаяць урны для сабачых экскрэментаў, папярэджанні, што за сваімі гадаванцамі трэба прыбіраць, — распавядае былая бабруйчанка. — А яшчэ тут увогуле няма панятку «бяздомная жывёла» — я за ўсё жыццё тут не бачыла ніводнага бадзяжнага ката ці сабакі».

Maryna ŭ centry Saŭthemptana
Марына ў цэнтры Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Maryna ŭ centry Saŭthemptana
Марына ў цэнтры Саўтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

«Няма ніводнай установы, куды б не мог заехаць чалавек на вазку»

Яшчэ 20 гадоў таму Лана была прыемна ўражаная інфраструктураў для людзей з інваліднасцю ў Вялікай Брытаніі.

«Я тады была шакаваная тым, як усё развіта, а потым перажыла яшчэ адзін шок, калі прыехала ў Бабруйск, і ўбачыла, што ў нас дагэтуль нічога з гэтага няма, — кажа жанчына. — Так, цяпер будуюць дамы па новых стандартах, але я ўсё роўна бачу, якія высокія пад’езды і пад’ёмы для вазкоў, па якіх вельмі цяжка заехаць».

У Вялікай Брытаніі, паводле Ланы, няма ніводнай установы, куды б не мог заехаць чалавек на вазку.

«Што ні ўзгадай — дзяржаўныя ўстановы, крамы, кавярні, медычныя ўстановы і т.п. — уся інфраструктура сяброўская для людзей з інваліднасцю. Паўсюль ёсць туалеты для вазочнікаў, а калі, напрыклад, туалет толькі адзін, ён абавязкова будзе абсталяваны пад патрэбы людзей на вазках. Пра транспарт і казаць няма чаго — у кожным аўтобусе на прыпынку выязджае прыступка, а калі ёсць праблемы, кіроўца заўсёды выйдзе і дапаможа вазочніку заехаць. У пярэдняй частцы салону аўтобуса ёсць месца для пасажыраў на вазках», — распавядае наша суразмоўца.

Шырокія вуліцы — перавага Бабруйска над брытанскімі гарадамі

Агулам брытанскі транспарт Лана называе ідэальным:

«Ён бывае розны: у Саўтгэмптане толькі аўтобусы, у іншых гарадах бываюць трамваі, у Глазга ёсць метро. У Саўтгэмптане таксама ёсць паром, на якім можна перабрацца на другі бок заліву. Я сама пераважна езджу на машыне, і магу сказаць, што тут вельмі ветлівыя кіроўцы, заўсёды прапусцяць, добра ставяцца да маладасведчаных кіроўцаў і да вучняў на дарогах, якія ездзяць на машынах з пазнакай «L» — learning».

У Саўтгэмптане, паводле Ланы, усё больш распаўсюджанымі становяцца электрамабілі, і для іх цяпер будуецца шмат заправак.

U histaryčnym centry Saŭthempatana
У гістарычным цэнтры Саўтгэмпатана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

U histaryčnym centry Saŭthempatana
У гістарычным цэнтры Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

U histaryčnym centry Saŭthempatana
У гістарычным цэнтры Саўтгэмптану. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Распавядаючы пра транспарт Вялікай Брытаніі, Лана прыгадвае, у чым Бабруйск мае перавагу — у шырыні сваіх вуліц.

«Ва ўсёй Брытаніі ў прынцыпе вельмі вузкія вуліцы, — адзначае жанчына. — У Лондане, напрыклад, часта бачна, як цяжка на іх раз’ехацца вялікім двухпавярховым аўтобусам. Таксама на такіх вуліцах няпроста раварыстам».

У Саўтгэмптане, паводле Ланы, не хапае роварных сцежак.

«Мы былі ў Берліне, і я ўбачыла, які там сяброўскі да раварыстаў горад, і як гэта адрозніваецца ад Саўтгэмптана. У нас бывае страшнавата ездзіць на ровары па вузкай праезджай часткі без адмысловай паласы. Так, роварных дарожак становіцца ўсё больш, але агулам — гэта дагэтуль праблема. А вось у Бабруйску — вялікія шырокія вуліцы, на якіх можна ехаць на ровары з боку (калі б было дазволена) і без праблем раз’ехацца з машынамі. Гэта перавага», — кажа жанчына.

U histaryčnym centry Saŭthempatana
У гістарычным цэнтры Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Histaryčnaja spadčyna Saŭthemptana
Гістарычная спадчына Саўтгэмптана. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Асобна Лана згадвае, як у Вялікай Брытаніі захоўваюць гістарычную спадчыну:

«Ніхто нічога не фарбуе жахлівым фарбамі і не пакрывае страшнай тынкоўкай. Будынкі з ХIV стагоддзя перажылі многіх і нас перажывуць, і яшчэ шмат стагоддзяў прастаяць».

Дамы-шэлтары для людзей у сталым узросце

Брытанскія гарады хутка развіваюцца і змяняюцца, аднак, каб нейкія змены адбыліся, спачатку вядзецца шырокае абмеркаванне з мясцовымі жыхарамі, распавядае Лана:

«Мы жывем на вуліцы з двухпавярховымі дамамі, у прыватным сектары. Цяпер тут хочуць пабудаваць сістэму для зарадкі электрамабіляў, і рыхтуюць праекты для абмеркавання з усімі мясцовымі жыхарамі».

Як прыклад удзелу людзей у добраўпарадкаванні гораду, а таксама клопату пра розныя групы насельніцтва, жанчына прыводзіць гісторыю рэнавацыі раёну, у якім знаходзяцца так званыя шэлтары для людзей, старэйшых за 65 гадоў. Гэта звычайныя кватэры, у якіх ёсць адмысловыя сродкі сувязі з дыспетчарам, які ў выпадку патрэбы хутка зрэагуе і накіруе дапамогу.

«У гэтых кватэрах ёсць трубка, якую можна зняць, націснуць на кнопку, на другім канцы адкажа дыспетчар, і яму можна распавесці, што здарылася. А яшчэ ёсць такая сістэма, калі ў кожны пакой, у ванную, на кухню праведзеныя адмысловыя вяроўкі. Калі за такую вяроўку тузануць, дыспетчар атрымлівае сігнал, і прыходзіць паглядзець, што здарылася. Гэта можа ўратаваць, калі чалавек упаў, у яго штосьці з сэрцам адбылося», — распавядае Лана.

«Прыемна, калі людзі ўдзельнічаюць у жыцці свайго горада і могуць яго змяняць»

У гэтым раёне каля такіх дамоў-шэлтараў паклалі адмысловую плітку і нанеслі рознакаляровую разметку на дарогах.

«Гэта зроблена, каб людзям у сталым узросце, з кепскім зрокам было зручней перасоўвацца, — кажа Лана. — І вось калі гэта ўсё рабілася, было шмат кансультацыяў, абмеркаванняў з мясцовымі жыхарамі. Можна было спрачацца, уносіць прапановы, ідэі. І гэта вельмі прыемна, што людзі ўдзельнічаюць у жыцці свайго горада і могуць яго змяняць, даваць карысныя парады і бачыць, што іх слухаюць».

Kaliarovaja razmietka na darohach
Каляровая разметка на дарогах. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Яшчэ адзін раён у Саўтгэмптане, які цяпер аднаўляюць — той, дзе жывуць не самыя забяспечаныя людзі, са словаў Ланы:

«Тут зносяць старыя дамы 1960-х гадоў, непрыгожыя, пабудаваныя няякасна, і замест іх будуць узводзіць нармальнае жытло. І ў гэтым раёне таксама робяць усю інфраструктуру, трэнажоры на вуліцах, каб людзі маглі займацца. Паўсюль стаянкі для ровараў, скутараў».

Rajon Saŭthemptana, dzie žyvuć malazabiaspiečanyja haradžanie
Раён Саўтгэмптана, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Rajon Saŭthemptana, dzie žyvuć malazabiaspiečanyja haradžanie
Раён Саўтгэмптана, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Rajon Saŭthemptana, dzie žyvuć malazabiaspiečanyja haradžanie
Раён Саўтгэмптана, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане. Фота: асабісты архіў Ланы Яраш

Раён, дзе жывуць малазабяспечаныя гараджане, — ледзь не адзіны, дзе можна сустрэць шматпавярховікі, зазначае была бабруйчанка.

«Брытанія агулам — малапавярховая краіна. Дамы пераважна двух—, максімум чатырохпавярховыя. Раёны са шматпавярховай забудовай я называю «гета», дзе жывуць малазабяспечаныя. Але што цікава — у пад’ездах гэтых дамоў чысцей, чым у любым пад’ездзе Бабруйска», — кажа жанчына.

«Дзе ўсе нашыя таленавітыя людзі?»

Галоўнае, што Бабруйску трэба было б узяць за прыклад у брытанскіх гарадах, на думку Ланы — сяброўская інфраструктура для інвалідаў-вазочнікаў, а таксама для бацькоў з дзецьмі ў вазках.

«Адсутнасць такой інфраструктуры вельмі абмяжоўвае магчымасці людзей некуды трапіць і робіць іхнае жыццё горшым. Гэта мой асабісты боль, бо цяпер гэта перажывае мая мама. Але я і раней бачыла такія гісторыі — у нас быў сусед, які шмат гадоў перасоўваўся на вазку, і для яго вялізнай праблемай было выйсці з дому, — распавядае жанчына. — У Брытаніі ў выпадку інваліднасці табе абавязаныя выдзеліць кватэру на ніжнім паверсе, каб ты мог выязджаць з яе на вазку. Дом табе за кошт бюджэту адаптуюць пад твае патрэбы — зробяць поручні ў ваннай і т.п. Тут вялізная падтрымка для людзей з інваліднасцю, і такога хацелася б і ў Бабруйску».

Лана кажа, што ўжо не сумуе па Бабруйску:

«Калі я прыехала ў 2016 годзе, пасля 8-гадовага перапынку, я плакала, бо мне было незразумела, чаму людзі такія сумныя, не ўсміхаюцца, чаму ўсё так непрыгожа, дэпрэсіўна на вуліцах, чаму вырубілі пасадкі, чаму калі штосьці будуецца, то яно такое непрыгожае, чаму дзіцячыя пляцоўкі ў старых раёнах такія страшныя, чаму такія дзіўныя колеры на іх, няўжо нельга падабраць колеравую гаму — дзе ўсе дызайнеры, дзе нашыя таленавітыя людзі? Я не разумела, і я не хацела б туды вярнуцца».

Наша суразмоўца гатовая выдаткаваць грошы і час, каб дапамагчы ў развіцці нейкіх праектаў для Бабруйска, для Беларусі, але разумее, што жыць там ужо не змагла б.