Восень – час інтымных прызнанняў.
У чым бы такім прызнацца? Вядома, лепш за ўсё ў нейкіх перверсіях. Хаця б пісьмовых. Дык вось:
Я заўжды быў прыхільнікам беларускай лацінкі.
На камін-аўт гэта, вядома, не цягне, дык няхай будзе хаця б подзвігам камінара – якога ніхто не абвінаваціць у тым, што ён чорны. Белы камінар – лянівы камінар. А Белая Русь – лянівая Русь. Толькі лянівы беларус не ўмее пісаць беларускай лацінкай. Правілы простыя – было б жаданне. І веданне мовы – адзінае, што важна для таго, хто піша: кірыліцай ці лацінкаю – якая розніца.
У мяне жаданне было. Лацінка! З легендаў і казак былых пакаленняў… У юнацтве я быў ёй апантаны. Я пісаў лацінкаю канспекты і любоўныя лісты. Вершы і прозу. Я і цяпер паслугуюся ёй, калі пішу сам сабе. Чарнавікі, паштоўкі, занатоўкі…
Я люблю беларускую лацінку. Па-першае, таму што гэта прыгожа. Хаця “прыгожа” – даволі сумнеўны аргумент у краіне, дзе ўсё фарбуюць у ружовы колер, нават мінуўшчыну, коміны і вакзальныя прыбіральні. А па-другое, таму што…
Але стоп. Дзіўна, але каб сказаць слова ў абарону беларускай лацінкі, трэба пачынаць не з фарбы, не з прыбіральняў часоў ВКЛ і не з канспектаў. Трэба пачынаць з паэзіі.
Паэтаў у Беларусі – па нейкай ідыёцкай традыцыі – любяць называць летуценнікамі. Магчыма, таму і стаўленне да паэтаў такое насцярожанае – як да нейкіх лунатыкаў. Пакуль нармальныя людзі лічаць літы і лётаюць лаўкостамі ў Барселону – летуценнікі летуцяць сабе, летуцяць, і нічога з імі не паробіш.
У свой час акурат летуценнікі і летуценніцы і прыдумалі яе – Беларусь. Тую, дзе мы цяпер жывем. У нейкім сэнсе тое, якая яна ёсць, – вынік і наступства іх летуценняў: хто куды летуцеў, туды яна і паляцела, гэтая краіна. У нечым недалетуцелі, у нечым пералетуцелі. Што атрымалася – з тым цяпер і жыць. Рэалісты, практыкі і хірапрактыкі, людзі дзеяння, рыцары вышыванкі і кінжала атрымалі на рукі мрою і дагэтуль чэшуць патыліцы – што ж з ёй рабіць. У мроі няма інструкцыі па карыстанні. Летуценне лятучае, як газ. І як без газу, без яго немагчыма збудаваць сабе будучыню.
Кажуць, беларусы – нацыя паэтаў… Было б гэта праўдай – што чакала б такую нацыю? Калектыўнае летуценне заўжды заканчваецца трагедыяй. Але, на шчасце, паэт-летуценнік – гэта архаізм. Беларускія паэты – гэта рэалісты. Суворыя рэалісты. І за гэта ім вялікі дзякуй. Нацыя ўратаваная, і ёй больш не да летуценняў. Летуценнікі засталіся там – на прыпынку. Рэалісты паехалі далей.
Вось, напрыклад, Ніл Гілевіч. Ну які з яго летуценнік? Чытаю ў “Дзеяслове” ягоныя запісы розных гадоў. Адразу відаць, што пісаў чалавек гаспадарлівы: што да краіны, што да мовы. Так бы мовіць, крэпкі хазяйственнік, рэаліст да мозгу касцей. І гэты рэалізм нават трохі палохае.
“У апошнія гады ў нас усё часцей чуюцца галасы, – напісаў некалі народны паэта, – што беларускае пісьмо – дзеля збліжэння з Еўропай – трэба пераводзіць з кірыліцы на лацініцу”.
Людзям, якія не вераць у перверсіі і ўтопіі, ужо мусіць зрабіцца страшна. Лацінскія літары самі па сабе – знакі бяды. Таму іх тут так баяцца. Лацінка яшчэ нікога не давяла да дабра.
“… Робяцца нават практычныя спробы друкаваць тэксты лацінскім алфавітам”, – запісаў Ніл Гілевіч у канцы 90-х гадоў. “О божа мой! – мусіць сказаць кожны беларускі патрыёт. – Нават практычныя!” Куды коціцца свет. Тое, што яны, гэтыя спробы, рабіліся паўсотні і нават сотню гадоў таму, а тое і больш, нікога не цікавіць. Мінуўшчына пафарбаваная ў ружовы колер – а ён так усё асвяжае.
“Ініцыятыва гэта – кур’ёзная, – папярэджвае нашчадкаў пра небяспеку лацінкі Ніл Гілевіч. – Калі ўвогуле не правакацыя. За зменай алфавіту – змена пісьменства, а г.зн. – асуджэнне на смерць усёй нашай літаратурнай спадчыны, якую немагчыма – усю! – перавесці на новае пісьмо. У свой час бальшавікі зрабілі такі дзікі гвалт у Сярэдняй Азіі: традыцыйнае арабскае пісьмо замянілі кірылічным, якое зусім не прыдатнае для перадачы іх жывога маўлення…”
Вядома, той факт, што лацінскае пісьмо ў Азіі, нават у не надта Сярэдняй, даказала сваю жыццяздатнасць значна раней за канец дзевяностых гадоў, – аргумент такі самы сумнеўны, як прыгажосць. Урэшце, каму якая розніца, што лацінкай карыстаюцца нават в’етнамцы – значна далейшыя ад нас за, напрыклад, узбекаў? Лацінка – гэта правакацыя, і ўсе яе прыхільнікі, ясная рэч, агенты спецслужбаў. Я б пайшоў яшчэ далей – бо чаго ўжо тут хавацца. Тыя, хто выказвае свае сімпатыі да беларускай лацінкі, – гэта такая сэксуальная меншасць у Рэспубліцы Беларусь. Нас мала – але значна болей, чым вы сабе думаеце. Мы любім не тых, каго прынята. Мы перверты. І не збіраемся гэтага саромецца. Хаця, улічваючы прыдуманыя вамі традыцыі, нам мусіць быць сорамна. Бо нашы літары такія непрыстойныя і падрываюць веру ў традыцыйныя каштоўнасці.
Бо і праўда: варта параўнаць два вершы, а дакладней адзін верш у двух варыянтах, каб зрабіць выбар на карысць адзіна слушнага:
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах… –
напісаў адзін паэт-летуценнік. І ўсё нармальна. А вось гэта гучыць падазрона, а выглядае дык і зусім антыпатрыятычна:
Tolki ŭ sercy tryvožnym pačuju
Za krainu radzimuju žach… –
І вось тут, канечне, адчуваецца ўжо нейкае хунвэйбінства. Нейкая такая правакацыя.
Лацінка – апошняе беларускае летуценне. Прыгожая ўтопія, у якой – калі быць рэалістамі – няма будучыні. Каб так летуцець – трэба быць адарваным ад рэальнасці. Адарваным ад зямлі. А на зямлі…
На зямлі ўсё не так проста.
Ну каму ў пачатку дваццатага стагоддзя магло прыйсці ў галаву, што праз сто гадоў на мапе Еўропы, з якой так не хочуць збліжацца праціўнікі лацінкі, будзе існаваць дзяржава пад назваю Рэспубліка, ізвініце за выражэніе, Беларусь? Каму магло прысніцца ў страшным сне ў канцы дзевяностых гадоў (мы ўсе тады былі ўжо жывыя) – што ў мінскім метрапалітэне будзе жыць сабе пажываць амаль правільная беларуская лацінка? Між тым, паміж гэтымі снамі – сто гадоў. Усё здарылася не так, як марылася. Лепей і прыгажэй. Толькі ружовага колеру зашмат.
Лацінка – самае прыгожае еўрапейскае летуценне Беларусі. Летуценні бываюць розныя. Ёсць бессэнсоўныя: шукаць нейкі знак, сімвал, які аб’яднае ўсіх беларусаў. А іх, як паказвае сучаснасць, нават алфавіт не можа аб’яднаць – усіх без выключэння. Беларуская лацінка – летуценне значна больш сэнсоўнае. Тым, хто піша лацінкаю, не трэба шукаць знак і сімвал – іх і так хапае.
Č, Š, Dź, Ć, Ŭ, Ń, Ś, Ć…
Прыгожыя сімвалы, здольныя зрабіць так шмат.
Лацінка – самы дзейсны сродак узмацніць тую самую ідэнтычнасць, якую марна намагаюцца ажывіць з дапамогай арнаментаў, гербаў і іншых аплікацый. Лацінка здольная ўмомант адасобіць адзін народ ад іншага, які падаецца такім блізкім – руку працягні. Лацінка была для шматлікіх еўрапейскіх народаў цывілізацыйным выбарам – і яны яго зрабілі. А зрабіць такі выбар ніколі не позна. Было б жаданне. Было б паменей ляноты ў камінара.
Лацінка – нешта нерэальнае, лацінка – летуценне. Як паэзія. Дзіўна, але добрых паэтаў лёгка вызначыць па тым, як яны ставяцца да таго, што іх называюць паэтамі. Сапраўдныя паэты пачуваюцца досыць няёмка, калі выкрываюць іх сапраўдную сутнасць. Добры паэт ніколі не скажа, што ён паэт. І сапраўдны летуценнік не прызнаецца ў анкеце, што ён – летуценнік. Беларусь паўстала з летуценняў, у якія ніхто не верыў. Таму, запісваючы беларускую лацінку ў разрад бесперспектыўных, варта памятаць, што некалі самую гэтую мову таксама не разглядалі як жывучую істоту, якая ацалее і захаваецца, прайшоўшы праз усе выпрабаванні.
І на адной з кніг нашай хатняй бібліятэкі будзе стаяць такі аўтограф:
“Darahomu Alhierdu Bachareviču zyču, kab za voknami nas čakali darahija nam ludzi i vartyja novych knih siužety”.
Некалі, каб быць беларусамі, трэба было быць летуценнікамі. Цяпер, каб быць беларусамі, трэба быць рэалістамі. Беларуская лацінка – летуценне, без якога рэальнасць была б слабая, як галюцынацыя. Беларуская лацінка – рэальнасць, якая прымушае верыць у летуценні. Урэшце, беларуская лацінка – гэта проста прыгожа. Сумнеўны аргумент у краіне, дзе існуюць такія запасы ружовай фарбы, але час паказвае, што сумнеўныя аргументы тут і ёсць самыя моцныя.
Альгерд Бахарэвіч