«Мы хочам, каб вы пачулі расстралянае слова». З’явіўся падкаст з творамі рэпрэсаваных і расстраляных паэтаў і пісьменнікаў

У сеціве з’явіўся новы літаратурны праект пад назвай «Непаслухмяныя Дзеці Кастрычніка». Аўтары будуць агучваць творы рэпрэсаваных і расстраляных у 1930-я гады пісьменнікаў і паэтаў. Сёння гэтыя творы фактычна пад негалоснай забаронай у школе. «Гэтай жа літаратуры нідзе няма, нават песні ёсць на вершы расстраляных паэтаў, а вось начытаных тэкстаў не дужа і ёсць. Зразумела, шмат хто агучвае сучасныя творы — і гэта добра. Але ж гэта ніша пакуль незанятая, а яна важная», — кажуць стваральнікі праекта. 

Першы выпуск ужо дасяжны да праслухоўвання. Гэта «Мар’я» Міхася Зарэцкага.

«Асэнсоўвайце той час, атрымлівайце асалоду ад літаратуры, дзяліцеся нашай спадчынай, што мае гучаць», — заклікаюць стваральнікі новага літаратурнага падкаста. 

«У «Мар’і» вы знойдзеце спагаду, каханне, радасць, боль, ды й шмат чаго іншага. Гэта — мастацкае даследванне фрэйдаўскіх тэзісаў, якімі захапляўся аўтар. А яшчэ там — прыгожае, здольнае дакрануцца да вашага сэрца, беларускае слова», — анансуюць першы выпуск «Непаслухмяныя Дзеці Кастрычніка».


У камандзе за голас адказвае Алесь, за працу з гукам і музыку — Ганя, дызайн — Алена.

«Як мінімум, слухачоў падкаста чакаюць пяць твораў паэтаў і пісьменнікаў таго пакалення, — кажа Ганя. — Гэта тэма — страчанай нашай літаратуры, нашага мастацтва, увогуле наступстваў тых часоў — яна не перажытая, не выплаканая, не асэнсаваная добрай часткай беларусаў. І праз гэтыя творы можам таксама асэнсоўваць тое, што адбываецца зараз з беларусамі. Бо сёння, мне падаецца роўна тое ж з намі, што было тады, калі жылі гэтыя паэты і пісьменнікі. Гэта і наш унёсак у дарозе да нацыянальнага адраджэння, гэта і знаёмства з літаратурай — у школьных падручніках гэтыя творы не друкуюцца, іх не ведаюць школьнікі, гэта літаратура, лічы, пад негалоснай забаронай сёння».

«Цяпер так не пішуць. Гэта пачатак мінулага стагоддзя, але настолькі прыгожа, стылёва, часам нечакана, быццам бы напісана сёння і пра нас сённяшніх, — зазначае Алесь. — А калі ўлічыць, што гэта пішуць дзеці — ну праўда ж, юнакі, якім па 20, 27, да 30 гадоў... І гэтыя дзеці ўжо нешта спазнаўшыя, яны сталыя ўжо, насамрэч, асобы. Якія нешта асэнсавалі і кудысьці ідуць, авангард беларускай думкі таго часу».

«Так, іх чыталі, імі захапляліся, — дадае Ганя. — Гэта былі абсалютныя зоркі. Іх фоты дзяўчаты вешалі як постэры цяпер. Яны пабачылі свет і везлі гэта ўсё ў Беларусь. Вось той жа Зарэцкі у 1927 годзе наведаў Польшчу, Францыю, Германію, Чэхію, дзе выступаў перад беларусамі замежжа. І яшчэ ягоныя кнігі бясконца кралі з бібліятэк. І гэта вельмі адчуваеца ў творах — яны зоркі. А якое ў многіх з нас уяўленне пра беларускую літаратуру? Гэта нейкае там сяло, цяжкая праца, бульба ды вайна. А тут зусім пра іншае. Увогуле мурашы бягуць ад таго, як па-сённяшняму гучаць словы тых паэтаў і пісьменнікаў».

Michaś Zarecki
Міхась Зарэцкі

«Праект задумалі яшчэ ў 2022 годзе, паездзіўшы па Беларусі, падумаўшы пра лёс тых нашых творцаў. І вырашылі, што было б класна агучыць творы. Бо гэтай жа літаратуры нідзе няма, нават песні ёсць на вершы расстраляных паэтаў, а вось начытаных тэкстаў не дужа і ёсць. Зразумела, шмат хто агучвае сучасныя творы — і гэта добра. Але ж гэта ніша пакуль незанятая, а яна важная. Тым больш чытанне кнігі і агучаны прафесійна твор інакш успрымаюцца», — зазначае Алесь.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org