Кампанія “Будзьма беларусамі!” у этна-комплексе “Зялёны гай” у Магілёве зладзіла дыскусію “Магілёўшчына адпачывае па-беларуску: што маем і што хочацца?”. Эксперты і госці сустрэчы даведаліся шмат новага і карыснага пра даволі малады беларускі бізнес і пра тое, ці вялікая ў ім доля беларушчыны.
У дыскусіі ўдзельнічалі Сяргей Кулягін (старшыня абласнога савета па развіцці аграэкатурызму, арганізатар штогадовага фестывалю “Бард-рыбалка”), Святлана Маханькова (гаспадыня, уладальніца аграсядзібы “Шэрая шыйка”) і Міхал Анемпадыстаў (дызайнер, даследчык беларускай культуры).
Аграсядзібы Магілёўшчыны: колькі, якія ўмовы працы і цяперашні стан
Сяргей Кулягін паведаміў, што агулам у Магілёўскай вобласці 187 аграсядзібаў, стала дзейнічаюць 120-130. Лічбы гэтыя даволі стабільныя апошнія некалькі гадоў. Большасць пунктаў аграэкаэтнаадпачынку сканцэнтравалася ў Быхаўскім, Асіповіцкім і Магілёўскім раёнах. Гэтыя паказчыкі адны з самых нізкіх па Беларусі, але рэгіён на першых пазіцыях па даўжыні адпачынку на аграсядзібах.
Святлана Маханькова распавяла сваю гісторыю. Як высветлілася, назваць такую справу бізнесам у класічным разуменні гэтага занятку нельга. Як лічыць Святлана, гэта хутчэй можна апісаць як лад жыцця, справу ўсёй сям’і. Сваю гаспадарку, аграсядзібу і ўсё аздабленне яна разам з мужам рабіла два гады з шасці, што існуе комплекс “Шэрая шыйка”. Справа няпростая і не сказаць каб вельмі прыбытковая. Але гаспадары намагаюцца зрабіць побыт гасцей выбітным і запамінальным. Вельмі шмат працуюць на кулінарным складніку, над прыёмам і культурным адпачынкам гасцей.
Міхал Анемпадыстаў лічыць, што прайшоў той час, калі людзям трэба была толькі хатка на прыродзе, рака ды лазня, мінулі часы “дачаў”. Цяпер спажыўцу трэба стыль, трэба гісторыя. І дызайнеры, гісторыкі ды мовазнаўцы могуць дапамагчы уласнікам аграсядзібаў зрабіць унікальны прадукт, які будзе цікавы як сваім турыстам, так і замежнікам. Міхал пагадзіўся з думкай, што ўсё залежыць ад задумкі гаспадара. Але якая будзе аграсядзіба, якія паслугі, такія будуць і госці. Працаваць над стылем, рабіць унікальныя праекты, ажыццяўляць унутраную і знешнюю камунікацыю заклікаў Міхал Анемпадыстаў.
Перспектывы для аграсядзібаў і магчымасці для развіцця
Па словах Сяргея Кулягіна, аграсядзібы Магілёўшчыны выйшлі на даволі высокі узровень сэрвісу і спецыялізацыі. На дадзеным этапе гэтая галіна рэкрэацыі перажывае новы віток: дзякуючы агульнай дзейнасці гаспадароў адбываецца кластарызацыя. Гэта значыць, што госці маюць магчымасць за невялікі час пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і звычаямі рэгіёна. Не апошняя справа – гэта фінансы. Цяпер дзейнічае прапанова Белаграпрамбанка для гаспадароў аграсядзібаў па ільготным крэдытаванні. Можна атрымаць на развіццё сваёй справы крэдыт на 8 гадоў пад 5%.
Гаспадары намагаюцца палепшыць якасць сэрвісу замест нарошчвання колькасных паказчыкаў па прыёме гасцей. Беларускасць, на думку Сяргея Кулягіна, прасочваецца ў жаданні надаць асаблівы каларыт побыту гасцей. Цікава, што асноўнымі гасцямі з’яўляюцца беларусы пры вялікай долі замежнікаў.
На думку Святланы Маханьковай, каб выжыць у гэтым бізнесе, трэба быць арыентаваным на шырокае кола турыстаў. Адным трэба камфорт, іншыя прагнуць вясковасці і аўтэнтыкі, трэцім трэба ўсё адразу. Спалучаць гэта могуць гаспадаркі багатыя, у якія ўкладзеныя вялікія грошы і якія дзейнічаюць ужо больш як гатэльна-рэстаранны бізнес, а не як аграсядзіба, дзе ўсё даволі проста. Але і тут ёсць вялікія выключэнні.
Усе вельмі залежыць ад гаспадароў. Часцей за ўсё аграсядзіба – не асноўная іх справа, што дае ім вольніцу і магчымасць зрабіць перш за ўсё добра сабе, а потым гасцям. І такія аграсядзібы паспяховыя – за імі бачныя клопат і дбанне пра дробязі.
Міхал Анемпадыстаў зазначыў, што, на жаль, у сучасным дыскурсе амаль няма сторытэйлінгу, дзе б значную долю займалі аграсядзібы. Згадкі пра іх адзінкавыя, а патрэбны наратыў, які і зробіць гэтую галіну адпачынку папулярнай і паспяховай.
Пры канцы, госці сышліся ў думцы што беларускасць – гэта найбліжэйшая будучыня адпачынку ў аграсядзібах, да гэтага маладая індустрыя крочыць нясмелымі крокамі, натыкаючыся на недастаткова развітую культуру ўнутранага турызму і падтрымку замежных турыстаў, якім гэта сапраўды цікава.
Дзяніс Васількоў
Фота: Зарына Кандрацьева