Абвешчаны доўгі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава за 2023 год

Беларускі ПЭН аб’явіў доўгі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Узнагарода за найлепшую кніжную вокладку, заснаваная ў 2019 годзе і прысвечаная памяці выдатнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава, надаецца за дызайнерскае рашэнне, паліграфічную якасць і адпаведнасць афармлення кнігі яе зместу.


Premija

Для ўдзелу ў конкурсе былі абраны працы, аформленыя ў 2022 годзе.

У доўгі спіс намінантаў на прэмію Анемпадыстава за 2023 год патрапілі:

Кацярына Дудко — вокладка кнігі Антося Уласенкі «Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх»

Ананімны аўтар — вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»

Ананімны аўтар — вокладка кнігі Юлі Цімафеевай «Воўчыя ягады»

Анатоль Лазар — вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»

Анатоль Лазар — вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»

Яна Галушкіна, VEHA — вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»

Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»

Сяргей Шабохін — вокладка кнігі Наталлі Вішнеўскай «Неба мнагавокае»

Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»

Уладзімір Міхневіч, Таісія Чарнуха — вокладка кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні»

Кацярына Дудко — вокладка кнігі Андрэя Дудко «Супердада»

Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»

Анатоль Лазар, Сяргей Лескець — вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»

Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна — вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»

У склад журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава за 2023 год увайшлі:

Вольга Бубіч — журналістка-фрылансерка, эсэістка, выкладчыца, фатографка і рэцэнзентка фотакніг.

Максім Тымінько — медыямастак, куратар і вэб-распрацоўшчык.

Андрэй Дурэйка — мастак, куратар, аўтар лекцый па сучасным мастацтве.

Артур Вакараў — графічны дызайнер, адзін з заснавальнікаў дызайнерскай студыі «Адліга».

Ганна Чыстасердава — арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка ініцыятывы «Ambasada Kultury» і галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэі «Падземка».