Апошняе інтэрв’ю пісьменніка, перакладчыка, сцэнарыста і рэдактара Алеся Жука.
Алесь Жук. Фота Міхася Скоблы
Гэтая гутарка для «Народнай Волі» запісвалася Міхасём Скоблам у лютым 2022 года — перад 75-годдзем пісьменніка.
Пагаварыць на дыктафон ён згадзіўся не адразу, кажучы, што інтэрв’ю — не яго жанр. А згадзіўшыся, настояў загадзя даслаць пытанні, некаторыя потым пакінуў па-за межамі гутаркі.
Што ж, гэта права творцы — пра што і з кім гаварыць. Паразмаўлялі.
Дыялог ужо рыхтаваўся да публікацыі, калі Алесь Жук патэлефанаваў і без тлумачэння прычыны папрасіў прытрымаць, як ён сказаў, «не пускаць на людзі буркатню старога дзеда». А пры пазнейшай сустрэчы сказаў: апублікуеш п а с л я...
У тым жа годзе 15 кастрычніка Алеся Жука не стала. Лічу сваім абавязкам апублікаваць нарэшце нашу гутарку, бо голас пісьменніка не абрываецца з сыходам яго на той свет, а, наадварот, робіцца больш чутным.
— Алесь Аляксандравіч, ва ўсіх даведніках і энцыклапедыях дзень вашага нараджэння — 1 красавіка. Але 75 гадоў вам споўнілася 23 лютага (2022 года). Адкуль узялася гэта блытаніна? І калі вы ўсё ж адзначаеце юбілей — у лютым ці красавіку? А можа, двойчы?
— Блытаніны тут ніякай няма. Я нарадзіўся 23 лютага ў мястэчку Грэск на Случчыне, у бальніцы, дзе працавала мама. І мой дзень нараджэння бацькі адзначалі ў гэты дзень, пакуль не настала пара ісці ў школу. Настаўнікі хадзілі па хатах і перапісвалі дзяцей, і аказалася што ў мяне ў метрыцы запісана дата 1 красавіка 1947 года. Чаму так? Ды проста ў гэты дзень бацька нарэшце дабраў часу паехаць у ЗАГС — з ладным кошыкам пачастункаў. Там добра замачылі маё з’яўленне на свет і метрыку выдалі — тым самым днём. І да сёння ў дакументах ідзе гэта дата. А што да юбілеяў, то я іх ніколі не адзначаў.
— Вядома, што Васіль Быкаў не любіў кінафільмаў па сваіх аповесцях. Прызнацца, я таксама не люблю, апрача хіба пташукоўскага «Знаку бяды». А ці пераглядаеце вы сваё «Паляванне на Апошняга Жураўля», у свой час экранізаванае на «Беларусьфільме»?
— На мой погляд, самы ўдалы фільм па Быкаву — гэта «Узыходжанне» Ларысы Шапіцька («Сотнікаў»). А астатнія... Тут пісьменнік нічога зрабіць не можа, фільм робіцца рэжысёрам. «Апошняга жураўля» зняў Валерый Анісенка. Там я значуся як аўтар сцэнарыя, хоць і сцэнарый пісаў Анісенка, а я толькі правіў. Фільм атрымаўся прыстойны. Ён для мяне найперш цікавы тым, што там здымаліся харошыя беларускія акцёры. Дарэчы, фільм быў выпушчаны на ўсесаюзны тэлеэкран, гэта тады (1986 год) лічылася адзнакай прызнання. Я і сёння часам яго пераглядаю, каб пабачыць народных артыстаў Беларусі Паўла Кармуніна і Галіну Макараву, паслухаць як там Галя Бальчэўская народныя песні спявае.
— Рыгор Барадулін прысвяціў вам такія радкі: «І класіка гукнула слуцака, / Абнізіўшы высокія парогі, / Бо ён ад Бога, талент у Жука, / А не з гуманітарнай дапамогі». За доўгія гады жыцця ў літаратуры чыё слова пра вашу творчасць было для вас самым важным?
— Мне і дасюль, калі пішу што-небудзь, часта думаецца: «А як гэта ацэніць Янка Брыль?». Думка Івана Антонавіча заўсёды была для мяне важнай, ён жа мяне і на ўсесаюзны ўзровень вывеў, параіў маскоўскім выдавецтвам і перакладчыкам. З Іванам Мележам мы менш знаёмыя былі, але ён таксама быў для мяне літаратурным аўтарытэтам. З больш маладзейшых — Анатоль Кудравец, Вячаслаў Адамчык, Міхась Стральцоў, які мяне ў маладосці (выкарыстаю тут паляўнічы тэрмін) «натасківаў» пісаць. Яшчэ — Генадзь Бураўкін. Помню, як прачытаўшы адно з апошніх маіх апавяданняў «Свята дажджу», ён пазваніў: «Гэта выдатная проза!». Для мяне гэта шмат значыла.
Алесь Жук, люты 2022-га, фота Міхася Скоблы
— У часы Машэрава вы працавалі ў ЦК КПБ, у аддзеле культуры. Як ставіліся да беларускай літаратуры тагачасныя высокія начальнікі? Хто з іх чытаў, з кім можна было абмеркаваць нейкі новы твор?
— Я прыйшоў у ЦК трыццацідвухгадовым маладым чалавекам. Гэта была машэраўская палітыка на «амаладжэнне» кадраў. Вось так у ЦК трапілі Сяргей Законнікаў, Анатоль Кудравец, я, Анатоль Бутэвіч. Абмяркоўваць літаратуру можна было з Аляксандрам Трыфанавічам Кузьміным, ён быў маім непасрэдным начальнікам. Ён чытаў. Па абавязку службы, можа, але чытаў. З самых высокіх кіраўнікоў цікавіўся беларускай літаратурай Ціхан Якаўлевіч Кісялёў, ён пазней стаў першым сакратаром ЦК КПБ. Аказваецца, ён закончыў Педінстытут па спецыяльнасці «выкладчык беларускай мовы і літаратуры» і сапраўды любіў літаратуру і родную мову. Калі тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» споўнілася 50 гадоў, па яго ініцыятыве рэдакцыйны калектыў быў адзначаны ордэнам Дружбы народаў. Помню, урачыстая вечарына праходзіла ў Купалаўскім тэатры — з удзелам самога Кісялёва.
— Сёння нешта падобнае і ўявіць немагчыма.
— Што ж, быў час, быў век, была эпоха. І дарэмна мы яе сёння ганім оптам.
— З 1980 па 1986 год вы — галоўны рэдактар «ЛіМа». Тады былі афіцыйная цэнзура, пэўная палітыка партыі і г.д. І ўсё ж ці мелі вы нейкі люфт свабоды на сваёй пасадзе?
— Цэнзура залежала ад таго, наколькі быў разумны цэнзар. Рэдактару ў савецкі час былі дадзены вялікія правы, але і пыталіся толькі з рэдактара. Ён, дарэчы, зацвярджаўся і вызваляўся на бюро ЦК, гэта была найвышэйшая наменклатура. Помню, стаю перад Машэравым, ён зірнуў на мяне: «А сколько вам лет?» — «Трыццаць тры», — кажу. — «Такой молодой, и в такую клоаку попадешь»... А справа ў тым, што пісьменнікі і ўвогуле так званая творчая інтэлігенцыя вельмі шмат пісалі скаргаў, ананімак у ЦК, і многае даходзіла да Машэрава. Таму цану гэтаму свету ён добра ведаў.
— Вы былі паслухмяным рэдактарам?
— Калі чаго не хацеў рабіць, то не рабіў, і часам з рук сыходзіла. А часам — не. Калі я брыкаўся перад Кузьміным і спрабаваў правесці сваю лінію, то нярэдка чуў: «Жук, ...тваю маць, не самаўпраўнічай!». Тады я разумеў, што брыкацца не мае сэнсу. А пясочылі мяне шмат за што. Напрыклад, калі я друкаваў артыкулы Зянона Пазняка і Уладзіміра Дзянісава ў абарону старой Нямігі, у абарону будынка, дзе першая беларуская опера была пастаўлена. А калі ў Васіля Быкава выйшаў «Знак бяды», я зразумеў што гэты твор знакавы і для Васіля Уладзіміравіча, і для ўсёй беларускай літаратуры. І пакуль на яго не гаўкнулі ў партыйнай газеце, вырашыў даць станоўчую рэцэнзію ў «ЛіМе». Прычым аўтарытэтнага крытыка. Па маёй просьбе супрацоўнік тыднёвіка Анатоль Сідарэвіч пазваніў маскоўскаму крытыку Ігару Дзядкову, і той даслаў свой водгук.
Былыя "лімаўцы" Анатоль Сідарэвіч і Алесь Жук. Фота Міхася Скоблы
— У 2003 годзе, калі вы былі галоўным рэдактарам «Нёмана», адбыўся фактычны захоп літаратурных выданняў («Полымя», «Маладосці», «ЛіМа») і замена рэдакцый. Гэта было для вас нечаканым?
— Што нас будуць мяняць, мы разумелі. Уладу не задавальняла і наша самастойнасць, і нашы аўтары, сярод якіх самай яркай постаццю быў Быкаў. Але мы не думалі, што замена будзе зроблена так бяздарна. Я ў той час якраз ляжаў у бальніцы, мне рабілі аперацыю на сэрцы. Абавязкі галоўнага рэдактара «Нёмана» выконваў Валянцін Блакіт, які пасля той кадравай «спецаперацыі» злёг з інфарктам. Пешкай-выканаўцам у той гульні была звышамбіцыйная Таіса Бондар, якая ўжо так пачала выслужвацца, што з глузду з’ехала. Па-другому я не магу патлумачыць яе паводзіны. А галоўнымі запяваламі ва ўсёй той свістаплясцы былі дэпутат Сяргей Касцян на пару з Эдуардам Скобелевым. Ім хацелася публічна зганьбаваць, абліць граззю і нас, рэдактараў, і ўсю беларускую літаратуру. Мяне, дарэчы, тады правярала Генпракуратура на прадмет карупцыі. Ніякіх парушэнняў, аднак, не знайшла, ганьбавання не выйшла.
— Але з таго часу і пачаўся заняпад названых выданняў, які цягнецца да сённяшняга дня.
— Ну, тут дадалося і тое, што настаў неспрыяльны для «тоўстых» часопісаў час. Што будзе з тымі ж «Полымем» і «Маладосцю» далей — нам невядома.
— Слухайце, ва Украіне вайна ідзе, а літаратурныя часопісы выходзяць.
— Значыць, і ў нас павінны захавацца.
— У той жа Украіне па-ранейшаму існуе Нацыянальная Шаўчэнкаўская прэмія. У Беларусі як быццам ёсць Дзяржаўныя прэміі імя Купалы і Коласа (Коласаўскую вы атрымалі ў 1992-м), але ўжо гадоў дзесяць іх нікому з беларускіх пісьменнікаў не ўручаюць. Хіба няма вартых і таленавітых?
— Гэтыя прэміі не адмяняліся, яны ёсць і маюць высокі статус. Лічацца найвышэйшымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь. Хоць што такое ўвогуле прэміі? Помню, празаік-франтавік Алесь Асіпенка ўсе лаўрэацкія медалі называў бляшкамі. І для мяне ўсе гэтыя прэміі — гульня ў цацкі, каб пацешыць самалюбства старых людзей.
— Для вас медалька з профілем Якуба Коласа — бляшаная цацка?
— Не, што ты! Я ганаруся тым, што лаўрэат Коласаўскай прэміі. Але каб яе ў мяне не было, я б не надта перажываў. Вось жа перасталі гэтыя прэміі даваць нават членам прыўладнага Саюза пісьменнікаў. Дрэнна гэта ці добра? Калі твораў добрых няма, то навошта лаўрэацкія медалі шлёпаць на грудзі абы каму?
— Дык прычына — адсутнасць вартых твораў?
— Абсалютна так. А ты сёння назавеш годных кандыдатаў на тыя прэміі?
— Назаву. Нават з запасам — на некалькі гадоў. Алег Мінкін, Андрэй Федарэнка, Леанід Дранько-Майсюк, Андрэй Хадановіч, Хрысціна Лялько, Людміла Рублеўская, Алесь Наварыч, Вінцэсь Мудроў, Уладзімір Арлоў, Кастусь Цвірка...
— Дык я не пра тое, каб нікому прэмій не даваць, я проста супраць таго, каб даваць канвеерам. Чаму, скажам, Дзяржпрэміі па літаратуры не мае Мікалай Іванавіч Чаргінец? Вылучаўся ж, і, здаецца, не аднойчы... Як бы там ні было, думаю, што і нас, пісьменнікаў, і ўсю нашу беларускую літаратуру будуць трымаць у чорным целе. За пэўныя заслугі. А якая ўлада любіць тых, хто крытыкуе? Любіць толькі тых, хто гладзіць.
— Тут я з вамі згодны. Вы пераклалі на беларускую мову «Майстра і Маргарыту» і «Сабачае сэрца» Міхаіла Булгакава. Чаму? З-за іх вечнай актуальнасці?
— Перакладчыкам я стаў наогул выпадкова — у свой час не змог купіць аповесць Гаўрыіла Траяпольскага «Белы Бім Чорнае вуха» ў арыгінале. Я сеў і пераклаў на беларускую — каб усім было. А «Сабачае сэрца» — выдатны памфлет на савецкую рэчаіснасць, які блізка праецыруецца і на дзень сённяшні. Што да «Майстра і Маргарыты», то гэта ўвогуле вечная тэма. Кожная развітая літаратура павінна мець такія творы на сваёй паліцы.
— Вы таксама пераклалі аповесць «Трэска» расійскага пісьменніка Уладзіміра Зазубрына, па якой рэжысёр Аляксандр Рагожкін зняў фільм «Чэкіст». Там галоўны герой ўдзельнічае ў канвеерных расстрэлах «ворагаў народа», ад чаго ўрэшце вар’яцее і сам становіцца да расстрэльнай сценкі... Можа быць, для сучаснай Беларусі «Трэска» нават больш актуальная за «Сабачае сэрца»?
— «Трэска» Зазубрына — відаць, самы страшны твор у рускай літаратуры пра сталінскія рэпрэсіі. Хоць напісана там на гэтую тэму нямала. Праўда, апошнім часам у Расіі адчувалася тэндэнцыя, маўляў, пара ўжо яе закрываць. Гэта небяспечна. Я, часам, думаю, што мы, як той сляпы конь, ходзім па крузе. Помніш, як сказана ў «Маленькім прынцы»: калі ісці, куды вочы глядзяць, то далёка не зойдзеш, неабходна рухацца туды, куды розум вядзе.
— Шмат хто з беларускіх пісьменнікаў (Анатоль Вярцінскі, Янка Сіпакоў, Віктар Карамазаў) пра свае падарожжы па свеце напісалі цэлыя кнігі. Вы падарожнічалі, але — не пісалі. Скажам, пасля паездкі на Кубу. Экзотыка вас не натхняе?
— Мне проста цікава было ездзіць. Тая даўняя ўжо кубінская паездка запомнілася. Мы тады ўмацоўвалі дружбу гарадоў-пабрацімаў — Мінска і Камагуэя. З нашага боку была цэлая дэлегацыя, канцэртная група. Мы ездзілі з Віцем Казько. І зусім не бясплатна. Помніцца, заплацілі па 800 рублёў — на той час вялікія грошы. Але ж і прабылі на востраве амаль два тыдні. Праблема была адна — у нас не было валюты. А ў іх — секс свабодны. Кубінкі да нас, а мы ад іх адмахваемся. Яны злуюцца і крычаць нам: «русіка імпаценціка» (смяецца).
— Вашы творы раней выходзілі ў перакладах на балгарскую, украінскую, рускую, славацкую, чэшскую мовы. Сёння прасоўваннем беларускай літаратуры за мяжой не займаецца ніхто. Як вы лічыце, ці павінны гэта рабіць, напрыклад, беларускія пасольствы? Ці іхні клопат — толькі трактары і «БелАЗы»?
— Я заўсёды гаварыў, што літаратура — гэта справа дзяржавы. А ў сённяшняй Беларусі гэта не закладзена ў дзяржаўную сістэму. Пісьменніцтва нават прафесіяй ужо не лічыцца. Да нядаўняга часу стаж адлічваўся ад часу першай публікацыі, цяпер — не. Што з таго, што ты пісьменнік? Ідзі працаваць качагарам... Я часта чую па тэлебачанні наезды нашага кіраўніцтва на паслоў, што яны дрэнна займаюцца пытаннямі эканомікі, кепска прадаюць трактары і г.д. Хоць ёсць адпаведныя службы і на заводах, і гандлёвыя прадстаўніцтвы за мяжой. А чаму папулярызацыяй літаратуры павінны займацца толькі энтузіясты? Памятаю адзін шчаслівы прыклад, калі Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Беларусі ў Балгарыі быў Аляксандр Герасіменка. Ён там, падключыўшы гандлёвае прадстаўніцтва МТЗ, выдаў тоўсты том беларускай сучаснай літаратуры. І не паленаваўся кожнаму аўтару — а нас там некалькі дзясяткаў было — прыслаць бандэроллю экзэмпляры са сваім словам віншавальным. Шкада, што падобнай дзейнасцю нашы паслы не займаюцца. А хацелася б.
— Нядаўна ў дзяржаўным Выдавецкім доме «Звязда» «выйшла ваша новая кніга «Сок манга». Не сакрэт, што дзясяткі таленавітых пісьменнікаў у дзяржвыдавецтвы доступу даўно не маюць. Што б вы з гэтай нагоды пажадалі сваім менш удачлівым калегам, скажам, таму ж Віктару Казько, Уладзіміру Някляеву ці Барысу Пятровічу?
— Думаю, што не такія ўжо бездапаможныя ў выданні сваіх кніг і Казько, і Някляеў, і Валодзя Арлоў. Хто шукае, той знаходзіць. Позна ці рана напісанае знойдзе сваю дарогу да чытача. Выдалі мне кнігу да юбілею — дзякуй добрым людзям. Хоць юбілеяў я ніколі не святкаваў, не люблю я іх. Сам памяркуй — 50-годдзе сустрэў у бальніцы, 60-годдзе — у бальніцы, 70 гадоў таксама ў бальніцы споўнілася. З усіх літаратурных юбілеяў я помню толькі адзін шчыры і чаканы многімі — 50-годдзе Валодзі Караткевіча. Тады ў Дом літаратара на юбілейную вечарыну прыйшлі сотні тых, хто сапраўды любіў пісьменніка. Ёсць запіс той вечарыны ў інтэрнэце, можна пабачыць, як Валодзя прачула гаворыць са сцэны: «Людцы дарагія мае, я ўсім вам абавязаны, без вас я нішто!» Мне тыя словы часта ўспамінаюцца...