Колькасьць выдадзеных кніг і брашур у Беларусі апусьцілася на ўзровень 2001 году, а газэт стала амаль удвая меней, піша «Радыё Свабода».
Кнігарня ў Гомлі, архіўнае фота
7842 кнігі і брашуры выдалі ў Беларусі за мінулы год. Паводле Белстату, гэтая лічба скарачаецца ў апошнія гады. У дакрызісным 2019-м, напрыклад, усяго ў Белрусі выдалі на 18,4% болей кніг і брашур, 9619 штук. З 2011 году колькасьць выдадзеных кніг і брашур (7944) у Беларусі расла да нядаўняга часу.
Найбольш цяперашняе скарачэньне закранула кнігі на беларускай мове, іх выдалі летась толькі 965. Для параўнаньня: у 2021 годзе кніг па-беларуску было выдадзена 1228, а ў 2019-м — 1271. Гэта на 24% больш, чым у 2023-м.
Скараціліся і наклады кніг і брашур на беларускай мове. У 2019 годзе было выдадзена 3,7 мільёна экзэмпляраў, а ў 2023-м — 2,9 мільёна.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, зьменшылася таксама колькасьць пэрыядычных часопісаў і іншых выданьняў (калі ў 2019 годзе іх было 806, то ў 2024-м — 682, стала менш на 15%). Колькасьць часопісаў, якія выходзяць па-беларуску, скарацілася яшчэ больш, на 22%. У 2019 годзе іх выходзіла 121, у 2023 — 94.
На 18% зьменшылася таксама колькасьць газэт на беларускай мове: з 176 адзінак у 2019-м да 144 у 2023-м.
Агулам газэт таксама стала меней. Калі ў 2019 годзе выходзіла 471 выданьне, то ў 2023-м ужо 372. А калі параўноўваць з 2001 годам, то газэт стала ў 1,7 раза меней (тады іх было 633).
Кнігарня незалежнага выдавецтва «Логвінаў» у Менску, архіўнае фота. Пасьля 2020 году выдавецтва спыніла сваю дзейнасьць у Беларусі, зараз працуе за мяжой
Што выдаюць
Свабода паглядзела, што выходзіць цяпер у беларускіх выдавецтвах — як у дзяржаўных, так і ў прыватных. Кніжныя навінкі можна падзяліць на некалькі катэгорый: перавыданьне клясыкі, навуковая літаратура, ідэалягічная літаратура, кнігі для самаразьвіцьця.
Напрыклад, на сайце дзяржаўнага выданьня «Мастацкая літаратура» рэклямуюць навінкі месяца. Гэта перавыдадзеныя «Вечера на хуторе близ Диканьки» Мікалая Гогаля, «Чорны замак Альшанскі» Ўладзімера Караткевіча, зборнік твораў беларускіх клясыкаў «Радзіму ў сэрцы я нясу», перавыданьне вершаў Якуба Коласа.
На сайце дзяржаўнага выдавецтва «Беларусь» паведамляюць пра нядаўнія прэзэнтацыі кніг праўладнага гісторыка Ігара Марзалюка «Разам назаўжды. Дзень народнага адзінства», а таксама кніг прапагандыста Аляксея Мукавозчыка «Нататнік агітатара» і «Беглыя і сьмешныя».
У прыватных выдавецтвах выходзіць шмат кніг аб самаразьвіцьці, псыхалёгіі, эзатэрыцы. Трапляюцца таксама выданьні па-беларуску, зьвязаныя зь міталёгіяй, пераклады сусьветнай клясыкі па-беларуску.
«Кнігі ўсё больш трапляюць пад увагу прапагандысцкай машыны»
Паводле галоўнага рэдактара bellit.info, крытыка Ціхана Чарнякевіча, на зьмяншэньне аб’ёму выданьня кніг на беларускай мове ўплывае палітызацыя, а таксама цэнзура.
«Раней кніжкі і брашуры, якія выдаваліся па-беларуску, мелі больш пазытыўную канатацыю, беларуская мова была прывабнай і ў дзяржаўнай сфэры. На ёй друкавалі і незалежныя, і дзяржаўныя выданьні. Зь цягам часу беларуская мова пачала набываць больш палітызаванае адценьне. Хто раней замаўляў тыя ж буклеты па-беларуску, цяпер думае, ці варта гэта рабіць», — кажа Ціхан Чарнякевіч.
Ціхан Чарнякевіч
З 2020 году ў Беларусі ўлады закрылі прымусова альбо змусілі закрыцца з уласнай ініцыятывы каля дзясяці незалежных выдавецтваў, зазначае суразмоўца. Да таго ж пагоршылася сытуацыя з цэнзурай дзяржаўных выдавецтваў, якая існавала заўжды.
«Сталая цэнзура існуе ў Беларусі даўно, з пачатку 2000-х. Зараз проста кожны выдавец ведае, што яго будуць чытаць у друкарні і шукаць «адхіленьні ад дзяржаўнай палітыкі». Кнігі ўсё больш трапляюць пад увагу прапагандысцкай машыны, і гэта ўплывае на ўзмацненьне цэнзуры», — гаворыць Ціхан Чарнякевіч.
Удар па незалежных выдавецтвах удалося часткова кампэнсаваць выданьнем беларускіх кніг за мяжой, кажа суразмоўца.
«Пачалі зьяўляца новыя праекты, займаюцца раней не занятыя нішы. Напрыклад, калі чалавек займаецца выдавецтвам паэзіі, то яго ўжо асацыююць з гэтым кірункам. Аднак па-ранейшаму складана дастаўляць у Беларусь. Ня кожны наважыцца замовіць, ня кожны выдавец наважыцца адправіць. Гэтым займаюцца адданыя людзі. Дыяспаральныя ж цэнтры могуць спакойна замовіць сабе новую кніжку», — падкрэсьлівае суразмоўца.
У Беларусі ж у дзяржаўным кнігавыдавецтве пануе стагнацыя, бо крэатыўная кляса ў многіх выпадках не супрацоўнічае зь імі ці выехала за мяжу, кажа экспэрт.
«Немагчыма, каб дзяржава перахапіла ініцыятыву ў сфэры выдавецкай дзейнасьці. Аднак у Беларусі выходзяць сур’ёзныя пераклады, выходзяць цікавыя арыгінальныя дзіцячыя кнігі. Цяжка закранаць пэўныя гістарычныя тэмы: рэпрэсіі, акупацыю. Дасьледчыкі далей спрабуюць займацца сваімі праектамі, выходзяць цікавыя навуковыя выданьні», — прыводзіць прыклады Ціхан Чарнякевіч.