Пра тое, як папулярызаваць беларускую мову і беларускіх герояў ва Украіне распавёў «Салідарнасці» кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь» Аляксей Францкевіч.
Аляксей Францкевіч. Фота: Мар’яна Чарніевіч
— Нядаўна ў Львове з’явіўся Дом вольнай Беларусі, у якім мы фарміруем музей, прысвечаны беларускім героям, якія аддалі свае жыцці Украіне, пачынаючы з Майдана Незалежнасці, з пачатку расійска-ўкраінскай вайны.
Святлана Ціханоўская і Аляксей Францкевіч на выставе «З Украінай у сэрцы» пасля ўручэння медалёў «Гонар і годнасць» жонкам і родным беларускіх воінаў, якія загінулі ва Украіне
Там жа размешчана выстава «З Украінай у сэрцы», якая ўжо больш за год экспануецца ва Украіне і за яе межамі. Яна пабывала ўжо і ў Сейме Літвы, і ў Варшаве. Мы яе паказалі ў Кіеве, Адэсе, Ізмаіле, Бучы, Запарожжы і іншых гарадах.
Гэта стэнды з фотаздымкамі і кароткім апісаннем біяграфій беларускіх герояў. Спіс не поўны, таму што не пра ўсіх хлопцаў, якія загінулі на вайне, мы можам расказаць з прычыны бяспекі іх сваякоў, якія знаходзяцца ў Беларусі.
Сваякі загінулага беларускага добраахвотніка Міраслава Лазоўскага і Аляксей Францкевіч у Роўна на выставе «З Украінай у сэрцы»
Чытайце яшчэ: «Спадчына яго будзе яшчэ прарастаць дзесяцігоддзі наперад...». У Вільні прайшла вечарына памяці беларускага патрыёта Міраслава Лазоўскага
Акрамя таго, у Доме вольнай Беларусі мы аднавілі курсы беларускай мовы. Мы адкрылі іх у Львове яшчэ ў 2021 годзе і спынілі з-за поўнамаштабнага ўварвання. Цяпер іх вядзе Андрэй Мядзведзеў — праваабаронца, філолаг, журналіст. Кожную нядзелю ён прыязджае ў Львоў з Цярнопаля.
— Звярнула ўвагу, калі глядзела навіны ў вашым пабліку, што сярод тых, хто праявіў цікавасць да вывучэння беларускай мовы, — украінцы і жонкі беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне. Каму яшчэ цікавая сёння ў Львове беларуская мова?
— Першы занятак выкладчык пачаў са знаёмства. Большасць удзельнікаў расказвалі пра сябе на ўкраінскай мове. І сярод іх былі беларусы, якія не валодаюць роднай мовай. На курсы прыйшла Галіна, жонка беларускага добраахвотніка, народнага Героя Украіны Дзмітрыя Рубашэўскага (пазыўны Ганс), які загінуў ва Украіне.
Была беларуска, муж якой без вестак знік у Курскай вобласці. Былі сем’і беларусаў, якія тут жывуць ва Украіне больш за 10 гадоў. Прыйшлі ўкраінскія студэнты, беларускія валанцёры, некалькі беларусаў, якія з’ехалі з радзімы пасля падзеяў 2020 года. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і грамадзянскай супольнасці.
На днях быў на мерапрыемстве ва Украінскім каталіцкім універсітэце, і некалькі студэнтаў праявілі цікавасць да вывучэння беларускай мовы і жадаюць далучыцца да курсаў.
— Гэта праўда, што ні ў адным украінскім універсітэце пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання не вывучаюць беларускую мову?
— Пасля поўнамаштабнага ўварвання ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Шаўчэнкі ў студэнтаў знікла жаданне вывучаць беларускую мову, адпаведна, курс адмянілі. Пра гэта расказаў рэктар універсітэта.
Мы паказвалі там выставу, каб студэнтам расказаць пра беларускіх герояў і прывіць ім жаданне вывучаць беларускую мову. І з гэтага года ва ўніверсітэце адноўлены курсы беларускай мовы.
— Раскажы пра музей і яго канцэпцыю. Вы пісалі аб тым, што родныя жонкі загінуўшых герояў, беларускіх добраахвотнікаў аддаюць асабістыя рэчы, якія належалі ім.
— Пачну з перадгісторыі, як з’явілася выстава «З Украінай у сэрцы», а пазней узнік музей. У канцы 22-га года мы думалі правесці аўкцыён, каб сабраць сродкі для дапамогі беларускім добраахвотнікам. Жонка Васіля Парфянкова Алена Гергель прапанавала адзін з экспанатаў, які мог бы стаць лотам. Гэта была шапка з трызубам, якую яму перадалі пасля вызвалення з беларускай калоніі (Васіль Парфянкоў быў палітвязнем у Беларусі — заўв. С.).
Яшчэ думалі выставіць на аўкцыён карціну, на якой намаляваны Васіль з сабакам, а на сабраныя сродкі закупіць неабходнае добраахвотнікам. Але потым, параіўшыся, вырашылі ўсё ж рэчы не прадаваць, а стварыць выставу і расказваць пра беларускіх герояў.
Мы зразумелі, што да нас інфармацыю аб загінуўшых героях ніхто не збіраў. Наогул ніхто і не ведаў, колькі беларусаў ваююць, колькі з іх загінула.
Для таго, каб сабраць інфармацыю і ўзяць дазвол на выкарыстанне асабістых дадзеных і фотаздымкаў, стала пытанне неабходнасці камунікацыі з роднымі загінуўшых. Пасля гэтага мы сталі дапамагаць сем’ям загінуўшых герояў, у якіх засталіся дзеці.
Жонкі загінуўшых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў Дзмітрыя Рубашэўскага і Васіля Парфянкова — Галіна і Алена з паслом Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігарам Кізімам у Бучы на Дзень Волі
Спачатку мы адкрылі экспазіцыю, прысвечаную загінуўшым героям, у Бучы (горад пад Кіевам, дзе ў сакавіку 2022 года падчас акупацыі расійскімі войскамі адбылося масавае забойства мірных грамадзян, якое суправаджалася выпадкамі марадзёрства, выкраданняў і катаванняў — заўв. С.). Таксама ў Бучы па нашай ініцыятыве была перайменаваная вуліца ў гонар беларускага героя Іллі Хрэнава (пазыўны «Літвін»).
Пазней узнікла ідэя знайсці памяшканне ў Львове і стварыць музей. Жонкі беларускіх добраахвотнікаў не толькі перадалі рэчы для музея, яны бралі ўдзел у яго адкрыцці: мылі сцены, вокны.
На адкрыццё прыехалі не ўсе жонкі і бацькі добраахвотнікаў, з розных прычын не атрымалася. Але ўсё перадалі асабістыя рэчы мужоў.
У нас захоўваюцца рэчы Аляксея Скоблі, Дзмітрыя Рубашэўскага, Васіля Парфянкова, Вадзіма Шатрова, Яўгена Логінава, Міхася Шавельскага, Паўла Горбача, Дзмітрыя Апанасавіча, Міраслава Лазоўскага, Аляксандра Стасевіча.
Сярод экспанатаў ёсць карціна, намаляваная ў 2014-м, дзе ўзнімаюць БЧБ-сцяг у Пясках. Музей паціху напаўняецца асабістымі рэчамі, якія нам перадаюць жонкі і бацькі загінуўшых герояў.
Нашая задача — папулярызацыя беларускіх герояў. Самае галоўнае, для чаго мы гэта робім, — збіраем аснову фарміравання Нацыянальнага музея свабоднай і незалежнай Беларусі.
Жонка загінулага Васіля Парфянкова Алена Гергель і кіраўнік ДФ «Вільна Беларусь» Аляксей Францкевіч у Кіеве каля помніка Міхасю Жызнеўскаму, кавалеру ордэна Героя Нябеснай сотні, які загінуў на Майдане ў Кіеве ў 2014-м
— Чым займаецца створаны вамі Цэнтр нацыянальнай памяці?
— У рамках дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь» мы запусцілі праграму «Цэнтр беларускай нацыянальнай памяці ва Украіне». У яе задачы ўваходзіць збор інфармацыі аб загінуўшых героях, перайменаванне вуліц у іх гонар, устаноўка мемарыяльных дошак, акцыі для прадстаўлення іх да ўзнагарод.
Мы сабралі 25 тысяч подпісаў аб пасмяротным прадастаўленні звання Героя Украіны Дзмітрыю Рубашэўскаму, падалі прашэнне на імя Зяленскага аб прысваенні звання Паўлу Суславу (пазыўны «Волат») і іншым нашым героям.
— Колькі па вашых падліках загінула беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне на сённяшні дзень?
— Складана сказаць. Пацверджана больш за 70. Думаю, што гэтая лічба значна большая.
Некалькі дзён таму мы атрымалі інфармацыю яшчэ пра аднаго беларускага героя, які, хутчэй за ўсё, загінуў на «Азоўсталі». Гэтую інфармацыю мы атрымалі ад ягоных пабрацімаў і камандзіра ў падраздзяленні, дзе ён ваяваў.
За два гады, якія прайшлі са знікнення Максіма Стэфаняка (пазыўны «Стэфан»), яны спрабавалі знайсці інфармацыю, якая пацвярджала б, што ён у палоне, што ён жывы. Але, нажаль, такой інфармацыі няма.
Пабрацімы расказалі пра падзеі апошняга бою з яго ўдзелам і звязаліся з намі, каб мы ўвекавечылі памяць пра яго. У нашым музеі з’явіцца яшчэ адзін стэнд з інфармацыяй пра беларускага героя, які загінуў ва Украіне 15 красавіка 2022 г. (афіцыйна ён лічыцца зніклым без вестак).
Я называю імя Максіма Стэфаняка па просьбе ягоных пабрацімаў, якія ваявалі з ім з 2014 года. З роднымі ў Беларусі ён не меў зносін, па іх словах.
— Вы звярталіся да Уладзіміра Зяленскага з просьбай прысвоіць званне Героя Украіны некалькім загінуўшым на вайне беларускім добраахвотнікам. Якія вынікі?
— Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з Міхаілам Падаляком (дарадца Андрэя Ермака, кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны — заўв. С.). На жаль, тут ёсьць праблема, якая тычыцца ня толькі беларускіх добраахвотнікаў. Згодна з дзейным заканадаўствам, званне Героя Украіны можа атрымаць толькі грамадзянін Украіны.
Лічу, што ўкраінскія ўлады павінны змяніць заканадаўства, каб легіянеры, замежнікі, якія ваююць сёння ва Ўкраіне, маглі атрымаць гэтае званне. Гэта будзе справядліва ў адносінах да тых, хто загінуў, змагаючыся за незалежнасць краіны.
— Колькі вуліц ва ўкраінскіх гарадах дзякуючы вашым намаганням носяць імёны беларускіх герояў?
— Больш за дзесяць. Вуліцы носяць імёны Кастуся Каліноўскага, Міхаіла Жызнеўскага і беларусаў, якія ўжо загінулі пасля поўнамаштабнага ўварвання: Івана Марчука, Аляксея Скоблі, Яўгена Логінава, Іллі Хрэнава, Міраслава Лазоўскага.
— Як і раней, фонд «Вільна Беларусь» не атрымлівае на свае праекты грантаў?
— Гэта самы важны момант. Створаны намі «Дом вольнай Беларусі» унікальны тым, што, пачынаючы ад арэнды, рамонту, правядзення мерапрыемстваў — усё робіцца выключна за грошы беларусаў, большасць з якіх жывуць ва Украіне.
Нам дапамагаюць і хлопцы, якія ваююць, і жонкі загінуўшых герояў. За намі не стаіць ніякіх фондаў — не таму, што мы катэгарычна адмаўляемся ад дапамогі, а так склалася. У нас няма досведу напісання праектаў і камунікацыі з гэтымі фондамі.
Прыемна, што пачынаюць далучацца і прадстаўнікі беларускай дыяспары з іншых краін.
— Самае балючае пытанне для беларусаў ва Украіне — легалізацыя. Вы рыхтавалі зварот да ўладаў. Што трэба для таго, каб сітуацыя памянялася?
— Сітуацыя кропкава змяняецца. Што да легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў, яна паляпшаецца. Гэта значыць зараз з пратэрмінаваным пашпартам можна атрымаць і пастаянны від на жыхарства, і грамадзянства. Ёсць законапраект, дзе прапісана, што сем’і вайскоўцаў з пратэрмінаванымі пашпартамі таксама могуць тут легалізавацца. Пытанне, як гэта будзе на практыцы, выглядаць.
У адносінах да іншых грамадзян Беларусі, якія пражываюць ва Украіне, усё застаецца па-ранейшаму.
У Вярхоўнай Радзе Украіны ляжаць два законапраекты. Адзін аб прызнанні Беларусі краінай-агрэсарам, а другі — аб акупаванай тэрыторыі. Палітычнага рашэння няма. Трэба рабіць усё, каб Украіна перамагла і тады, я думаю, тут усе гэтыя пытанні вырашацца.
— Але пакуль Украіна не перамагла, у беларусаў заканчваюцца тэрміны дзеяння пашпартоў, і ім даводзіцца вырашаць: альбо жыць далей ва Украіне без дакумента, альбо з’язджаць.
— Я раю ўсім: калі пашпарт сканчаецца — едзьце. Нават калі Украіна ўвядзе для беларусаў праязны дакумент, невядома, якія краіны яго прызнаюць.
Але самая вялікая праблема беларусаў ва Украіне, на мой погляд, — гэта не легалізацыя, не заблакаваныя рахункі, а тое, што беларусы не хочуць, каб іх ідэнтыфікавалі як беларусаў. Кожны мусіць адказаць на пытанне: што зрабіў я, каб такога не здарылася, і каб беларусы ва Украіне зноў захацелі лічыць сябе беларусамі.
— Калі нашы чытачы захочуць вам дапамагчы, як гэта ажыццявіць?
— Мы будзем рады не толькі фінансавай дапамозе, але і іншай падтрымцы. Магчыма, адгукнуцца людзі, якія гатовы пісаць праекты для фінансавання.
Гэта важна, таму што нашыя валанцёры, якія займаюцца музеем, курсамі беларускай мовы і іншымі праектамі, маглі б атрымліваць за сваю працу ўзнагароду. Валанцёрствам больш складана займацца ў краіне, дзе ідзе вайна, чым у еўрапейскіх краінах.
З фінансаваннем мы маглі б зрабіць больш. Лічу вельмі важнай працу па папулярызацыі беларускіх герояў ва Украіне. Важна расказваць украінцам пра нашу гісторыю і пра тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, таму што гэтай інфармацыі ва ўкраінцаў няма.
Падтрымаць праект Дом свабоднай Беларусі ў Львове, калі для вас гэта бяспечна, можна тут.
Заданаціць на дзейнасць дабрачыннага фонду «Вільна Беларусь», калі для вас гэта бяспечна, — тут.