Лаўрэатам прэміі імя Міхася Стральцова стаў перакладчык, выдавец, паэт, этнограф, філолаг, кандыдат гістарычных навук Кастусь Цвірка. Узнагарода прысуджана «за вернасць нацыянальным літаратурным традыцыям, за пераклады беларускай польскамоўнай паэзіі 19 стагоддзя і папулярызацыю айчыннай класікі ў серыі „Беларускі кнігазбор“».
У якасці ўзнагароды выдадзеная кніга Кастуся Цвіркі «Чатыры вятры»
Чацвёрты год запар Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» праходзіць не ў Беларусі, агулам жа прэмію ўручалі ў восьмы раз. Сёлета цырымонія ўзнагароджання прайшла ў віленскім Клубе пісьменнікаў (Rašytojų klubas).
Вядоўца імпрэзы, гісторык мастацтва, культуролаг, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі зазначае, што Стральцоўскі фэст «спакваля становіцца ўсё больш беларуска-літоўскім літаратурным фестывалем».
Вядоўца цырымоніі адкрыцця Мральцоўскага фэсту Сяргей Харэўскі
«Летась мы мелі гарачыя дыскусіі, паэтычныя чытанні з удзелам літоўскіх калег, сёлета прэзентаваная анталогія перакладаў на беларускую літоўскай паэзіі, выйшлі зусім нядаўна некалькі кніг літоўскіх аўтараў, сёлета выйшаў таксама зборнік беларускай паэзіі, прысвечанай Вільні. І сёння мы ў гасцях у Літоўскага саюза пісьменнікаў і рады запрасіць на сцэну кіраўнічку саюза, пісьменніцу Бірутэ Янушкайтэ», — адкрыў вечар Сяргей Харэўскі.
Бірутэ Янушкайтэ і Ціхан Чарнякевіч
«Сёння, на жаль, вы, якія хочаце свабодна размаўляць на роднай мове, якія хочаце казаць праўду, глядзіце на сваю радзіму здалёк. Хто з Вільні, хто з Польшчы, хто з больш далёкіх краін. Аднак, калі я бачу штогод, што вы, як птушкі, ляціце з усіх куточкаў свету на гэты фестываль, я веру, што надзея яшчэ ёсць. Што магчымасць вярнуцца дадому не выкрасленая з вашай свядомасці.
А пакуль што свой любімы дом, сваю радзіму вы носіце, возіце, быццам слімак сваю хатку, стараецеся яе не згубіць і не страціць, не прамяняць яе на нейкую чужую ракавіну, — зазначыла Бірутэ Янушкайтэ. — Думаю, многія з вас, як і Адам Міцкевіч, які нарадзіўся на Наваградчыне, з вялікай настальгіяй глядзіце на пакінутае ўдалечыні мінулае. І ў чым я цвёрда перакананая, з таго погляду здалёк нараджаюцца каштоўныя творы. Напэўна, гэта адзіны добры бок эміграцыі — каханне заўсёды ачышчаецца адлегласцю. Калі, вядома, яно было ці ёсць. Магчыма, многія з вас чулі пра літоўскага філосафа, паэта, публіцыста Відунаса. Ён вельмі прыгожа сказаў, што свет без Радзімы — быццам старонка, якая лёгка ды хутка чытаецца. А каб зразумець сутнасць Радзімы — трэба навучыцца спакойна засяроджвацца у сабе. Толькі тады ў душы ціха зазвініць. Радзіма — гэта пачатак і сутнасць дум нашых, таемная асалода чалавека. Шчыра жадаю вас заставацца з гэтай асалодай дзе б вы ні былі».
Прадстаўніца шведская Саюзу пісьменнікаў Ан Вікстром
Прадстаўніца Шведскага саюза пісьменнікаў Ан Вікстром зачытала ліст ад новай кіраўнічкі саюза Ані Хрысцін Гату: «Сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая. Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі трымаецца за ўладу, рэпрэсіі бязлітасныя як ніколі. Але міжнародная ўвага, якую мы бачылі колькі год таму — падчас рэвалюцыі 2020 года, здаецца, згасла. Хаця зараз яна патрэбная як ніколі.
Перамены не прыйдуць без супрацоўніцтва, настойлівасці і салідарнасці. Шведскі саюз пісьменнікаў цвёрды ў сваёй салідарнасці з беларускімі калегамі як у Беларусі, так і ў дыяспары. Вы маеце нашу непахісную падтрымку, мы будзем падтрымліваць вас, пакуль справа не будзе зробленая і беларуская літаратура і слова не змогуць квітнець свабодна».
Галоўны рэдактар газеты «Ніва», дырэктар «Радыё Рацыя» Яўген Вапа
Яўген Вапа, галоўны рэдактар «Нівы», штотыднёвіка беларускай меншасці ў Польшчы і дырэктар «Радыё Рацыя», звярнуў увагу на той, пакуль нябачны «патэнцыял, які ёсць зараз у самой Беларусі».
«Якое асэнсаванне ёсць там творчага працэсу, як асэнсоўваюцца цяжка набрынялыя тэмы, як яны пішуцца. Дай Божа, хачу як найхутчэй убачыць гэты фестываль бязмежна адкрытым», — сказаў Яўген Вапа.
Адзін з выступоўцаў з Беларусі заўважае, што апошнім часам даводзіцца канстатаваць, што беларуская выдавецкае жыццё перамяшчаецца за межы Беларусі: «Можна сказаць, што кніжак беларускіх выдаецца зараз больш за мяжой, чым у самой Беларусі. Засталося 2-3 выдавецтвы, якія яшчэ асмельваюцца выдаваць па-беларуску сучасных аўтараў. Дзяржаўныя калі і выдаюць беларускае, то толькі класікаў. Тым не менш, кнігі выходзяць. І, па нашай традыцыі, кнігу мы маем — „Чатыры вятры“, выбранае Кастуся Цвіркі. На жаль, лаўрэат ужо па кепскай нашай традыцыі не змог прыехаць з Беларусі на ўганараванне».
«Я памятаю як гэты „Беларускі кнігазбор“ пачынаўся, — успамінае адзін з прамоўцаў з Беларусі. — 1995 год мінулага тысячагоддзя... Кастусь Цвірка хадзіў па кабінетах Міністэрства культуры і друку, дзіўныя былі часы — у гэтым міністэрстве тады па-беларуску размаўлялі ўсе: ад міністра да супрацоўнікаў аддзела кадраў. Але ўжо тады, скажам так, не надта спрыяльная была атмасфера для кнігавыдання. І вось у кабінеце намесніка міністра, адказнага за кнігавыданне, Кастусь Цвірка выкладае свой праект: трэба выдаць у серыі 200 тамоў беларускіх шэдэўраў. Намеснік міністра засмяяўся і кажа: „Кастусь, гэта нерэальна, 200 тамоў — хай Акадэмія навук гэтым займаецца“. Фактычна, вельмі малая падтрымка была дзяржаўная — і Кастусь сам стаў гэтай акадэміяй. І ў тым жа годзе выходзіць першы том „Ян Чачот“ — і пайшло. (...)
Самыя лепшыя беларускія літаратуразнаўцы і навукоўцы працавалі над гэтай серыяй. Гэта былі кнігі-адкрыцці. Выйшла 111 тамоў. (...) „Беларускім кнігазборам“ Кастусь Цвірка паставіў сабе прыжыццёвы помнік.
Сёння кнігі з гэтай серыі ў Беларусі прызнаюць экстрэмісцкімі. І само выданне серыі спыненае. Спыніўся „Беларускі кнігазбор“ на томе Алеся Разанава, Ганна Кісліцына рыхтавала гэта выданне, выдатная праца, якая, на жаль, да друкарскага варштата пакуль не дайшла».
Таццяна Нядбай на Стральцоўскім фэсце
Андрэй Хадановіч
Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова працягнецца 16 лютага. Праграму фестывалю глядзіце па спасылцы.
Рыгор Сапежынскі, budzma. org