На святкаванні дня народзінаў Аляксандра Кулінковіча 18 мая ў мінскім клубе “Мулен Руж” выступіла толькі адна каманда. Як тое ні намагаліся хаваць, ёй прадказальна апынуўся Neuro Dubel.
На пачатку выйшаў арганізатар канцэрту Павал Кашырын і заявіў, што будзе сольны канцэрт гурта Neuro Dubel і больш выканаўцаў не чакаецца ды ніякіх назваў згаданаму гурту выдумляць не будуць. Каб правесці канцэрт негалосна забароненай каманды Аляксандра Кулінковіча, яму давялося пайсці на хітрыкі. Арганізатар зняў клуб пад святкаванне дня народзінаў музыканта (які насамрэч быў у гэты дзень) і прадаваў на яго квіткі. “Дзякуй за смеласць уладальнікам гэтага клуба”, – прамовіў Кашырын, і разам з сваёй прыгажуняй-жонкай паклікаў імянніка ды падараваў яму ягоны ж партрэт: “У заслужанага артыста ў кабінеце павінен ён вісець”. На фоне гледачы скандавалі: “З днём нараджэння”, не хапала толькі торта. Neuro Dubel пачалі з заліхвацкага ўступу да “Афтараў праўды”. На пачатку гук быў проста жудасны, гурт гучаў нібы замураваны за каменнай сцяной, але настрою гэта акалічнасць не псавала, а пад сярэдзіну канцэрта сітуацыя выправілася і кожнае слова Кулінковіча стала чуваць.
У гэтым клубе яшчэ ніколі дагэтуль не гучаў панк-рок. Пафасны “Мулен Руж” быў створаны для іншых мэтаў: свецкія раўты там, гламурныя вечарыны ды мажорныя дыскатэкі, а тут – “Переехала комбайном”. Але пачуваліся на чужой тэрыторыі ўсе ўтульна. Бо Кулінковіч яе можа стварыць дзе заўгодна. Людзі тут са сцэны не скакалі, а проста ўзбіраліся на яе ды махалі рукамі, падпяваючы. Як паважных год напаўаголены спадар, які, седзячы на сцэне, паўтараў, як мантру, прыпеў кожнай песні, эмацыйна пры гэтым жэстыкулюючы.
Кул абсурднай сітуацыі трошкі падыгрываў: “У нас жа ўсе песні пра любоў, пра іншае мы не пяем”, – і зацягваў “Ворсинки”, “Belarus uber alles”, “Край”. А ў песеньцы “Нельзя” ўставіў: “Видел Лукашенко, про его не будем, про его нельзя”. На прыпеве “Підарасаў” лідэр “дзюбелей” аддаў мікрафон у натоўп, а сам узяўся павальсіраваць з другім вакалістам Юрам Навумавым, а басіст Яўген Броўка ў гэты ж час з надзвычайнай пяшчотай аблізваў грыф сваёй бас-гітары. У першых шэрагах Кулінковіча падтрымлівалі яго жонка і сын. Сын нават выйшаў на сцэну, каб падпець бацьку песню пра Гагарына, якая ў гэтай сувязі набыла зусім іншы сэнс.
“Чым добрая наступная песня, дык гэта тым, што яе не трэба спяваць”, – прамовіў Кулінковіч нібы на апошнім уздыху, прылёг на сцэну, а музыкі зайгралі тэму “Звёздочек”. Меў рацыю лідар “дзюбелей” – спявала заля. А зусім разышліся на практычна народным творы “Резиновый дом” – гэта той нумар, дзеля якога трэба наведацца на канцэрт гурта Neuro Dubel кожнаму хоць раз на жыццё.
“Бісаў” Кулінковіч прасіў не рабіць – час быў жорстка рэгламентаваны. Так што сыгралі яшчэ “Можно жить” і трошкі болей. На “Ничего на свете больше нет” і развіталіся. Зусім ненадоўга. Да зняцця забаронаў.