Аляксандр Ждановіч: “Калі хочаш жыць — трэба перастаць фатаграфаваць”

04.09.2013 Асоба

У новым выпуску «Творчай гісторыі» пра пачатак уласнай творчай кар’еры расказвае фатограф Аляксандр Ждановіч, ён жа Таранціна — былы медбрат, які працуе з budzma.org і больш за пяць год жыве са здымачом у руках.

Сотні тысяч фота Таранціна

У часы, калі я працаваў медбратам пасля вучэльні, бацька даў мне пакарыстацца «мыльнічкай». На вечарыне са страбаскопам атрымалася пару някепскіх фота. Пачаў браць тую мыльнічку ўсё часцей, а на дзень народзінаў мне падарылі люстэркавы здымач. Я яго з рук не выпускаў, сотні тысяч фота. Такі прыцып: якасць праз колькасць. Я не хадзіў ні на якія курсы, і толькі зараз пачаў разумець, што гэтага не хапае.

Калі здымаеш сам па сабе, хочацца паслухаць разумнейшага за сябе. Каб ты, нібы губка, пачаў упітваць яго досвед. Часам ты атрымліваеш інфармацыю не ад сваіх настаўнікаў, а ад людзей, якія нічога не разумеюць у фота. Іх заўвага — і разумееш, чаго табе не хапала. Самастойны шлях — вельмі доўгі.

Я магу залезці на дах, а нешта глыбокае не заўсёды атрымліваецца

Я разумею, што мне шмат чаго не хапае. Напрыклад, разумення, куды ісці далей. Проста «шчоўкаць» на канцэртах — гэта адно. А кантэкст, калі можна чытаць між радкоў — зусім іншы узровень.

Я магу залезці на дах, на галаву барабаншчыку — але зрабіць нешта глыбокае не заўсёды атрымліваецца. У канцэртным фота я пакуль не сустракаў глыбокіх здымкаў.

Я шукаю ў далёкіх краінах. Знайшоў, падаецца, у Нідэрландах — невялікай краіне — чалавека, які ўжо год дзесяць здымае амаль на ўсе іх газеты. Ён добры рэпартажнік, здымаў гісторыі пра Чарнобыль — і ў той жа час год дзесяць вядзе гісторыю аднаго гурта.

Tarantino.by-2012-Sung-Sattawood-1636

Мне дапамагла медыцына: я зразумеў, што трэба трымацца ад яе далей

Я працаваў чатыры гады на хуткай, нават роды прымаў адзін у машыне. У мяне захаваўся гэты медыцынскі снабізм, калі не спачуваеш, а кажаш «праз два тыдні зажыве».

У краіне з медыцынай кепска. Не ведаючы падпазногцевай, дапамагчы некаму вельмі складана. Нават грошы не дапамогуць.

Я, насамрэч, баюся медыцыны. Мы з сям’ёй ужо два гады лекуемся гамеапатыяй. У мяне здымаюцца прыступы бранхіяльнай астмы. Хаця на хуткай я бачыў, як людзям з такім дыягназам рабілася ўсё горш і горш, лекі пераставалі дзейнічаць. А зараз усё, я вылекаваўся. Так, медыцына мне дапамагла: я зразумеў, што трэба трымацца ад яе далей. Калі б не кінуў медыцыну, было б кепска. Як толькі я пачаў займацца сваёй справай, усё наладзілася: з’явілася каханне, жонка, дзеці і нават кватэра. Тэрмінова раю ўсім заняцца сваёй справай. Нават калі пакуль не надта атрымліваецца.

Tarantino.by-2012-Neuro-Dubel-9955

Маё хобі — жыццё

Складваецца так, што маё жыццё — гэта маё хобі. Мая праца, сям’я, вандроўкі, якія мы ладзім, прырода… Колькі я фатаграфую, вельмі залежыць ад сезона. Але ў сярэднім я тры-чатыры разы на тыдзень працую на канцэртах, потым ад гадзіны да трох апрацоўваю фота. Раней рабіў гэта па начах, а зараз змяніў рэжым дня. Падымаюся а чацвёртай раніцы, пасля медытацыя, ёга, за працу — і а дванаццатай усё гатова. Выходныя ў мяне часцей за ўсё сярод тыдня.

Tarantino.by-2011-The-Toobes-6720

Фота павінна быць смачным

Аднойчы, калі рыхтаваўся да здымак карпаратыву, натыкнуўся ў артыкулах па апрацоўцы фота на слова «смачна». Мне яно спадабалася. Калі ў вас не хапае ведаў зрабіць фота правільным, хаця б зрабіце яго смачным — колер, адценне, кантраст. Ну і кампазіцыя вельмі істотная — яе часта не хапае. У пастановачным фота ты думаеш, як паставіць кадр, а ў канцэртным — прыкідваеш, як лепей стаць табе.

Я сам спрабую перадаць псіхалагічны партрэт чалавека, настрой падзеі. Спачатку малюнак з’яўляецца ў галаве. Пасля я раблю яго з дапамогай камеры. Часам з тысячы здымкаў я выцягваю нешта вельмі нечаканае: чаго я не бачыў, але мой здымач і рукі паспелі зачапіць.

Суадносіны паміж знятымі і выбранымі ў выніку кадрамі шалёныя. Я здымаю тысячы, з іх аддаю 50-100. Цаніць кадр — якасць плёнкавага фатографа. А я толькі адзін раз фатаграфаваў на плёнку. Праўда, ад майго няўмення цаніць кадр пакутую толькі я — плюс 20 хвілін, каб зрабіць адбор. Затое рэдка бывае, што нехта заплюшчыў вочы ў непатрэбны момант.

Архіў маіх фота займае 2 дыскі па 2 тэрабайты. Яшчэ на двух дублюецца інфармацыя: «вінты» часам ляцяць, а лазерныя дыскі яшчэ больш ненадзейныя.

Tarantino.by-2012-Troitsa-4083-2

Здымач у жыцці замінае

Калі хочаш жыць — трэба перастаць фатаграфаваць. Калі я фатаграфую канцэрт, то эмоцыі і цікавыя моманты праходзяць міма. У жыцці тое самае: калі ты глядзіш праз камеру, ты жывеш у лічбавым свеце. Мне падаецца, трэба па-іншаму ацаніць здымач у нашым жыцці. Ён замінае.

Tarantino.by-2013-Koncert The-Toobes&OffSpring-7585

Гэта ганарова — падтрымліваць сваю нацыю

Усё прыйдзе, калі проста займаешся сваёй справай, служыш людзям. Калі б я думаў «хачу зараз, тэрмінова» — даўно б кінуў. Чакаць пяць год для таго, каб на заробак можна было пракарміць сям’ю — гэта вельмі шмат. Я працую не толькі дзеля грошай. Мне падабаецца, што робіць «Будзьма!». Гэта ганарова — падтрымліваць сваю нацыю, культуру, ідэалы. Вяселлі, карпаратывы даюць магчымасць жыць, а праца на «Будзьме» дае натхненне.

artsiadziba.by