Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч атрымаў Ляйпцыгскую кніжную прэмію еўрапейскага паразумення

26 сакавіка на сцэне канцэртнай залы Гевандхаус у Ляйпцыгу беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч быў уганараваны адной з найпрэстыжнейшых літаратурных прэмій Еўропы — Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй за еўрапейскае паразуменне, піша reform.news.

Aĺhierd Bacharevič
Фота: Юля Цімафеева

Дзяржаўная міністарка культуры і турызму Саксоніі Барбара Клепш уручыла аўтару ўзнагароду за ягоны раман «Сабакі Эўропы» — нагадаем, што журы прэміі вылучыла твор Альгерда Бахарэвіча сярод іншых прэтэндэнтаў аднагалосна. «Немагчыма з большай жарсцю напісаць пра Еўропу», — адзначыла нямецкі палітык на цырымоніі. Аўтаркай laudatio — урачыстай прамовы ў гонар аўтара — выступіла швейцарскі літаратурны крытык і рэдактарка Зігліндэ Гайзэль

Кульмінацыяй вечара сталася Прамова падзякі беларускага літаратара на нямецкай мове, якая выклікала працяглыя авацыі.

Aĺhierd Bacharevič i ministarka kuĺtury i turyzmu Saksonii Barbara Kliepš
Альгерд Бахарэвіч і міністарка культуры і турызму Саксоніі Барбара Клепш. Скрыншот з трансляцыі цырымоніі ўзнагароджання Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй.

... Мая кніга, напісаная пяццю гадамі раней, была прызнаная экстрэмісцкай літаратурай. «Экстрэмізм» — той цэтлік, які рэжым Лукашэнкі наклейвае на ўсё, што не паддаецца кантролю, на ўсё, што жывіць ягоныя страхі. «Экстрэмісцкая літаратура» — гэта значыць, што вас выкрэсьліваюць са сьвету жывых. З гэтага моманту вашае імя будзе згадвацца выключна ў «Сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гэта адзінае месца, дзе вашае існаваньне яшчэ знаходзіць хоць нейкае пацьверджаньне. Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў даволі доўгі. Кніга мёртвых, якая публікуецца ў афіцыйных газэтах, каб напужаць чытачоў. І іншых, пакуль яшчэ ня ўнесеных у гэтую кнігу аўтараў...

Aĺhierd Bacharevič
Скрыншот з трансляцыі цырымоніі ўзнагароджання Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй

Год за годам у маім экзылі мне задаюць тое самае пытаньне: чаму вашы кнігі такія небясьпечныя для ўлады? А я задаю сабе іншае пытаньне: ці чыталі цэнзары тыя кнігі, якія яны забараняюць? І ці ўмеюць яны наогул чытаць?

Цэнзура ёсьць вычварэнскім мастацтвам чытаньня. Яе задача — знайсьці шкодныя й небясьпечныя словы ў тэксьце кнігі.

Нават калі іх там няма.

Праблема палягае ня толькі ў тым, што цэнзары кепска валодаюць ненавіснай ім беларускай мовай. Словаў, якія знаходзяць цэнзары ў маіх кнігах, там і праўда няма. Там няма ніякіх заклікаў да захопу ўлады або да рэвалюцыі. Няма абразаў непагрэшнага фюрэра. Няма ні палітычнай агітацыі, ні апазыцыйнай прапаганды...


Мы ня мусім здрадзіць свабодзе дзеля фікцыі міру, у імя кампрамісу з дыктатарам. Усё, што нам застаецца — трымацца эўрапейскіх каштоўнасьцяў, як бы нас ні імкнуліся пераканаць, што іх час мінуў. Каштоўнасьці не мяняюць у залежнасьці ад волі тыранаў. Дэмакратычных імпэрый не існуе. Мір, дасягнуты саступкамі крамлёўскім тэрарыстам, абавязкова прынясе Эўропе новую вайну. Паветра ў маёй Эўропе дрыжыць і пахне гэтаксама, як яно дрыжала й пахла ў жніўні 1939-га.

Дзе ў гэтых вірах Беларусь? Што такое сёньня мая Беларусь? Стратэгічны Лес Расейскага Райху? Прывід, што блукае па вялікім і цёмным доме сучаснай Эўропы? Пустата, якую нашыя суседзі ня ведаюць, чым запоўніць? Магчыма. Але Беларусь — гэта і паўтары тысячы палітычных зьняволеных, якія гадамі цярпяць гвалт і прыніжэньне. Гэта дзясяткі тысяч пакараных безь віны людзей. Гэта сотні тысяч палітычных эмігрантаў. Гэта негвалтоўны супраціў тых, хто застаецца ў Беларусі. Адчайны супраціў, часьцей за ўсё ня бачны за межамі краіны. Але я спадзяюся, што мой раман прапануе больш складанае бачаньне таго, чым ёсьць Беларусь. Беларусь — гэта іншая Эўропа. Згвалтаваная, але жывая. Беларусь марыць пра волю.

Як і тысячы гадоў таму, Эўропа — гэта месца, адкуль можна ўцячы, не пакідаючы яе. У Эўропе можна застацца, ня маючы магчымасьці ў яе вярнуцца. Сумны эўрапейскі парадокс.

Aĺhierd Bacharevič
Скрыншот з трансляцыі

Глядзець цалкам трансляцыю з цырымоніі ўзнагароджання прэміі і адкрыцця Ляйпцыгскай кніжнай выставы можна тут.