Абвешчаны доўгі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай

Хто напісаў найлепшую кнігу паэзіі мінулага года? Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў прадставілі доўгі спіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай, піша penbelarus.org.

Premija imia Natalli Arsiennievaj

Доўгі спіс намінантаў (у алфавітным парадку):

«Момант цішыні» — Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);

«Амаль» — Вера Бурлак (выдавецтва «hochroth Minsk»);

«Пад асобнымі коўдрамі» — Вольга Гапеева (выдавецтва «Skaryna Press»);

«Аранжавы» — Віктар Жыбуль (выдавецтва «hochroth Minsk»);

«Непрамо(ў)ленае» — Анатоль Івашчанка (выдавецтва «Skaryna Press»);

«Акрамя» — Павел Капанскі (без выдавецтва);

«Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» — Уладзімір Някляеў (выдавецтва Калегіума Усходняй Еўропы);

«Гіброіды» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);

«Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);

«Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» — Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).

Чаму такі шырокі спіс?

Паводле Статута прэміі, доўгі спіс можа змяшчаць ад 6 да 10 кніг. Сёлета журы вырашыла скласці максімальна пашыраны варыянт — праз багаты ўраджай якасных зборнікаў.

«У доўгі спіс увайшло толькі на пяць кніг менш, чым у поўны, але і ў такім выглядзе засталіся кнігі, якія маглі б трапіць і не трапілі, бо не набралі патрэбнай колькасці галасоў. Зараз будзе складана, бо ўсе намінанты вартыя кароткага спіса. Усе кнігі розныя — па стылі, тэматыцы, паэты і паэткі вельмі адметныя, але інакш і быць не магло», — адзначае сябра журы Ульяна Верына.

Калі будзе цырымонія?

Кароткі спіс будзе абвешчаны неўзабаве, а пераможца стане вядомы 24 траўня 2025 года.

Журы прэміі

Сёлета ў журы — пяцёра майстраў: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, уважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію. Менавіта яны вызначаць галоўную інтрыгу прэміі — абяруць паэтычную кнігу года. Сярод публічных сябраў журы — асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:

Ульяна Верына — літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.

Сяргей Дубавец — пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.

Ганна Шакель — паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin», лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.

Прэмія Наталлі Арсенневай — штогадовая ўзнагарода за найлепшую кнігу беларускай паэзіі, заснаваная Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў, каб ушанаваць памяць адной з найвыбітнейшых беларускіх паэтак ХХ стагоддзя і падтрымаць жывую і разнастайную беларускую паэзію.