Алесь Крыжэвіч — гісторык, музеязнаўца, былы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа — піша пра важнасць захавання традыцыі святкавання Калядаў і тлумачыць, чаму варта адкрываць дзверы гуртам калядоўшчыкаў.
Каляды — адна з самых яскравых з’яў нашай традыцыйнай культуры, якая сімвалізуе багатую мінуўшчыну беларускага народа. Гэта ўнікальная традыцыя прарастае сваімі каранямі ў дахрысціянскі містычны свет, з’яўляецца важным складнікам беларускай ідэнтычнасці ды не дае забыцца на тое, хто мы ёсць. Хутка на двары ўжо будзе 2026 год, а Каляды яшчэ жывуць у памяці людзей старэйшага веку, асабліва ў вёсках, бо тыя па маладосці некалі самі былі ў калядоўшчыках. Ды і сярод нацыянальна-патрыятычных колаў Каляды ўспрымаюцца як вельмі важная падзея ў каляндарным цыкле.

Беларускія Каляды сёння. Крыніца — bestbelarus.by
Дагэтуль на дзяржаўным узроўні ў шэрагу райцэнтраў, а таксама ў мястэчках і аграгарадках праводзяцца калядныя гулянні — найчасцей у выглядзе канцэртаў або невялікіх шэсцяў. Здаецца добра, што супрацоўнікі мясцовых Дамоў культуры ладзяць такія мерапрыемствы. Аднак часта народныя гулянні такога фармату выглядаюць як нейкі вінегрэт, дзе замест традыцыйных калядных забаваў спяваюць песні кшталту «Ой мороз, мороз, не морозь меня» ды прыдумляюць розныя конкурсы і гульні, зусім не звязаныя хоць бы з якім элементам беларускай каляднай традыцыі.
Але хіба сучасны калядны канцэрт на вуліцы беларускага горада можа замяніць асаблівую святочную абстаноўку, калі калядныя гурты хадзілі па хатах і вадзілі казу з мядзведзем?!
Падчас святочных тыдняў людзі сумысля рыхтаваліся да прыходу калядоўшчыкаў: гатавалі хлеб, каўбасы, сала, гарэлку, каб адарыць годных гасцей. Колькі весялосці было, калі калядоўшчыкі заходзілі ў хату і спявалі песні на добры ўраджай і шчаслівы лёс дачкі або сына гаспадароў, вадзілі казу, якая скакала як шалёная, а потым падала! Гаспадар ці гаспадыня ў гэты момант хутчэй беглі за пачастункамі, каб падняць казу і разам з тым пачаставаць добрых людзей за Божую справу, а тыя ў сваю чаргу дзякавалі ім і зычылі ўсіх магчымых поспехаў у Новым годзе.

Калядоўшчыкi Горацкага павета Магілёўскай губерні, 1903 г. Крыніца — wikipedia.org
Бясспрэчна, што раней калядны абрад быў для людзей містэрыяй, у якой абавязкова нейкім чынам варта было паўдзельнічаць, каб атрымаць добрую долю на будучы год. А калядоўшчыкі яшчэ, згодна з даўняй традыцыяй, маглі ўспрымацца як госці з таго свету, што нясуць шчасце ў хату, калі толькі не адмовіць ім пакалядаваць. Нездарма ў свой час народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч ў невялічкім вершы вельмі трапна і ёміста перадаў калядны дух, які суправаджаецца прыемным пахам каўбас і насычаны магічнасцю, бо ў калядны час заўсёды ўсе чакаюць цудаў, прыемных здарэнняў і іншага кшталту чараўніцтва:
Святочны, старажытны дух калядны,
Магічны дух язычніцкіх акрас,
Смалення дух, дух кміну і каляндры,
Дух на шасце падвешаных каўбас,
Калісьці ўсемагутны, усеўладны,
Што ж на куццю ты не збіраеш нас?
О, Божа! Што ў душы маёй паселіцца?
І з нашых хат, і з нашых песень-дум.
Шкада, але ўсе гэтыя традыцыі цяпер імкліва забываюцца, а некаторыя ўжо зніклі зусім. Многія людзі, асабліва моладзь у гарадах, толькі краем вуха чула там пра нейкія Каляды. І нават жыхары старэйшага пакалення, хто ведаюць пра Каляды, ставяцца часам да гэтага з абыякавасцю, не заўсёды адчыняюць дзверы сваіх кватэр для калядных гуртоў, якія пераважна складаюцца са школьнікаў малодшых класаў альбо аматараў фальклорных традыцый.
Пры гэтым яшчэ адносна нядаўна ў раённых цэнтрах, а часам і ў некаторых раёнах вялікіх гарадоў на пачатку 1990-х побач з дамамі былі хлявы, дзе людзі трымалі розную скаціну (курэй, індыкоў і нават свіней). Дагэтуль у некаторых райцэнтрах людзі трымаюць уласныя агароды, дзе вырошчваюць розную агародніну. Гэта можна патлумачыць тым, што людзі старэйшага пакалення, калі прыехалі ў горад, так і не сталі да канца гарадскімі, захаваўшы вясковую псіхалогію, якую часткова перанялі іх дзеці і крыху захапілі ўнукі і ўнучкі. Вось адкуль растуць карані калядаванняў школьнікаў, якія са з’яўленнем новых тэхналогіяў пераважна жывуць у віртуальнай прасторы. Аднак знаходзяцца тыя, каго генетычная памяць штурхае на актыўнасці і, пачуўшы ад бацькоў або бабуль з дзядулямі пра калядаванні, яны пачынаюць спрабаваць ладзіць нешта сваё. Я да таго, што дзеткі, якія цяпер калядуюць, могуць быць толькі ў другім або трэцім пакаленні гараджанамі, і яны маюць яшчэ генетычную сувязь з вясковымі традыцыямі.
Праўда часта маладыя калядоўшчыкі асабліва нічога не ведаюць: не спяваюць песен, нават не ведаюць стандартных калядных сцэнак. Мармычуць сабе пад нос «Давай каўбасу, а то хату разнясу», або расказваюць нейкі верш, часцей за ўсё па-руску. Рэдка, але могуць нешта праспяваць, ды нечага беларускага, а тым больш каляднага ў гэтых песнях сустракаецца вобмаль. Праспяваць могуць часам «Рождество Христово» або што-небудзь сучаснае, якое цяперашняе пакаленне лічыць найбольш цікавым і прыярытэтным за нейкія там старыя песні. Карацей, зусім неарыгінальна і незапамінальна. Дый калядныя касцюмы з’яўляюцца рэдка, бо часцей проста малююць вусы на твары або нешта ў гэтым духу, а калі і трапляюцца маскіраваныя героі, дык добра, калі сярод іх будзе каза. Даволі часта сярод калядных персанажаў у дзяцей ужо сустракаюцца героі фільмаў і мульцікаў, рыцары і бэтмэны, што слаба спалучаецца з традыцыйным вобразам калядоўшчыкаў. Аднак, народная традыцыя не статычная з’ява, і яна змяняецца разам з грамадствам, таму калядаванні таксама мяняюцца, хоць могуць выглядаць для прыхільнікаў традыцыйнага фальклору як нейкае вычварэнне.
Але сам факт, што дзеці яшчэ памятаюць гэтую традыцыю вельмі важны. Аднак не заўсёды дзеці калядуюць дзеля нейкага няўлоўнага кайфу ад працэсу, а часцей з прагматычнай мэтай — атрымаць салодкія падарункі. І тут ужо справа за дарослымі, якія павінны правільна патлумачыць сэнс калядаванняў і недзе падвучыць дзяцей, што цікавяцца народнай традыцыяй.

Калядны гурт, які складаецца пераважна з дзяцей. Крыніца — liktv.org
Хочацца верыць у тое, што маладое пакаленне беларусаў будзе ставіцца з разуменнем і павагай да нашых старадаўніх традыцый.
Спадзяюся, што багатая традыцыйная беларуская культура захавае сваю непаўторнасць, выключнасць і глыбіннасць сэнсаў. Заклікаю ўсіх аматараў уласнай гісторыі і літаратуры, мовы і мясцовых традыцый, работнікаў сферы культуры і адукацыі, краязнаўцаў і ўсіх тых хто любіць сваю Радзіму, адчыняць дзверы калядоўшчыкам, даваць казе сала, «каб каза ўстала» і ўдзельнічаць самім. Бо калі калядоўшчыкі перастанцуць хадзіць па хатах і кватэрах, а каза так і не ўстане, бо ёй ніхто нават не паклаў «мандарынку на спінку», то знікнуць не толькі нашыя багатыя традыцыі, а могуць знікнуць самі беларусы, бо людзі без племя і роду не будуць з’яўляцца беларусамі нават намінальна.
ЖЫВЕ КАЗА!!!
Алесь Крыжэвіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org