Абвешчаны шорт-ліст прэміі імя Францішка Багушэвіча!

Сёння, у дзень нараджэння Францішка Багушэвіча, абвешчаны кароткі спіс намінантаў на прэмію, што ўзнагароджвае творцаў, якія аднаўляюць гістарычную памяць і ўмацоўваюць беларускую ідэнтычнасць, піша Беларускі ПЭН.

Šort-list premii imia Franciška Bahuševiča

Кароткі спіс прэміі імя Францішка Багушэвіча 2025: 

«Вусы Скарыны» — аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч (телевізійны праект «Белсата»)

«Нітка Зорка. Майстэрня Кацярыны Ваданосавай» — аўтарка і вядоўца Кацярына Ваданосава (телевізійны праект «Белсата»)

«Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» — Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч (фонд «Kamunikat.org»)

«Стагодзьдзе НН» — Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»)

«Экспэдыцыя Вацлава Ластоўкага 1928 году. Захаваная спадчына» — Вольга Лабачэўская (выдавецтвы «Skaryna Press» і «Czabor Publishing»)

«Савецкая Беларусь» — Ганна Севярынец (выдавецтва «Czabor Publishing»)

«Беларусь як тэкст» — каманда анлайн-часопіса «Taubin» (цыкл YouTube-лекцый)

Такім чынам, у кароткі спіс прэміі журы абрала 4 кнігі, 2 тэлевізійныя і 1 YouTube-праект. Гэтыя творы ўжо пакінулі свой адбітак у культурнай прасторы. Адзін з іх стане пераможцам, але ўжо цяпер кожны з іх заслугоўвае ўвагі і прызнання.

Чаму гэта важна?

Прэмія імя Францішка Багушэвіча — больш чым узнагарода. Гэта сімвал пошуку праўды праз мастацкае слова. Яна заснавана ў 1996 годзе і з таго часу працягвае ўшаноўваць аўтараў і аўтарак, чые творы пераасэнсоўваюць гісторыю, культуру і духоўную спадчыну Беларусі.

Сёлета — перазагрузка!

Абноўлены падыход да намінацый, пашыраны фарматы твораў і дададзены новыя магчымасці для ўдзельнікаў. Цяпер у кароткі спіс маглі трапіць не толькі кнігі, але і публіцыстыка, падкасты, кіно ды іншыя формы мастацкага выказвання.