Урачыстае адкрыццё помніка на магіле бабулі Уладзіміра Караткевіча Людмілы Барысевіч адбудзецца ў Рагачове 19 снежня.
Паўтара месяца таму, у часе прэс-туру Беларускай асацыяцыі журналістаў, высветлілася, што магіла бабулі нашага вялікага пісьменніка занядбаная – голае месца і крыж без надпісаў…
Праз інтэрнэт прыхільнікі пісьменніка даволі хутка сабралі грошы – каля 800 тысяч рублёў. У Рагачове быў замоўлены і выраблены добры помнік, і вось – яго адкрыццё.
У суботняй праграме ў Рагачове наступныя часткі:
12.00, Старыя могілкі – урачыстае адкрыццё помніка.
13.30, Музей народнай славы – прэзентацыя дыска “Галасы” – з арыгінальнымі запісамі галасоў Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна 1968 году, якія 41 год таму зрабіў паэт Сяргей Панізнік.
У прэзентацыі, якая пройдзе пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мяркуецца ўдзел Сяргея Панізніка і пісьменніка Анатоля Бутэвіча – у нядаўнім мінулым міністра культуры і друку Беларусі. Чакаюцца і прадстаўнікі мясцовай улады, які на наступны год – год 80-годдзя Караткевіча – распрацавалі багаты спіс мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці пісьменніка.
Рагачоў адыграў вялікую ролю ў жыцці і творчасці Уладзіміра Караткевіча. Тут стаіць хата ягонага дзеда, тут нарадзілася ягоная мама. У дзедавай хаце ва Уладзіміра быў свой пакой, куды пісьменнік набыў стол – і працаваў тут месяцамі. У гэтым пакоі напісаліся “Ладдзя Роспачы”, “Сівая легенда”, “Віно дажджоў”, часткова “Каласы пад сярпом тваім”. У гэтай хаце і сёння жыве стрыечны брат пісьменніка спадар Сяргей разам з жонкай спадарыняй Тамарай. Ваколіцы Рагачова – таксама спрэс “Караткевічавы” мясціны, дзе ён любіў бываць, дзе нараджаліся ў пісьменніка задумы будучых твораў.
Запрашаем ахвотных у суботу ў Рагачоў Уладзіміра Караткевіча!