Аляксандра Валодзіна: ”Асноўнае не кроў, а самаадчуванне”

aliaksandra-valodzina

– Мае сваякі з Расіі часам злуюцца, нагадваюць, што я напалову руская, але я ўпарта лічу сабе беларускай,  насуперак усім. Колькі сабе памятаю, у сям’і я размаўляла па-беларуску. Калі закранаць пытанне маёй нацыянальнасці, то я на чвэрць руская, а па маці я — беларуска. Беларус – – той чалавек, які сябе такім лічыць. Я не думаю, што штосьці залежыць ад паходжання, хаця шмат хто кажа, што асноўнае ў вызначэнні  — гэта кроў, але, на маю думку, асноўнае – гэта самаадчуванне. Мая маці размаўляе па-беларуску, і для мяне быць беларускай – цалкам натуральна. Першае, што мусіць вывучыць чалавек, — гісторыя сваёй радзімы. Хаця б павярхоўна. Натуральна, што ўсе не могуць быць гісторыкамі, але нейкае ўяўленне павінна быць у кожнага, каб асэнсоўваць, хто ты ёсць. Для мяне шлях да гісторыі быў прадвызначаны з пяці гадоў. У бібліятэцы маёй бабулы захоўвалася шмат кніжак, якія бацькі мне чыталі ў дзяцінстве. Маёй першай кнігай быў буквар, а другой – “Тры мушкецёры”.

Шкада, але ў нашым грамадстве беларускасць вылучае цябе сярод іншых. Да паступлення ў ліцэй імя Коласа я асабліва не задумвалася над праблемамі і ідэямі беларускасці. Ды й у ліцэй я паступала толькі з-за добрага выкладання там замежнай мовы. У ліцэі ідэі беларускасці былі дамінуючымі, хаця абмяркоўваліся яны часам па-расійску, што мяне здзіўляла. Паколькі я лічу, што, калі ты нешта гаворыш, ты павінен гэта рабіць, я прызвычаілася размаўляць па-беларуску заўжды.

Праз штодзённае жыццё спрацоўваюць ідэі. Калі ты пачынаеш нешта рабіць маленькімі часткамі ў штодзённым жыцці, то справы ссоўваюцца з мёртвай кропкі. Гісторыю будуе кожны чалавек у сваім невялікім атачэнні.

Аляксандра Валодзіна, гісторык, Мінск

Аб праекце “Як я стаў беларусам”