Цудоўную навіну паведаміў паэт Сяргей Панізнік: сябра Рады ЗБС «Бацькаўшчына» прафесар Адам Мальдзіс за надзвычайны ўклад у развіццё беларускай культуры і літаратуры ўганараваны Дыпломам Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Канады за 2020 год.
Да паведамлення прыкладзены віншавальны прынагодны верш.
Зноў бабка Параска ўзяла абярэг:
— Глядзець на Вяснянку мне сёння не грэх.
Калісьці Адам тут, амаль што святы,
палоў ля Дзвіны агроды, кусты...
Казалі: Адаму далі да Каляд
дыплом ганаровы, бо стаў лаўрэат:
зрабіў незвычайны Адаме уклад
у развіццё, і віццё, і быццё
таго, што завецца Айчыны Жыццё.
А я — у падзяку, што даў той БІНІМ,
паслала б Адаму чароўны кілім
— кавёр свой, які праз вякі не замёр,
бо вунь — ВэКээЛаўскі наш фантазёр,
Канады, Амерыкі гіпнацізёр!
А сёння Адам — лаўрэат-візіцёр!
І ён Беларусь уздымае да зор!
Парламенцёр, мушкецёр, валанцёр
наноў упрыгожвае мінскі шацёр
і каланаду Канады, бо й там
прысутны насытны культурай Адам!
Прысвячэнне-натхненне ад былога наведніка Музея «Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі» у в. Цінкаўцы пад Бігосавам
ЗБС «Бацькаўшчына» і Будзьма далучаюцца да віншаванняў!