Інстытут сацыялогіі НАН правёў тэлефоннае апытанне наконт чытацкіх пераваг жыхароў Беларусі. Высветлілася, што амаль кожны пяты жыхар краіны — 18,9% — адносіць сябе да катэгорыі чытачоў, піша reform.news са спасылкай на Інстытут сацыялогіі НАН.
Фота ілюстратыўнае: bing.com
Далей апытанне праходзіла сярод гэтай групы людзей.
Кожны трэці апытаны чытае кожны дзень (34,3%) або некалькі разоў на тыдзень (33,7%). Некалькі разоў на месяц чытаюць кнігі 20,9% удзельнікаў апытання, а некалькі разоў на год — 6,6%. Раз у год і радзей чытанне як спосаб правядзення вольнага часу выбіраюць 2,8% апытаных. Не змаглі адказаць 1,7% рэспандэнтаў.
Асноўнымі стымуламі да чытання кніг з’яўляюцца атрыманне задавальнення ад гэтага працэсу (61,8%) і самаадукацыя (40,3%). Для кожнага пятага чытанне — прафесійная неабходнасць (19,6%) або спосаб заняць вольны час (19,4%).
37,0% апытаных аддаюць перавагу творам сучасных аўтараў, 30,1% — класічнай літаратуры, а ў роўнай ступені выбіраюць як сучасных аўтараў, так і класікаў 26,0% апытаных.
Кожны другі апытаны (51,0%) прызнаўся, што ў дадзены момант чытае менш, чым раней, тады як амаль кожны трэці (30,4%) паказаў, што колькасць прачытаных кніг узрасла.
Што да беларускай мовы, то практычна кожны другі ўдзельнік апытання (47,6%) паведаміў, што сярод прачытаных кніг ёсць беларускамоўныя. А 52,4% апытаных заявілі, што не чытаюць кніг, выдадзеных на беларускай мове.
Толькі кожны пяты (21,9%) удзельнік апытання адзначыў, што чытае творы сучасных беларускіх пісьменнікаў, пра адваротнае заявілі 78,1% апытаных.
Беларускія чытачы адзначылі, што сучасным беларускім аўтарам не хапае эфектыўнай рэкламы іх твораў, актуальнасці сюжэту, яго набліжанасці да рэальнасці, праўдзівасці і даступнасці.
Назваць найбольш цікавых для сябе пісьменнікаў змаглі 73,2% апытаных. Часцей за ўсё згадвалі Аляксандра Пушкіна, Льва Талстога, Міхаіла Булгакава, а таксама Фёдара Дастаеўскага.
А сярод найбольш цікавых нацыянальных аўтараў аказаліся Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч і Янка Купала. Згадалі таксама Івана Шамякіна і Васіля Быкава.