
– Гістарычна так склалася, што мае бацькі, і дзяды, і прадзеды нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі і пражылі ўсё жыццё тут, таму маё паходжанне відавочна і я ніколі не сумнявалася, у сваёй этнічнай прыналежнасці.
Малая, я была вельмі цікаўным дзіцём, заўсёды слухала размовы дарослых і выказвала сваё мекаванне наконт праблемы, якая абмяркоўвалася. Неаднойчы я чула пра тое, што Беларусь і Расея імкнуцца да стварэння адзінай дзяржавы, і неяк само сабой у мяне паўставала наіўнае пытанне: дык, а калі гэтае аб’яднанне адбудзецца, якая мова ж будзе дзяржаўнай? Чаму не беларуская?
У нейкая ступені мой шлях да беларускасці прадвызначыла тое, што мне пашчасціла і бацькі аддалі мяне ў беларускамоўную школу (яна была бліжэй за ўсё ад хаты). Таму ўжо з маленства беларуская мова не была для мяне нечым дзівосным ці нават дэвіянтным, а той адзінай мовай, на якой уяўляўлася навучанне, якую я чула і на якой размаўляла кожны дзень, па меншай меры, ў школе. У той час я нават не магла ўявіць, што частка (нажаль большая!) беларускай моладзі з цяжкасцю разумее родную мову. І нягледзячы на тое, што для большасці выкадчыкаў беларуская мова была працоўнай, дзякуючы тым, закаханым у беларускую культуру, нешта пачало абуджацца і ўва мне.
Так сталася, што своеасаблівым каталізатарам, які паўплываў на маё ўсведамленне сябе беларускай, стала беларуская літаратура і яе выкладчыкі. Гэта былі дзве цудоўныя жанчыны. Першая паказала мне ўсю прыгажосць беларускай мовы, распавялала гісторыю краіны, такую цікавую і складаную, адрозную ад афіцыйнага варыянту ў падручніках, яна раіла творы Караткевіча і Арлова , якія былі па-за школьнай праграмай, яна навучыла мяне, як трэба чытаць Коласа, а як Быкава. Пасля, ў Ліцэі БДУ, я сустрэла другую жанчыну, расповеды якой краналі мяне да слёз, а папрасіўшы мяне стаць беларускай пісьменніцай, яна зварушыла нешта ў маім сэрцы і я пераканалася, што менавіта беларуская мова – мова маёй душы.
А потым пачаліся знаёмствы і сустрэчы з цікавымі людзьмі, якія таксама ўведамляюць сябе беларусамі, што яшчэ больш узмацніла маё жаданне размаўляць па-беларуску, думаць па-беларуску, бачыць сны на беларускай мове і быць бліжэй да беларускай культуры.
Аляксандра Сакалоўская, студэнтка