Анталя́жыкі і жужýлaчкi літаратурнага вядзьмарства. Андрэй Бурсаў выдаў кнігу для «літаратурных альпіністаў»

У красавіку 2025 года ў лонданскім выдавецтве Skaryna Press  пабачыла свет новая, ужо трэцяя кніга вершаў незвычайнага творцы Андрэя Бурсава пад назвай «Сонм-Трава». Два папярэднія зборнікі авангарднай паэзіі гэтага інфернальнага аўтара выходзілі ў 2002 годзе («Дзівін») і ў 2009 годзе («Празнеб’е»). Магчыма, гэта адзін з самых загадкавых сучасных беларускіх літаратараў, чыя дзіўная творчасць альбо адразу зачароўвае сваім містыцызмам і мудрагелістасцю, альбо імгненна выклікае рэзкае адчужэнне.

«Sonm-Trava»

Эксцэнтрычны правапіс Андрэя Бурсава

Першыя пытанні ўзнікаюць ужо нават на зрокавым узроўні: нестандартны правапіс (і не наркамаўка, і не тарашкевіца), прычым не адзін — арфаграфія змянецца ад кнігі да кнігі. У першай кнізе быў свой своеасаблівы правапіс; у другой кнізе — ужо іншы, другі, адметны варыянт; у сацсетках аўтара можна знайсці нейкі трэці, па-асабліваму вычварэнскі канон; і, нарэшце, у сваёй новай кнізе аўтар выкарыстоўвае ўжо чацвёрты, надзвычай эксцэнтрычны правапіс. У нечым гэтыя арфаграфічныя пошукі нагадваюць мне эксперыменты паэтаў-футурыстаў і дадаістаў адначасова.

Наступныя пытанні выклікаюць самі словы: на якой мове напісаныя гэтыя патойбаковыя вершы? Мова ап’яняльных твораў Андрэя Бурсава здаўна вабіла мяне. У мяне заўсёды паўстае ўражанне, калі я чытаю вершы ці пераклады гэтага літаратара, быццам я занурыўся ў старабеларускія тэксты.

natoupyszyHaтoўпышы [Nаtоŭруšу]. 2O x 4O cм, п/a, 2O25. Андрȩĭ Бурсаў. Ілюстрацыя з Фэйсбука Андрэя Бурсава

Вакабуляр паэта-чараўніка

Моўны стандарт аўтара заслугоўвае асобнай увагі. Сам паэт-чараўнік называе свае творы граняслоўямі — гэтае слова прысутнічае ў слоўніку старажытнабеларускай мовы «Синонима славеноросская» 17-га стагоддзя, у якім яно падаецца як сінонім да слова «верш».

Аўтар сцвярджае, што піша свае граняслоўі на вялікаліцвінскай мове — верагодна таму, большасць беларусаў не ў стане зразумець сэнс шмат якіх слоў, якія паэт ужывае ў сваіх творах. І, увогуле, ці маюць яны сэнс? Можа гэта «птушыная мова»? На такой — выдуманай — мове спяваюць, напрыклад, гурты Cocteau Twins і Sigur Ros. У Беларусі на сваёй уласнай неіснуючай мове спяваў калісьці гурт «Нагуаль». Некаторыя могуць згадаць і Веліміра Хлебнікава, у вершах якога таксама безліч «незразумелых» слоў.

На сáмай справе, вакабуляр гэтага элегічнага паэта складаецца з архаізмаў і дыялектызмаў, жаргонных і слэнгавых слоў, а вось неалагізмаў зусім вобмаль. У прадмове да першай кнігі творцы сказана:

«Трэба быць самавітым літаратурным альпіністам каб ускараскацца па рызыкаватых вытворах аўтара, словы ў якога вішчаць і выюць ад нечаканага суседства, і таму быццам набываюць новую гукавую афарбоўку, а іх сэнс калыхаецца. Слоўцы, пазычаныя з глуханямотных старасховаў крывічанскай, ліцвінскай і іншых веляможных беларускіх моў, успрымаюцца як ялмужныя знаёмцы з раптоўна незнаёмымі рысамі ці як адамантавыя незнаёмцы з нечым вельмі знаёмым».

Варажба, шаптанні, закляцці або сны?

«Што хацеў сказаць аўтар?», «Пра што яго творчасць?» — гэтыя абрыдлыя пытанні са школьнага падручніка па літаратуры непазбежна ўзнікнуць у галаве чытача, які адважыцца пазнаёміцца з чароўнай творчасцю А. Бурсава, якая скрозь прасякнутая патаемнай жарсцю, схаваным каханнем, пакрыёмымі жаданнямі, і пры гэтым перанасычаная невычэрпнай самотай і тугой. Усе гэтыя абсурдысцкія, нелагічныя, скандальныя, жартаўлівыя, неспасцігальныя творы — ці гэта варажба? шаптанні? закляцці? камланні? А можа, проста сны, пакладзеныя на паперу?

Мы маем справу з літаратурным хэпенінгам

Зборнік мае назву «Сонм-Трава», але ў літаратурнай беларускай мове слова «сонм» няма. «Сонм» перакладаецца як «мноства», «зборышча». Разам з тым, у беларускай мове кветка прастрэл шыракалісты мае народную назву «сон-трава» ці «сон», ці нават «сон раскрыты». Гульня слоў відавочная.

Напрыклад, адзін з раздзелаў толькі што выдадзенай кнігі называецца «Пáзалкі / Puzzle Key». Пазалкі — гэтае слова можна знайсці ў слоўніках літаратурнай (а не дыялектычнай) беларускай мовы — абазначае «абмылкі»; «брудная вада пасля мыцця бялізны». Англійскія словы «puzzle key» вымаўляюцца як «пазалкі». Аўтару здаецца гэта пацешным, ці можа, проста яму тры годзікі і ён крыху дурнаваты, калі яго весяляць такія банальныя супадзенні? Мусібыць, тут мы маем справу з вельмі дрэнным пачуццём гумару. Несумненна і тое, што паэт гуляецца словамі і сэнсамі, грае з намі ў гульню, правілы якой мы пакуль што не ведаем, бо іх нам ніхто не агучыў.

pazalki.jpg

Але ж і сам аўтар не збіраецца навязваць нам аніякіх правіл: «...не простыя творы, а пазлы, рэбусы, крыжаванкі — чытача чакаюць галаваломкі сэнсаў, мазаікі целаў і гульні ў хованкі пачуццяў. Відавочных ці сузначных адказаў не існуе — яшчэ больш: кожнаму давядзецца рабіць сваю ўласную адшыфроўку, і менавіта таму кожны знойдзе (ці згубіць) у гэтых творах нешта сваё...» — гэтая думка, выказаная ў прадмове да другой кнігі аўтара, працягваецца і ў прадмове да трэцяй кнігі творцы: «Адметнасць мастацкай творчасці ў тым, што яна не мае аніякіх законаў — чытачы самі шукаюць шляхоў да спасціжэння творчае з’явы». Атрымліваецца, што мы маем справу з літаратурным хэпенінгам.

Звычайна, хэпенінг — гэта ўзаемадзеянне з наведвальнікамі мастацкай выставы, калі ёсць аўтар (мастак) і ёсць гледачы, якія становяцца суаўтарамі таго ці іншага твора. У тэатры такі ж хэпенінг адбываецца ў часе імерсіўных спектакляў. На сённяшні дзень пакуль што не існуе слова для хэпенінга ў літаратуры — бо як апісаць працэс, калі аўтар (паэт, пісьменнік) дае чытачам матэрыял, аснову, цаглінкі, з дапамогай якіх чытачы самі створаць нешта згодна з тымі правіламі (ці без аніякіх правіл увогуле), якія яны самі сабе ўсталююць?

У прозе яскравы прыклад такога падыходу — творы Міларада Павіча, які прапаноўваў чытачам «інгрыдыенты», з якіх яны ўжо самі «гатавалі» тое, што ім жадалася. Нешта падобнае мы бачым і ў граняслоўях А. Бурсава: чытачы самі вырашаць, што ім рабіць. Нехта палезе па ўсіх папяровых і электронных слоўніках у пошуках значэння кожнага невядомага слова; хтосьці будзе атрымліваць асалоду ад мелодыкі саміх вершаў, сэнс якіх застанецца незразумелым (гэтаксама як мы слухаем песню на невядомай нам мове); некаторыя адшукаюць падвойныя сэнсы і схаваныя пярлінкі; знойдуцца і тыя, хто закрые кнігу пасля некалькіх твораў і больш яе ўжо ніколі не адкрые.

Месца творцы і яго мудрагелістых вершаў у беларускай паэзіі

Як творца, Андрэй Бурсаў займае асобнае, часам пустэльніцкае месца ў беларускай паэзіі. Амаль нічога невядома і пра паэта як асобу. У лапідарных агульнадаступных крыніцах можна знайсці звесткі пра тое, што ён наведваў дзіцячую мастацкую школу; атрымаў дыплом перакладчыка ў лінгвістычным універсітэце; пісаць вершы пачаў у 1995 г. На сваіх старонках у сацсетках рэгулярна публікуе ўласныя трансцэндэнтныя карціны і жуісансавыя фотапрацы, а таксама вершы і літаратурныя пераклады.

Coнцaцьвeт-Аndrеï-Вursаŭ.jpg
Coнцaцьвeт [Sоnсаćvіеt]. 22 х І4 см., д/а, 2О24. Aндpȩĭ Бypcaў. Ілюстрацыя з Фэйсбука Андрэя Бурсава

Трэцяя кніга граняслоўяў Андрэя Бурсава «Сонм-Трава» складаецца з некалькіх частак. У першых двух раздзелах чытач знойдзе мудрагелістыя вершы, якія ўжо выходзілі ў папярэдніх кнігах аўтара. Новыя фантасмагарычныя творы, якія яшчэ нідзе дагэтуль не друкаваліся, а таксама перакладзеныя творы, знаходзяцца ў трэцім раздзеле, а ў дадатку — вершы аўтара на англійскай мове. «Паэт мусіць не паддавацца роспачы, а знайсці супрацьяддзе пустасці існавання». Ці атрымалася? Адказ на гэтае экзістэнцыяльнае пытанне ў стане даць толькі сам чытач.

Уладзімір Ваўхвіцкі, Budzma.org