Беларускі фолк-метал гурт «Адарвірог» прэзентаваў на лічбавых пляцоўках свой новы, другі па ліку альбом. У рэліз увайшло 11 песень, большасць з якіх была створана яшчэ да 2020-га. Такім чынам, поўнафарматнік «Чорнае сонца» чакаў свайго выхаду цэлых пяць гадоў.
«Чорнае сонца» — гэта метал-нізка з адзінаццаці кампазіцый, якія пераносяць слухача ці то ў свет паганства з яго таямнічымі міфамі і легендамі, ці то ў старажытныя часы з гісторыі Беларусі. «Жах», «Абадонна», «Цёмныя воды», а цэнтральны сімвал — чорнае сонца.
«Чалавек у чорных акулярах падымаецца на ўзгорак, расплюшчвае вочы, і ў гэты момант, калі ён глядзіць на свет — над ім уздымаецца чорнае сонца і пачынаюцца апошнія часы», — натхнёна распавядае вакаліст гурта і аўтар тэкстаў Ляшак (Леанід Аўдзей-Жыгуноў).
— Справа ў тым, што ў вольны час я пішу жахлівыя казкі. У мяне быў герой, які блукае па розных сусветах і знішчае тых, каму прыйшоў час паміраць. Гэтыя казкі, матывы, і натхнілі на стварэнне альбома, сталі асновай яго «жудаснай» канцэпцыі.
Ляшак, лідар гурта «Адарвірог». Фота з асабістага архіву музыкі
Асноўны матэрыял альбома быў запісаны музыкамі яшчэ ў Беларусі. Пасля 2020 года гурт існуе ў фармаце аднаго чалавека — Лешака. Ён і даводзіў працу над праграмай — спачатку ў грузінскім Сакартвэла, а звадзіўся альбом ужо ў Польшчы.
У «Чорным сонцы» можна пачуць гукі колавай ліры, дуды, скрыпкі, мандаліны і нават бузукі. Дапаўняюць іх традыцыйныя для хэві-жанру гітара, бубны, бас і вакал.
«Гэта быў выклік, каб напісаць на роднай мілагучнай мове песні, якія б слухаліся жахліва, няўтульна, непрыемна», — разважае Ляшак.
— Я вельмі люблю раз’юшаную, брудную музыку. Але хтосьці з удзельнікаў гурта дадаваў у альбом больш меладызму. Увогуле, у нас атрымаўся альбом-прадказанне! «Імчыцца хвароба, за ёю — вайна»: гэтыя радкі з'явіліся ў 2018 годзе. Ёсць яшчэ на альбоме песня «Перамежжа», я напісаў яе пад уражаннем ад кніг Сяргея Пясецкага. Потым яна стала вельмі актуальна гучаць пра ўсіх, хто так ці інакш нелегальна пераходзіў мяжу.
Музыкант дадае, што над кожнай песняй у альбоме яны працавалі як над апошняй і сказалі ўсё, што хацелі.
«Таму ідзі і слухай. І памятай, што ўсё, што павінна было з’явіцца, ужо крочыць па зямлі. І час ад часу азірайся. А калі сустракаеш чалавека ў чорных акулярах, то не прасі яго іх здымаць», — таямніча запрашае паслухаць альбом «Чорнае сонца» Ляшак.
«Адарвірог» — беларускі фолк-метал гурт, які ўтварыўся ў 2013 годзе. Вылучаецца ён разнастайнасцю інструментаў і сакавітасцю гучання. У свой час музыкі актыўна выступалі на канцэртах і фестывалях і нават арганізоўвалі ўласны «Люты Фэст». У 2017 годзе ў гурта выйшаў дэбютны альбом «Край паданняў». «Чорнае сонца» — другая поўнафарматная работа музыкаў.
Чытайце яшчэ: Першаму пілоту падрыхтавацца! Фонк па-беларуску і рок-рэлізы тыдня