Як ствараўся Інбелкульт

28.01.2021 Гісторыя

30 студзеня 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. З гэтай нагоды «Будзьма!» вырашыла успомніць арганізацыю — папярэдніцу сучаснай Акадэміі навук і тых, хто стаяў ля яе вытокаў.

Цяперашняя Акадэмія навук Беларусі даўно не можа пахваліцца значнымі навуковымі дасягненнямі, яе кіраўніцтва як у публічных выступах, так і ў псеўданавуковых публікацыях ганьбіць беларускую мову, падтрымлівае рэпрэсіі, а сярод найбольш гучных навін апошняга часу можна згадаць толькі хвалебныя оды ўладзе ад старшыні Акадэміі. Але ў пачатку свайго існавання (Інбелкульт быў ператвораны ў Акадэмію навук у 1928 годзе) Інстытут беларускай культуры ўяўляў сабой узор навукова-даследчыцкай арганізацыі, дзе працавала беларуская нацыянальная эліта, дзе даследаваліся і асэнсоўваліся Беларусь і беларуская культура, супрацоўнікі якой не толькі не баяліся адстойваць сваю пазіцыю, але і мелі мужнасць за яе цярпець (значная частка заснавальнікаў і супрацоўнікаў пазней была рэпрэсаваная).

inbelcult.png

Ад мовы да глебы

Інстытут беларускай культуры (ІБК) быў створаны ў 1922 годзе на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы. Першапачаткова гэтая структура займалася ўнармаваннем беларускай мовы, а таксама працай над навуковай тэрміналогіяй адпаведных галін. У прыватнасці, менавіта дзякуючы гэтай установе неўзабаве з’явіліся на беларускай мове гісторыя, геаграфія, матэматыка ды іншыя дысцыпліны. Даволі хутка ІБК пачаў займацца шырокім спектрам навук і заклаў падмурак акадэмічнай навуковай дзейнасці.

Сярод кірункаў, якімі займаўся Інстытут, былі: вывучэнне беларускай літаратуры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору, распрацоўка практычных праблем беларускага мовазнаўства, прыродазнаўства, хімія, батаніка, заалогія, медыцына, геалогія, глебазнаўства, аграрныя і сацыяльныя навукі, права, геаграфія, мастацтва і іншыя. Так, былі падрыхтаваныя мапа глебы, зробленае апісанне фаўны і флоры, створаная сетка метэастанцый па вывучэнні клімату Беларусі, не кажучы пра шэраг фундаментальных прац на падставе даследавання беларускай культуры (напрыклад, «Чатырохсотлецце беларускага друку», «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах», «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі»).

Асяродак беларускай нацыянальнай эліты

Можна смела казаць: што ні асоба — зорка. Пэўна, калі вы ўспомніце дзеячаў беларускай нівы пачатку мінулага стагоддзя і параўнаеце са спісам супрацоўнікаў ІБК, то будзеце здзіўленыя колькасці супадзенняў.

Так, сярод тых, хто спрычыніўся да стварэння ІБК, быў Зміцер Жылуновіч — пісьменнік, палітык, старшыня часовага ўрада, Яўхім Карскі — заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства (да таго ж рэктар Варшаўскага ўніверсітэта і старшыня камісіі па адкрыцці БДУ), Язэп Дыла — грамадскі дзеяч, удзельнік Першага Усебеларускага з’езда (пазней — дырэктар БДТ-1). 

Першым старшынёй (таксама адзін з ініцыятараў стварэння) ІБК стаў Сцяпан Некрашэвіч — грамадскі дзеяч і навуковец, некалі адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, прадстаўнік урада БНР, пазней — дырэктар Інстытута гісторыі і старшыня Галоўнавукі. Пазней пасаду старшыні заняў яшчэ адзін выбітны беларускі дзеяч — Усевалад Ігнатоўскі, гісторык, актыўны палітычны і грамадскі дзеяч.

Сярод знакамітых супрацоўнікаў можна таксама згадаць такіх, як пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас, Аркадзь Смоліч — адзін з ініцыятараў абвяшчэння БНР і ўдзельнікаў яе ўрада, адзін з арганізатараў БСДП і Таварыства беларускай школы, Язэп Лёсік — пісьменнік, мовазнаўца, другі старшыня Рады БНР, Вацлаў Ластоўскі — пісьменнік, гісторык, выбітны дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння, супрацоўнік «Нашай Нівы», выдавец, прэм’ер-міністр БНР, пазней — дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея (да таго ж дзякуючы яму быў знойдзены Крыж Еўфрасінні Полацкай).

«Падзяка» савецкіх уладаў

Фактычныя заснавальнікі інстытуцыянальнай беларускай навукі не толькі былі небяспечныя савецкім уладам праз сваю прыхільнасць да беларускай справы і свабоды, але і сталі аб’ектам помсты за «варожую» дзейнасць папярэдніх часоў (у сувязі з БНР, супрацай з польскімі ўладамі і інш.). Велізарная частка з іх, як гэта было з пераважнай колькасцю беларускай інтэлігенцыі, была неўзабаве рэпрэсаваная: Зміцер Жылуновіч — арыштаваны, скончыў жыццё самагубствам; Язэп Дыла — арыштаваны і высланы; Сцяпан Некрашэвіч — расстраляны; Усевалад Ігнатоўскі — праходзіў па справе, скончыў жыццё самагубствам (паводле іншай версіі, быў застрэлены); Аркадзь Смоліч — расстраляны; Язэп Лёсік — памёр у турме (паводле іншай версіі, быў расстраляны); Вацлаў Ластоўскі — расстраляны; Уладзімір Пічэта — арыштаваны і высланы.

Кірыл Стаселька, budzma.org