Дзякуючы МГА “Гісторыка”, што ў межах грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” ладзіць вялікую колькасць вандровак па Беларусі, выбраліся і мы ў госці да наваградскай шляхты. Падчас вандроўкі выпала наведаць шляхецкія сядзібы Наваградчыны, а таксама іх гаспадарчыя маёнткі. У кожным з наведаных месцаў былі аб’екты, што выклікалі найбольшае ўражанне. У вандроўнікаў штораз узнікала пытанне: “Няўжо гэтыя сядзібы нікому не патрэбныя?”
А пачаўся экскурс з агляду самага старога на Беларусі мураванага Уселюбскага касцёла, а таксама прылеглых могілак з капліцай-пахавальняй О’Руркаў. Акрамя гісторыі касцёла і мясцовасці мы пачулі і пра летнікі МГА “Гісторыка” па добраўпарадкаванні капліцы і могілак. А яшчэ ва Уселюбе ў моцна перабудаванай сядзібе О’Руркаў захаваліся кафляныя печы і камін. Адно што з апошняга майго наведвання ў верасні 2011 адна з печаў, якая была тады цэлая, цяпер ужо разабраная, а кафля раскрадзеная. Народ наш вандроўны падзівіўся ў тым жа Уселюбе, чаму О’Руркі пабудавалі дом парабкаў прыгажэйшы, чым сядзібу.
Найбольшае ўражанне турысты атрымалі ад наведвання руінаў бровару паноў Брахоцкіх. Як сапраўдныя сталкеры ў Чарнобылі, моладзь аблазіла шматлікія пабудовы бровару. Гістарычная даведка: Бровар паноў Брахоцкіх у в. Вераскава пабудаваны ў канцы ХІХ ст. пасля Другой сусветнай вайны спіртавы бровар быў разбудаваны буйным прадпрыемствам, дзе спірт гналі з бульбы і яблыкаў Завод цалкам зачынены ў 1996 г., а цяпер расцягваецца. Ад вераскоўскай сядзібы мала што і засталося – толькі цэнтральная мураваная частка. Асаблівай цікавасці не выклікае, акрамя каванай агароджы на балконе, якая таксама захавалася з ХІХ ст.
Канечне ж, не абмінулі і Любчанскага замка – помніка беларускаму энтузіязму. Тут мы і адшукалі цмока! Праўда, ён яшчэ не вылупіўся. Пра яйка цмока, умураванае ў сцяну ў Любчанскім замку, ходзіць некалькі легендаў. Адна з іх больш праўдзівая, а другая падобная да казкі. Калісьці, яшчэ ў часы Міндоўга, у Любчы месцілася паганскае капішча, дзе людзі пакланяліся вужам-вешчунам. Вужы ім нешта нашэптвалі прадказваючы будучыню. І адным з сакральных сімвалаў капішча было яйка вужа.
З прыходам хрысціянства на славяна-балцкія землі капішча знішчылі, а на яго месцы паставілі першы на тэрыторыі Літвы дамініканскі касцёл. Каб заахвоціць паганцаў ісці маліцца ў касцёл, яйка ўмуравалі ў падмурак. Калі касцёл разбурылі, яйка цмока дасталі і ўмуравалі ў падмурак будучага замка. Кажуць што калі прыкласці вуха да яйка, то вуж-вяшчун нашэпча вам будучыню. Другая версія менш верагодная, карані яе сягаюць князя Гедыміна, калі ў Налібоцкай пушчы застаўся жыць апошні цмок у Еўропе. Але адзін мужны рыцар выпусціў яму кішкі і забраў яго яйка, а паходзіў гэты рыцар з роду Кішкаў, які ў XVI ст. і заклаў Любчанскі замак. У падмурак паклалі яйка цмока. Кажуць, што калі цмок вылупіцца, настане канец свету.
Далей рушылі на Шчорсы ў фальварак Мураванка, пабудаваны Храптовічамі у XVIІІ ст. Хоць нас і абмінулі віктарыянская ды эдвардзіянская эпохі, але невялічкім пробліскам капіталістычнай гаспадаркі ў ХІХ ст. была гаспадарка Храповічаў. У вёсцы стаіць цэлы будынак бібліятэкі. У 1990-я тут здымалі фільм “Пракляты стары дом”. І цяпер ён сапраўды як пракляты: у каміннай зале, дзе засталася старая тынкоўка і роспісы сцен, цяпер на паркеце намалявана пентаграма. Нехта хацеў выклікаць Храптовіча ці мо Міцкевіча, які калісьці працаваў тут, у бібліятэцы, каб яны ўзнялі нашу эканоміку і культуру.
Потым яшчэ паспелі ў Асташынскую сядзібу, але, на жаль, не даведаліся, каму яна належала.
Карацей, агульныя ўражанні: здзіўленне наваградцаў таму, колькі цікавых месцаў ёсць побач з родным горадам. Сталыя людзі больш абураліся станам культурна-гістарычнай спадчыны, але разам з тым Любчанскі замак з ініцыятывай Івана Антонавіча Пячынскага выклікае гонар і спадзяванне, што не так усё і дрэнна.
Сяржук Казак