Праект “Будзьма беларусамі!” “Маршрут беларускіх цмокаў” падышоў да фіналу. Сем тыдняў сем нашых экспертаў расказвалі пра самыя “цмачыныя” мясціны Беларусі. Агулам прапанавана 73 пункты (некаторыя паўтараюцца ў розных экспертаў), якія ахопліваюць усе вобласці Беларусі. Кідаецца ў вочы, што найчасцей эксперты называлі Палессе, Астравеччыну і Гомельшчыну.
(Звяртаем вашую ўвагу на тое, што змешчаная ніжэй мапа – з элементамі інтэрактыву. Яна звязаная з тэкстам, і вы маеце магчымасць клікаць па яе частках. Прыемнага прагляду!)
Што цяпер? Цяпер мы просім кожнага з вас абраць 7 пунктаў з 73, каб потым скласці з 12 самых папулярных мясцін маршрут беларускіх цмокаў. Памятайце, што за беларускага цмока трэба галасаваць сэрцам, а не розумам! Бо наш цмок — як планета Марс: калі вы яго не бачылі на свае вочы, гэта не значыць, што яго няма.
Калі маршрут будзе складзены, шукаць цмока паедзе каманда журналістаў. Калі выпрабаванне скончыцца паспяхова, з нашым маршрутам у руках выправіцца на пошукі цмока зможа кожны з вас! Дадамо ж да бусла і зубра яшчэ адзін турыстычны сімвал Беларусі — цмока!
Каб вам не гартаць другі раз усе сем матэрыялаў серыі, давайце каротка прыгадаем, якія “цмачыныя” месцы называў кожны з экспертаў. Нагадваем, што агулам вам трэба абраць 7 з іх. Для лягчэйшай арыентацыі мы склалі для вас інтэрактыўную мапу Беларусі, дзе пазначаныя ўсе гэтыя пункты. Наводзячы курсор на пункты мапы, можна хутка атрымаць інфармацыю, дзе які цмок жыве.
Першым экспертам была адзіная жанчына ў спісе — і таксама адзіная ў Беларусі жанчына — доктар тэалогіі і доктар філасофіі Ірына Дубянецкая. Спадарыня Ірына падышла да складання маршруту па-навуковаму: на падставе фальклору і ўласных экспедыцый падзяліла беларускіх цмокаў на 9 асноўных відаў і пералічыла, дзе якіх можна адшукаць. Атрымаўся такі спіс.
Валэйкішкі (Астравецкі раён). Цытата: “Тут жыў цмок, што бавіўся з вялікім каменем і не даваў людзям прайсці. І тады адзін разумны чалавек здагадаўся, што рабіць. Ён узяў барана, злупіў з яго скуру, заліў яе “смалою і серкай” і паставіў каля каменя. Цмок пабачыў барана, зубамі яго — цуп! Гарачая смала заліла яму глотку, цмок зароў і падох”.
Гара Замкоўка (Астравецкі раён). Цытата: “Свіння рыла-рыла і дарылася да падземных цмокаў”. На Астравеччыне ёсць гара Замкоўка, дзе “была дзірулёха”, куды “кінеш камень, і ён не стукае, а толькі по-о-отым стукане”.
Гальшаны (Ашмянскі раён). Цытата: “Такая гара з дзіркай была і проста пасярод Гальшанаў: “Кінеш пятак — а ён дзынь-дзынь-дзынь-дзынь”. Натуральна, у такіх “дзірулёхах” жыў цмок”.
Тураў (Жыткавіцкі раён). Цытата: “Гісторыя заснавання Турава таксама звязаная з цмокам. Тур быў князь альбо цмок — версіі розняцца. Факт у тым, што паводле дамовы князя і цмока яны дзеляць свет: князю — верхні, цмоку — ніжні”. (яшчэ)
Менск. Цытата: “Мы ўсе ведаем, што Менеск, які заснаваў Менск, быў млынаром. І млын, які ён пабудаваў на Менцы, малоў камяні. І ён на сваім млыне лётаў. Так што Менеск, цалкам магчыма, быў цмокам”. (яшчэ)
Крывазнакі (Вілейскі раён). Цытата: “На рацэ Вяллі быў засценак Крывазнакі — цяпер гэта вёска. Там рака робіць 9 петляў. Кажуць, цмок ставіў знакі на ўсіх паваротах, каб папярэдзіць людзей, якія плылі да Вілейкі, што там водмель ці вір”.
Гоцк (Салігорскі раён). Цытата: “Цмока-ахвяру звалі Гоц — у нас ёсць вёска Гоцк на Салігоршчыне. Людзі знайшлі дзіўную жывёліну, закавалі ў кайданкі — і па кладачках да пана павялі. Кайданкі па кладачках клацалі, казалі “гоц-гоц” — і ўсе патанулі, безумоўна. Разам з цмокам”.
Возера Свіцязь (Наваградскі раён). Цытата: “Што казаць, калі возера Свіцязь — на месцы горада, які сышоў пад ваду! Цмок такім чынам карае таго, хто робіць зло ў замку, царкве ці горадзе”. (яшчэ)
Багданаўка (Шчучынскі раён). Цытата: “У Шчучынскім раёне, у вёсцы Багданаўка, возера мералі вяроўкамі, а цмок адказваў: “Не мерай вяроўкаю, бо памераеш галоўкаю!..” І гэтае возера, безумоўна, не замярзае ў самыя лютыя маразы”.
Каменка (Уздзенскі раён). “У вёсцы Каменка на Уздзеншчыне людзі так і гавораць: за гэтым каменем хаваўся Вялес — і Пярун разбіў яго на дробныя каменьчыкі”.
(наверх)
Наш другі эксперт, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, мяркуе, што звычайна цмокі жывуць у Чорных азёрах, якіх у Беларусі ажно 26. І побач звычайна сустракаецца і Белае возера! Пункты атрымаліся такія.
Вуліца Сухая ў Мінску — Змеева гара. Цытата: “Гэта самае высокае месца ў Мінску — і цяпер тут лёгка ўгадваецца гара. Дык вось, раней яна называлася Змеевай, бо тут жыў цмок!”
(яшчэ)
Чорнае (і побач Белае) возера (Берасцейскі раён). Цытата: “І, што цікава, этнографы звязваюць паданні пра цмокаў з назвамі азёраў Чорных. Асабліва там, дзе побач з возерам Чорным ёсць возера Белае!”
Чорнае і Белае возера (Выганашчанскія азёры, Івацэвіцкі раён). Цытата: “Натуральна, з нячысцікамі звязваюць Выганашчанскія азёры, дзе таксама ёсць азёры Чорнае і Белае — і шмат адпаведных паданняў”.
Возера Спораўскае (мяжа Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў). Цытата: “Непадалёк ёсць возера Спораўскае, дзе таксама, як кажуць нашыя гумарныя спораўцы, якія ўсё жыццё мыюцца ў тым возеры, пры жаданні можна ўбачыць цмока!”
Чырвонае возера (Жыткавіцкі раён). Цытата: “Князь-возера, альбо Жыд-возера -— цяпер завецца Чырвоным. Народныя ўяўленні і паданні, апроч легенды пра Радзівілаву каханку (габрэйку з мястэчка Жыткавічы), сведчаць пра тое, што менавіта дзякуючы цмокам тая рамантычная гісторыя і скончылася…”
Возера Дракон (ці Дракона, Лепельскія азёры, Лепельскі раён). Цытата: “Паданні пра лепельскіх цмокаў добра вядомыя. Гэтыя паданні прыгадаў, напрыклад, Уладзімір Караткевіч у кнізе “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Там ёсць возера, якое так і завецца — Дракон. Дарэчы, ні ў кога з суседзяў возера з такой назвай няма”.
Возера Кайман (Астравецкі раён). Цытата: “З Лепельшчыны павернем на Астравеччыну, дзе ёсць славутыя Саранчанскія азёры, адно з якіх завецца Кайман!”
Возера Балдук (Мядзельскі раён). Цытата: “Па-балцку гэта і азначае “нячысцік”. Тыя, хто там бываў, добра ведаюць, што гэта можа быць і не байка — надта часта і надта шмат з гэтага возера выводзяць розныя гісторыі пра цмокаў!”
Асвейскае возера (Верхнядзвінскі раён). Цытата: “Такім чынам, адна галава згубіцца недзе на Верхнядзвіншчыне — там, дзе велізарнае Асвейскае возера мяжуе з Латвіяй і Расіяй, дзе ёсць велізарны востраў, з якім таксама звязаныя казкі пра нейкіх цмокаў”.
Чорнае возера (Сенненскі раён). Цытата: “Другая галава, абмінуўшы возера Чорнае ў Сенненскім раёне, пакладзецца на Чорнае возера на Гарадоччыне, побач з возерам Езярышчам на самай мяжы з Расіяй”.
Чорнае возера (Гарадоцкі раён).
Возера Езярышча (Гарадоцкі раён).
Возера Чорнае (Расонскі раён). Цытата: “І трэцяя галава будзе ў нас у Расонскім раёне, дзе таксама ёсць возера Чорнае, у якім жыве, як кажуць людзі, нейкі цмок”.
(наверх)
Наш трэці эксперт, старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, вывеў сваю тэорыю пра “беларускі” след Змея Гарыныча і ягоную сувязь з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком. Пункты маршрута выйшлі такія.
Лепельскае возера. Цытата: “Вельмі часта на гэтым возеры знікалі рыбакі — а потым на бераг возера цмокі выкідалі іх быццам напалову перакушаныя чаўны. Ад саміх рыбакоў не заставалася нічога. Таму з’явілася паданне, што іх паядае цмок”.
Ушаччына. Цытата: “А Ушаччына — гэта Быкаў, Барадулін, Броўка… Вось яны — цмокі! Хоць не магу сказаць напэўна…”
Давыд-Гарадок. Цытата: “Усе мы памятаем Змея Гарыныча. А чаму Гарыныч? Ды таму, што з рэчкі Гарынь, на якой стаіць Давыд-Гарадок! А ў нас ёсць цудоўны беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку на рэчцы Гарынь! Я лічу Леаніда Дранько-Майсюка вось такім цудоўным рафінаваным беларускім цмокам!”
Чырвонае возера (Жыткавіцкі раён). Цытата: “Наколькі я памятаю, існавала паданне пра цмока, які жыве таксама ў Жыд-возеры Жыткавіцкага раёна. Іншая назва — Князь-возера, а цяпер яно называецца Чырвонае…”
Выганашчанскае возера (Івацэвіцкі раён). Цытата: “Ёсць паданні, што цмокі існавалі таксама ў Выганашчанскім возеры (Івацэвіцкі раён). Адным словам, чым бліжэй да Палесся — тым болей цмокаў!”
Віцебскі раён. Цытата: “Калі пачытаць Яна Баршчэўскага, то наш азёрны край, Паазер’е — Віцебшчына, Гарадоччына, Полаччына… Дык там не толькі цмокаў, там усякай нечысці ў азёрах хапае!” (яшчэ)
Возера Лочынскае (Асіповіцкі раён). Цытата: “У Асіповіцкім раёне ёсць лясное возера Лочынскае, такое кругленькае люстэрка вады — недзе метраў 500 у дыяметры. Адна бабуля казала мне, што яе бабуля апавядала, што там жыла “нейкая істота”. І нават нейкія гукі адтуль было чуваць…”
(наверх)
Наш чацверты эксперт, фатограф і ўладальнік турыстычнага выдавецтва “Рыф-тур” Сяргей Плыткевіч, цмока на свае вочы не бачыў. Таму проста пералічыў загадкавыя месцы, дзе мог бы жыць цмок.
Возера Ельня (Мёрскі раён). Цытата: “Ельня — гэта самае вялікае верхавое балота ў Еўропе. Мясцовыя жыхары кажуць, што каля гэтага вострава ёсць схаваны замак ці палац, які сышоў пад ваду… Дабрацца туды настолькі складана, асабліва летам, што цмоку, відаць, там жылося б цудоўна!”
Возера Расалай (заказнік “Казьяны”, Шумілінскі раён). Цытата: “Тут на балоце, наадварот, вельмі многа маленькіх азёр цікавых формаў.
Самае вялікае там возера — Расалай, дзе таксама “вельмі цікава і загадкава…”
Возера Струста, востраў Чайчын (Браслаўскі раён). Цытата: “А на тым востраве ёсць яшчэ адно ўнутранае возера! Яно хаваецца за расліннасцю — і да яго ўвогуле мала хто дабіраецца. Для цмока — найутульнейшае месца!..”
Палессе. Цытата: “Нездарма, кажуць, там бываў Герадот — і апісаў тут мора, якое цяпер умоўна завецца “мора Герадота”… Ёсць сведчанні, што ўся гэтыя нізіна сапраўды была залітая вадой. Таму калі і быць цмокам, то абавязкова на Палессі!..”
Белавежская пушча. Цытата: “А на балоце ў Белавежскай пушчы я пачаў раптам хадзіць па коле — і радыус склаў усяго метраў 200. Я не хачу сказаць, што там сядзеў цмок і мяне кружыў, але…”
Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Цытата: “У нацыянальным парку “Прыпяцкі” магла б быць рэзідэнцыя беларускага Цмока! Прычым каб турыстаў не падвозілі на аўтобусе да дзвярэй — а па-сапраўднаму, на чаўнах дабірацца!”
Альба (Нясвіжскі раён). Цытата: “Там і дасёння захавалася сетка з васьмі каналаў у выглядзе сонейка, закладзеная яшчэ Пане Каханку. У цэнтры “сонейка” — востраў, з усіх бакоў аточаны вадой. Некалі на ім стаяла вытанчаная альтанка Радзівілаў. Чароўнае месца!.. Мяркую, тут можа жыць толькі шляхетны цмок!”
Арэвічы (Хойніцкі раён). Цытата: “Я там нядаўна быў ужо ў прыцемках, побач могілкі, цені паўсюль… А як яшчэ сава пачала ўгукаць — ажно халадок па скуры ідзе. Прыдатнае месца для цмока!..”
Бабруйск. Цытата: “Габрэйскі цмок, безумоўна, жыве ў Бабруйску, татарскі — у Іўі, рускі — у стараверскай Ветцы, польскі
— у каралеўскай Горадні…”
(наверх)
Пяты эксперт, супрацоўнік Веткаўскага музея Андрэй Скідан, прызнаўся, што ён з цмокамі “ў някепскіх стасунках” і склаў маршрут выключна па тых мясцінах, у якіх упэўнены, — па роднай Гомельшчыне.
Чачэрск. Цытата: “Апроч круглай царквы (без вуглоў — каб адпужваць цмока) тут трэба паглядзець ратушу. Яна з такой драўлянай вежай, падобнай да галавы цмока. Але гэтая вежа якраз выкарыстоўвалася як каланча — каб назіраць, дзе цмок учыніў пажар”.
Гомель. Цытата: “Тут быў сакрэтны стратэгічны аб’ект — развадны мост праз Сож. Развадны — бо думалі, што цмок не здольны пералятаць, дык каб ад яго засцерагчыся”.
Добруш. Цытата: “У добрушскіх ліштвах сустракаецца вялікая колькасць цмачынай і вужынай сімволікі”.
Змееў курган (пад Добрушам). Цытата: “Пад Добрушам ёсць Змееў курган — гэта таксама ад таго, што шмат вужоў (а значыць, і цмокаў) у наваколлі…”
Ветка. Цытата: “У драўлянай архітэктуры Веткі таксама былі некалі ліштвы з цмокамі, і не проста так… “
Хальч (Веткаўскі раён). Цытата: “Не хачу анансаваць прысутнасць там цмокаў (хоць гэта і відавочна). Проста зазірніце, як будзеце мець час”.
Свяцілавічы (Веткаўскі раён). Цытата: “Назва Свяцілавічы — бо побач ёсць Свяцілішча (якое яшчэ завуць Чортава гара)… Нехта мяне спытае, чаго я звязваю тое Свяцілішча з цмокамі. Запярэчу: а ці ёсць падставы не звязваць?”
Будзішча (Чачэрскі раён). Цытата: “У вёсцы Будзішча ёсць перапілаваны камень, а таксама дзікая крыніца — вельмі маляўнічая, цяжка да яе дабрацца! Гэтую крыніцу таксама звязваюць з цмокам”.
Нясімкавічы (Чачэрскі раён). Цытата: “У Нясімкавічах цмачыны камень на могілках, непадалёк недапілаваны руднічны молат ляжыць…”
Рудня Нясімкавіцкая (Чачэрскі раён). Цытата: “Усіх козыраў адкрываць не буду, каб няшчырыя людзі не нашкодзілі, але раю зазірнуць таксама ў вёскі Рудня Нясімкавіцкая, Рудня Барталамееўская, Воласавічы…”
Рудня Барталамееўская (Чачэрскі раён).
(наверх)
Наш шосты эксперт Андрэй Барашка — кіраўнік турыстычнага парталу Holiday.by — падышоў да распрацоўкі маршруту беларускіх цмокаў з пункту гледжання маркетолага.
Заказнік “Сярэдняя Прыпяць” (Пінскі раён). Цытата: “Я не вынаходжу ровар — таму гляджу ў бок палескіх балотаў. Пачвара ёсць пачвара. Таму былое “мора Герадота” — ладнае для яе месца, тым больш яно мае пэўную гістарычную рэтраспектыву”.
Пінск. Цытата: “Хоць па-беларуску было б зрабіць помнік цмоку і церці яго “на шчасце”. І я б ставіў цмока дзе-небудзь у Пінску. Бо наўкол ёсць такія балоты, што цмок туды лёгка “ўпісваецца”!”
Браслаўскія азёры (Браслаўскі раён). Цытата: “Можна расказаць, што замерзлага цмока прынёс да нас ледавік… Тут лёд растаў, і гэты цмок ажыў у нашым возеры. Дзе і цяпер даволі добра сябе адчувае”.
Краснасельскі (Ваўкавыскі раён). Цытата: “Мясцовыя крэйдавыя кар’еры, якія цяпер не выкарыстоўваюцца і затопленыя вадой, — цудоўнае “цмачынае месца”. Вада там бірузовага колеру, глядзіцца проста казачна!”
(наверх)
Сёмы эксперт Андрэй Дыбоўскі — стваральнік унікальнай інтэрнэт-энцыклапедыі нашай архітэктуры “Глобус Беларусі” (www.globus.tut.by). Праграміст з адукацыі, спадар Андрэй расказваў не так пра цмокаў, як пра незвычайныя мясціны, якія варта было б наведаць.
Рака Няміга (Мінск). Цытата: “А таму як пячораў у нас няма, цмок, натуральна, абраў бы нашую падземную раку Нямігу, якую загналі ў трубы ў першай палове ХХ стагоддзя”.
Ружанскі палац Сапегаў (Пружанскі раён). Цытата: “Напэўна, гэта адзіная старая пабудова ў Беларусі, дзе я на свае вочы бачыў два падземныя паверхі. Ну а раз ужо ў нас прынята ўсялякія падзямеллі звязваць з таямнічасцю і загадкавасцю, чаму б нам не ўявіць, што беларускі цмок мог жыць менавіта там?”
Лешчынова, урочышча Страпішкі (Астравецкі раён). Цытата: “Там далёка наўкола няма людзей, царква стаіць практычна пасярод лесу. Не ведаю, чаму, але калі вы папрасілі скласці “маршрут беларускіх цмокаў”, мне адразу прыгадалася гэтае месца”.
Высокае (Камянецкі раён). Цытата: “Руіны брамы замка Сапегаў уздымаюцца над вадою, наўкол пагоркі параслі дрэвамі — месца вельмі маляўнічае. А калі ўжо мы пасялілі цмока ў падзямелле адной рэзідэнцыі Сапегаў, то ўявім, што перыядычна наш цмок завітваў і сюды”.
Навадзявяткавічы (Слонімскі раён). Цытата: “Некалі тут стаяў вялікі палац Слізняў. Як кажуць мясцовыя жыхары, яго знішчылі партызаны ў канцы вайны. Але ад палаца захаваліся падземныя хады — адзін нібыта да касцёла, другі — у панскі парк. Так што калі казаць пра таямнічыя падзямеллі, то гэты пункт мусіць трапіць у маршрут дакладна!”
Грушаўка (Ляхавіцкі раён). Цытата: “Там захавалася адна з самых маляўнічых у Беларусі пахавальняў. Векавыя дрэвы і агромністая пахавальня ў рэтраспектыўна-гатычным стылі робяць гэтае месца асабліва ўзнёслым. Не будзем сяліць нашага цмока ў саму пахавальню, але сядзець недзе побач у лесе і ахоўваць яе ён бы мог”.
Стайкі (Баранавіцкі раён). Цытата: “Гэтая сядзіба — прыклад нашай сённяшняй нядбайнасці. І такіх сядзібаў у нас сотні. Я не супраць, каб знайшліся людзі, якія “паселяць” туды цмока ці каго яшчэ. Калі гэта дапаможа ўратаваць нашыя помнікі архітэктуры — цудоўна!”
Парэчча (Пінскі раён). Цытата: “Для разнастайнасці маршруту паселім нашага ўяўнага цмока ў… самы вялікі нямецкі бліндаж часоў Першай сусветнай вайны! Бліндаж, нібыта, двухпавярховы — яшчэ адзін паверх ідзе пад зямлю і цяпер завалены смеццем”.
Возера Свіцязь (Наваградскі раён). Цытата: “Яно незвычайна прыгожае. Ды і Міцкевіч нездарма ўславіў яго ў сваёй паэме. Калі б я быў цмокам, то напэўна пасяліўся б менавіта тут!”
Юравічы (Калінкавіцкі раён). Цытата: “28 тысяч гадоў таму нашыя продкі арганізавалі тут адну з самых першых стаянак (паселішчаў) на тэрыторыі Беларусі. А косткі, біўні і нават зубы мамантаў можна пабачыць у мясцовым школьным музеі! Так што, калі цмока не знойдзеце, прынамсі гэта паглядзець вельмі цікава!”
Пустынкі (Мсціслаўскі раён). Цытата: “Паводле легенды, гэты манастыр заснаваў вялікі князь Альгерд у 1380 годзе. Сын Альгерда Лугвен аслеп, і нехта параіў яму прыйсці да цудадзейнай крыніцы ў гэтым месцы. Крыніца дзейнічае і цяпер”.
Рэчкі (пасёлак Першамайскі) (Веткаўскі раён). Цытата: “Гэтая сядзіба канца ХІХ стагоддзя трапіла ў Чарнобыльскую зону. Атмасфера там асаблівая, вельмі трывожная. Думаю, людзі з добрай фантазіяй могуць уявіць недзе там і цмока…”
Вялікая Сваротва (Баранавіцкі раён). Цытата: “Гэта адзіная ў Беларусі трохвугольная царква! Зразумела, што без цмокаў тут ніяк абысціся не магло! Яшчэ некалькі гадоў таму яна стаяла ў руінах і рабіла асабліва таямнічае ўражанне. Але цяпер святар аднавіў яе, дзякуй яму. Таму ў самім храме цмока ўжо дакладна няма, але наўкол пашукаць можаце!”
(наверх)
Шаноўныя чытачы! Абярыце 7 з 73 “цмачыных месцаў”!
Складзем маршрут беларускіх цмокаў разам!
Глеб Лабадзенка, для www.budzma.org
Фота аўтара