У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбыўся перадпрэм’ерны паказ новага спектакля, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, які называецца «1517». Яго стваральнікі па-свойму падышлі да асэнсавання такой знакавай у беларускай гісторыі падзеі. Кім быў Скарына?.. Чалавекам, які не проста апярэдзіў свой час, а перамог яго.
Так увасоблены настаўнік, які моцна паўплываў на Скарыну.
Рэжысёрам спектакля (разам са Змітром Бейнартам-Саладухам) выступіў Павел Харланчук-Южакоў, ён расказаў карэспандэнту «Звязды»:
— Так павялося, што нашы аматарскія, з хрысціянскім ухілам праекты ладзяцца штогод. Пачалося ўсё яшчэ з дзіцячага спектакля «Маё сэрца б’ецца», пастаўленага ў абарону жыцця. А пасля мы рабілі пастаноўку да юбілею Мікалая Радзівіла Чорнага. Цяпер — да юбілею Бібліі, выдадзенай Скарынам. Мы ведалі, што твораў, прысвечаных гэтай даце, будзе шмат — як і іншых твораў — таму шукалі ўласную форму. Людзі ведаюць, што Скарына — першадрукар, перакладчык, выдатная персона… Але мы паспрабавалі зразумець, што ён зрабіў гэтым перакладам, што значыла перакласці Біблію на родную мову? Што гэта быў за крок, у якую барацьбу ён уступіў і ўсіх нас, беларусаў, за сабою ўцягнуў?.. Мы падумалі, што Скарына пераклаў Біблію на родную мову і такім чынам нас далучыў да гэтай вечнай спрэчкі — ёсць ці няма, верыць ці не верыць, матэрыяльнае ці духоўнае?.. Ён абвострыў выбар, які дае Бог. Мы паспрабавалі паглядзець на ўсё з такога пункту гледжання, што ён уступіў у барацьбу, сеў па той бок стала.
Застаецца хіба крыху шкадаваць, што сам Павел Харланчук, хоць і займаўся актыўна падрыхтоўкай спектакля як рэжысёр, у якасці акцёра на сцэну не выходзіць. Ён лічыць, што гэта вельмі складана — быць і з аднаго боку сцэны, і з другога. Да таго ж яму крыху няёмка і самому ставіць спектакль, і быць у галоўнай ролі. Але, падаецца, удзел Харланчука як бясспрэчна любімага гледачамі акцёра яшчэ больш упрыгожыў бы гэтую і без таго моцную пастаноўку.
— Гістарычную канву спектакля мы стараліся рабіць, наколькі нам дазвалялі дакументы, дакладнай. Францыск Скарына — найбольш вядомая беларуская асоба, для драматургаў у гэтым ёсць і перавага і выклік, — гаворыць аўтар п’есы гісторык Андрусь УНУЧАК, які працаваў над ёй разам з пісьменнікам Аляксеем Шэіным. — Перавага, бо ўсе вядомыя дакументы даўно апублікаваныя і даступныя. Выклік палягае ў тым, што мы ўжо маем замацаваны ў мастацтве вобраз Скарыны, і таму вельмі цяжка паглядзець на яго па-новаму, з сучаснай перспектывы… Назва спектакля «1517» сімвалічна паказвае галоўную ідэю — прадэманстраваць выданне першай беларускамоўнай кнігі, Бібліі Скарыны, як паваротны момант не толькі ў біяграфіі першадрукара, але і ў беларускай гісторыі. Мы імкнуліся ўвасобіць Скарыну, які прагне змяніць свет да лепшага, пастаянна шукае спосаб як гэта зрабіць найлепш, знаходзіць і здзяйсняе сваё пакліканне.
У спектаклі паказана дзяцінства Францыска, час, калі ён атрымаў ступень доктара ў Падуі. Асноўныя дзеянні адбываюцца ў Празе. «У сваіх разважаннях мы абапіраліся на прадмову, у якой Скарына піша, што Біблія — гэта лекі для душы. Улічваючы, што ён сам быў лекарам, гэта вельмі важнае адкрыццё. Гэта тое, што лечыць не цела, а душу, — удакладняе мастацкі кіраўнік праекта Алена СІТНІК. — У спектаклі ёсць момант, як Скарына вылечыў чалавека ад нейкай хваробы, а пасля той нарабіў шмат кепскага. Таму Францыск стаў задумвацца: што лечыць душу?.. Мы прыйшлі да высновы, што гэта Слова Божае».
Адметна, што ў гэтым спектаклі на прафесійнай сцэне іграюць акцёры-аматары — мастак, інжынер, будаўнік, хатняя гаспадыня. Але разам з імі ў персанажаў эпохі Скарыны пераўвасабляюцца і прафесіяналы — артысты Драматычнага тэатра Беларускай арміі Яўген Казакевіч і Уладзімір Лісоўскі, Максім Брагінец з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і Ганна Харланчук.
Падаецца, «1517» — гэта больш, чым проста спектакль. І таксама больш, чым злепак з гістарычнага мінулага беларусаў. Ён дае магчымасць задумацца над вечнымі пытаннямі, але робіць гэта не ва ўльтыматыўнай форме. У той час як на сцэне выказваюцца дыяметральна супрацьлеглыя погляды, глядач міжволі задумваецца, на чыім ён баку і што б сказаў, каб таксама ўдзельнічаў у гэтым дыялогу?..
Хтосьці з гледачоў сказаў, што прыйшоў на пастаноўку, каб «закрыць пытанне кнігадрукавання». Гэта значыць, што такі вялікі, 500-гадовы, юбілей не павінен прайсці міма нікога. І калі хтосьці яшчэ не зразумеў, што для яго асабіста значыць гэта дата, як ён ставіцца да першакнігі Скарыны, ёсць час, каб паразважаць над гэтым.
Варта дадаць, што гэта была толькі папярэдняя прэм’ера. Асноўныя паказы адбудуцца ўвосень. Не прапусціце.