Увечары 16 мая ў Вільні сабраліся сябры і паплечнікі беларускага грамадскага дзеяча, кнігавыдаўца, аднаго з заснавальнікаў «Белага Легіёну», камандзіра падраздзялення батальёна «Волат» Палка Каліноўскага Міраслава «Мыша» Лазоўскага. Год таму Міраслаў загінуў, прыкрываючы адыход пабрацімаў ва ўкраінскім Бахмуце.
Міраслаў Лазоўскі
Вечарына памяці праходзіць у Музеі акупацыі Літвы. Досыць сімвалічна, бо барацьба за сваё і супраць усходняй навалы — гэта і пра Міраслава Лазоўскага. У залі збіраюцца ўдзельнікі вечарыны з Вільні, Беластока, Варшавы.
Вядоўца імпрэзы, журналіст, кнігавыдаўца, заснавальнік беларускай бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк нагадвае пра шлях Міраслава Лазоўскага, пра Мірыка — большасць называе яго менавіта так, бо, як шматкроць кажуць выступоўцы, ён быў сябрам для многіх беларусаў.
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Мінску. Ягоная маці родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва. Міраслаў атрымаў інжынерную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. У першай палове 90-х рабіў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода». Праз сваю зацікаўленасць гісторыяй у пачатку 90-х гадоў далучыўся да беларускага патрыятычнага руху, у 1995-м увайшоў у Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, з моладзевага крыла якога з часам паўстала арганізацыя «Белы легіён». Міраслаў стаў адным з лідараў гэтай арганізацыі.
Узнагароды Міраслава Лазоўскага
«Памяць мацнейшая за смерць»
Яраслаў Іванюк
«Мірык удзельнічаў таксама ў розных мітынгах беларускай апазіцыі, у тым ліку вясной 1999 года ў Маршы Свабоды, пасля якога яму прысудзілі суткі. У 2000-м яго судзілі, як першага бадай, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Прысудзілі на штраф. Пасля гэтага ён вельмі актыўна ўключыўся ў дзейнасць незалежных беларускіх арганізацый, найперш Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», пазней кампаніі «Будзьма беларусамі», з 2012 года заняўся таксама кнігавыдавецкай дзейнасцю, распаўсюдам літаратуры, стаў супрацоўнікам выдавецтва «Беларускі кнігазбор». Быў падазраваны па справе выбуху ў метро, пазней быў фігурантам «Справы патрыётаў» — яму падкінулі ў багажнік машыны зброю, абсалютна сфабрыкаваная справа, меўся быць гучны паказны працэс, які, на шчасце, не адбыўся. Пасля выхаду з СІЗА Міраслаў Лазоўскі яшчэ больш заангажаваўся ў выдавецкую дзейнасць, быў удзельнікам 7-га З’езда беларусаў свету. Увосень 2021-га, калі пачалася зачыстка беларускага трэцяга сектару, калі ліквідаваліся многія незалежныя арганізацыі, Мірык вырашыў эвакуявацца ва Украіну. Калі пачалася вайна, ён адразу захацеў уступіць у шэрагі байцоў, якія змагаліся з расейскай агрэсіяй. Гэта не было простай справай — Мірык не меў віду на жыхарства, проста беларускі пашпарт. Але атрымалася. Неўзабаве пачалі ўзнікаць беларускія вайсковыя адзінкі, у тым ліку батальён імя Кастуся Каліноўскага, які пазней пераўтварыўся ў полк. Мірык быў адным з камандзіраў групы ў батальёне «Волат», змагаўся пад Кіевам, Херсонам, Лазавым, Бахмутам. Да 16 траўня 2023 года, калі загінуў, прыкрываючы эвакуацыю параненых байцоў сваёй групы», — нагадаў Яраслаў Іванюк.
Людвіка Кардзіс, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, уручыла Ніне Шыдлоўскай, былой жонцы і паплечніцы Міраслава, Ордэн Жалезнага рыцара з кавалерскім крыжом.
Ніна Шыдлоўская і Людвіка Кардзіс
«Я сёння пацікавілася, колькі загінула нашых хлопцаў на расейска-ўкраінскай вайне. Мне сказалі, што па апошніх звестках, такіх 46 чалавек. 46 чалавек — лепшых, мужных, годных. Я думаю, прыйдзе час, калі гэтыя людзі будуць належным чынам уганараваныя ў нашай краіне, іх імёнамі будуць названыя вуліцы, пляцы, ім будуць прысвечаныя паэмы, раманы, фільмы. Памяць мацнейшая за смерць», — сказала Людвіка Кардзіс.
Людвіка Кардзіс
Яраслаў Іванюк далучыўся да цырымоніі: «Не трэба тлумачыць, што Міраслаў сышоў заўчасна, што ён нам усім і Беларусі вельмі патрэбны ў гэты час. Я з Мірыкам пазнаёміўся больш за 10 гадоў таму. Звычайна сустракаліся мы ў сядзібе ЗБС «Бацькаўшчына», таксама на кніжных кірмашах у Варшаве, Беластоку, з’ездзілі ў мой родны ліцэй у Бельск-Падляскім, дзе сустракаліся з вучнямі. Пра смерць Мірыка даведаўся 17 траўня, хацелася верыць, што гэта ўсё няпраўда. У гэтым годзе Рада БНР адзначыла мяне медалём Пагоні. А Мірык адзначаны некалькімі ўзнагародамі Рады БНР за свае баявыя заслугі.
Але я лічу, што менавіта за ўклад у развіццё беларускай культуры ён не дачакаўся адпаведнай узнагароды. Таму гэты мой медаль лічу таксама і медалём Мірыку Лазоўскаму».
«Пра такіх людзей кажуць: соль зямлі»
Кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская: «Мы з Мірыкам пазнаёміліся ў 2000 годзе, калі я прыйшла на працу ў «Бацькаўшчыну» і Мірык стаў з’яўляцца ў нашым офісе часцей. Мы працавалі з Мірыкам, ён браў удзел у распаўсюдзе кніг, выдавецкай дзейнасці, у мерапрыемствах кампаніі «Будзьма беларусамі!», займаўся арганізацыі аховы з’ездаў. Мне таксама цяжка змірыцца, што Мірыка няма. Выдатнае пачуццё гумару, вельмі эрудзіраваны, начытаны, у яго прысутнічала і іронія, і самаіронія, дапытлівы розум, крытычнае мысленне — гэта ўсё рабіла гутаркі і дыскусіі з ім вельмі цікавымі. Іх было шмат, бо шмат было і працоўных вандровак — па Беларусі і па замежжы. І гэта былі часам гарачыя дыскусіі. Але самымі захапляльнымі для мяне, напэўна, былі ягоныя аповеды пра гісторыю Беларусі. Гэта было і з гумарам, гэта было і сур’ёзна — ты нібыта пагружаўся ў гэты час, бачыў гэтых людзей, Мірык заўсёды мог падаць гэтыя гістарычныя падзеі з нейкага такога незвычайнага ракурсу, што да гэтага і падумаць не магла, што наша гісторыя можа быць такой захапляльнай, такой цікавай.
Алена Макоўская
Яшчэ ён быў вельмі надзейным, на яго можна было разлічваць у самыя цяжкія моманты. Пра такіх людзей кажуць: соль зямлі. З ім можна было смела ісці, прыкладам, у грыбы — і губляцца там смела, бо Мірык заўжды знойдзе і выведзе.
Ён умеў сябраваць і гуртаваць вакол сябе людзей, у яго было вельмі шмат сяброў, якія любілі і паважалі яго. Я памятаю, калі мы ехалі на пахаванне Каліноўскага ў 2019-м у Вільню, то не бралі з сабой сцягі — не выключалі ператрусаў на мяжы. І тут ужо, у Вільні, Мірык выдаў нам сцягі і нават дрэўкі аднекуль — і не толькі нам. І калі мы ўжо смела пайшлі і далучыліся да гэтага ўрачыстага шэсця, то процьма людзей аклікала яго: «Мірык, хадзі да нас!», «Мірык, пабудзь з намі!» — было адчуванне, што яго ўсе ведаюць».
«Волат, які трымае беларускае неба над намі»
Алена Макоўская называе Міраслава Лазоўскага «чалавекам нязломным, бо нягледзячы на ўсе пакуты, на ўвесь той ціск, які ён зазнаў і цярпеў, на ўсе гэтыя арышты і затрыманні, ён працягваў працаваць дзеля Беларусі». «Я вельмі шкадую, што ўвесь ягоны патэнцыял не мог быць — як і шмат каго з нашага пакалення — зрэалізаваны ў Беларусі і ў тыя часы, і тым больш у сённяшняй. Але што мог — ён рабіў, яго жыццё было сапраўдным служэннем. Дзе б ён ні працаваў, што б ён ні рабіў — шмат сіл, часу ён аддаваў сваёй краіне, яе светлай і незалежнай будучыні. І тое, што ён пасля выбраў Украіну і вырашыў тым самым змагацца за Беларусь — гэта лагічнае, паслядоўнае рашэнне яго жыцця. І ягоная смерць падчас ратавання таварышаў — гэта таксама тое, што гаворыць, кім быў па сутнасці Мірык. Нашым героем, беларускім волатам, тым, хто зараз трымае вось гэта беларускае неба над намі», — сказала Алена Макоўская.
«Ягоная энергія гатова проста перакрочыць горы»
Літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч: «Мне вельмі пашчасціла ў жыцці, што я пазнаёміўся з гэтым чалавекам, што ён увайшоў у маё жыццё. І мне здаецца, што кожны чалавек, у жыццё якога ўвайшоў Міраслаў, Мірык, будзе з гэтым адчуваннем жыць да канца сваіх дзён. Проста нейкі сімвал такога яркага, моцнага, жыццелюбівага чалавека, што нават зараз — вось яго ўжо год няма — ён дае надзею, дае сілу пераадольваць цяжкасці. Успамінаеш нейкія сітуацыі, успамінаеш размовы, якіх у нас было мільён, успамінаеш спрэчкі, словы, сітуацыі, і ён як бы кажа: «Ну, гэта можна пераадолець, не вешай нос, усё будзе добра». Я, па шчырасці, такім адчуваннем і жыву, таму што ён нікуды не знік з майго жыцця і не знікне ніколі».
Ціхан Чарнякевіч
Ціхан Чарнякевіч успамінае супольную працу з Міраславам ад 2015 года: «Заўсёды кава, цыгарэта, размова. Часам на падвышаных танах. Але ў той жа час мы з ім ніколі не пасварыліся, хаця, напэўна, вельмі-вельмі часта мы з ім не пагаджаліся шмат у чым. То бок ён быў чалавекам, які прымае іншы пункт погляду, паважае чалавека як асобу, але ў той жа час ні на міліметр ад свайго не адступіць. Ён вельмі прынцыповы, вельмі цвёрды ў сваіх перакананнях, такі не сыдзе, не адступіць. І для яго тая праца, якую ён рабіў у «Кнігазборы», была таксама такой дзейнасцю для Беларусі ў тым разрэзе, які на той момант яму быў даступны, магчымы — і ён з яе выціскаў усё, што толькі можна было выціснуць. Ён быў заўсёды накіраваны на вынік: знайсці пісьменніка, які будзе рабіць кнігі, якія будуць прадавацца; прадаць сёння 10, а заўтра 50, а паслязаўтра 100 кніг; зрабіць 5, 50, а потым 150 прэзентацый, каб кніга пайшла па ўсёй Беларусі, каб яе было больш, каб у яе чытачоў было больш, каб гаварылі больш па-беларуску».
Паводле Ціхана Чарнякевіча, у асобе Міраслава Лазоўскага адчувалася, што «ягоная энергія гатова проста перакрочыць горы». «Ён мог быць вельмі шмат у якіх прафесіях патрэбны, неабходны Беларусі, быць вельмі яркай асобай — ён проста вось як зорка свяціў так горача, што грэў усіх, хто яго ведаў. Я ўспамінаю вельмі шмат і апошнія нашы размовы. Пэўна, апошні раз гэта было ўжо перад ад’ездам у Мінску, мы сустрэліся на Ціміразева, як заўсёды, хвіліна ў хвіліну. Была досыць доўгая размова на лаўцы пра тое, у якія тартарары ўсё ляціць і што мы яшчэ не ўсведамляем, наколькі глыбока гэта ўсё ляціць. Была цяжкая, складаная для яго размова — ён быў ужо гатовы з’язджаць. А той дзень — год назад — у Мінску гэта была вельмі страшная для мяне навіна, вельмі балючая і дагэтуль гэты дзень успамінаецца. (...) Вельмі шмат успамінаецца добрага, таму што нічога кепскага не магу ўспомніць пра гэтага чалавека. Чалавек дабрыні, чалавек сілы, моцы і жыццядзейнасці, які, напэўна, ніколі больш мне ў такім вось уцялесненні не сустракаўся. Светлая памяць яму. Дзякуй, што ён з намі быў, ёсць і будзе», — сказаў Ціхан Чарнякевіч.
«Герой Украіны, і герой Беларусі адначасова»
Былы баец Палка Каліноўскага Аляксандр «Кусь» Клачко: Мала нарадзіцца беларусам, складаней заставацца ім да канца жыцця. Вось Міраслаў «Мыш» Лазоўскі нарадзіўся і да канца жыцця заставаўся беларусам. І для мяне ён — і герой Украіны, і герой Беларусі адначасова. Ва Украіне Міраслаў змагаўся за Беларусь. І я таксама так бачу наш удзел у вайне там. Бо мой шлях вяртання ў Беларусь — ён праз Украіну, праз перамогу яе ў вайне з Расіяй, і толькі пасля перамогі Украіны з’явіцца магчымасць вярнуцца ў Беларусь. Смерць Міраслава — страта для ўсёй Беларусі. Але нам трэба прайсці гэты шлях. Калі штосьці атрымоўваеш лёгка, мы гэтага не шануем. Незалежнасць вельмі лёгка атрымалі, таму і вельмі лёгка фактычна адмовіліся ў 1996 годзе. Гэтыя трагедыі, гэтыя ахвяры — падмурак нашай будучай незалежнасці, які будзе ўжо вельмі складана пахіснуць. Для нас наступіў час выпрабаванняў, для беларусаў як нацыі. Для многіх таму прасцей зараз адмовіцца ад сваёй беларускасці. Міраслаў Лазоўскі жыў і загінуў беларусам».
Аляксандр «Кусь» Клачко
«Даказаў, што ён здольны ўсе цяжкасці пераадолець»
Журналіст «Радыё Свабода», былы палітзняволены Алег Груздзіловіч пазнаёміўся з Міраславам Лазоўскім у газеце «Свабода»: «Гэта быў першы для мяне чалавек, які так прыгожа малюе і так з гумарам ілюструе падзеі. Потым нашы шляхі разышліся, і я раптам убачыў яго ў ахове нейкай акцыі. Здзівіўся. А потым яшчэ больш здзівіўся, калі даведаўся, што Міраслаў узначальвае «Белы легіён». І потым я як журналіст стаў ужо рыхтаваць з Міраславам матэрыялы. Кожны журналіст марыць пра такія крыніцы інфармацыі: спакойны, дасведчаны, кампетэнтны, гатовы заўсёды нешта расказаць. (...) «Справа патрыётаў» — і зноў прагучала імя Міраслава. Канечне, было нават здзіўленне, калі Міраслаў выйшаў адтуль (СІЗА) і сказаў: «Усё нармальна». То бок чалавек яшчэ раз даказаў, што ён здольны ўсе цяжкасці пераадолець. Канечне, я не ведаў, што ён там, ва Украіне, але думаў, што ён там акажацца. Я сядзеў у турме і неяк разважаў пра гэта. А калі ўжо выйшаў, то добраахвотнік, з якім кантактаваў, расказаў, што ў яго ёсць камандзір, вопытны і аўтарытэтны, якога ён называў «Генерал». Не казаў, хто ён, але я неяк для сябе вырашыў, што гэта, пэўна, Міраслаў. А потым я пачуў, што беларускі добраахвотнік пайшоў у безнадзейную сітуацыю, пайшоў і загінуў. І зноў я падумаў, што гэта можа быць Міраслаў. Бо ён бы не ўседзеў, а пайшоў ратаваць сваіх малодшых сяброў. І ўжо праз некалькі дзён я даведаўся, што так — гэта ён, Міраслаў. Згодны, такія людзі будуць падмуркам новай Беларусі, але вельмі шкада, што яны ўжо не будуць удзельнічаць у яе пабудове, там ён сапраўды быў бы Генералам. Думаю, яго жыццё будзе натхняць новыя пакаленні на тое, каб давесці справу барацьбы за незалежнасць Беларусі да канца».
Алег Груздзіловіч
«Недаацэнены інтэлектуал Беларусі» і яго запавет
Журналіст, гісторык Алесь Кіркевіч кажа, што ў кожнага ў гэтай залі «ёсць што ўзгадаць пра Міраслава, часам смешныя гісторыі (ён сапраўды быў жыццялюбам), часам гераічныя, часам трагічныя». «Міраслаў найперш для мяне рыцар, настаўнік, прыклад і вялікі сябар. Ведаю, што для вялікай колькасці людзей Міраслаў быў найлепшым сябрам, прыкладам, я сустракаю людзей, якія так і кажуць: «Міраслаў мяне вучыў». Мірык стварыў такую вось сетку людзей агромністую — і кожнаму нешта даў, з кожным камунікаваў. Мірык быў такім, я б сказаў, недаацэненым інтэлектуалам у Беларусі, абшар ведаў і глыбіня гэтых ведаў часам проста зашкальвалі. Шырыня разумення — ён бачыў усю карціну і гатовы быў пра яе распавесці. Разам з тым, ён быў у сілу прыроднай сціпласці чалавекам непублічным. (...)
Алесь Кіркевіч
Запавет ад яго: трэба рабіць тое, што трэба рабіць, што ты ўжо выбраў на сваім шляху, у што ты верыш і бараніць тое, што любіш.
«Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць»
Старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская, былая жонка і паплечніца Міраслава: «Мне, відаць, пашанцавала найбольш — я вельмі добра ведаю Мірыка з 1995 года. Ізноў жа пашанцавала больш, чым каму — я яго ведала з розных бакоў. Як чалавека эрудзіраванага, які энцыклапедычнымі ведамі рознага роду проста жангляваў — яго можна было сярод ночы падняць штосьці запытаць і пачуць адказ. Ці, напрыклад, ён заснуў, расказваючы пра нешта, а прачнуўшыся — працягвае тэму:) Я ведала яго як чалавека, ведала як дзеяча, ведала як аднаго з легіянераў. Нас Бог адарыў пачуццём, якое намнога большае, намнога больш каштоўнае і глыбокае, чым каханне, якое не знікае ні пры якіх варунках. І якое дазваляла, спыніўшы асабістыя стасункі, працягваць глыбіню чалавечых стасункаў».
Ніна Шыдлоўская
Ніна Шыдлоўская згадвае: «Мірык быў вельмі розны, вельмі розны ў розных сітуацыях, і з гумарам, і... Ой, як жа ён умеў злавацца! Ён рабіў шчыра і з глыбінёй душы ўсё. Абсалютна ўсё. (...) Спадзяюся, памяць дазволіць напісаць пра яго, пра шмат якія жыццёвыя сітуацыі... Без яго апусцеў свет — гэта слаба сказаць. Параіцца — з Мірыкам, зверыць каардынаты — з Мірыкам, сарыентавацца, ці правільна ты інтэрпрэтуеш тую ці іншую падзею — гэта з Мірыкам. Гаворачы з ім, я сама пачынала лепш разумець падзеі, свет, людзей. У людзях — не памыліўся ніколі. Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць на стварэнне твораў, на стварэнне фільмаў, артыкулаў і г.д. Спадчына ад яго будзе яшчэ прарастаць дзесяцігоддзі наперад і даваць нам гэты грунт, і для мяне і для многіх нашых сяброў зверку каардынат — ці правільным шляхам мы ідзем.
Гэта насамрэч адзін з тых, на каго абапіраецца наша Беларусь, да якой мы, спадзяюся, хутка дойдзем».
На імпрэзе з любімымі песнямі Міраслава выступіў бард Зміцер Бартосік, вечарыну памяці завяршыў выступ гурта сярэднявечнай музыкі Lity Taler.
Яраслаў Іванюк і Зміцер Бартосік
Lity Taler
Тэкст: Рыгор Сапежынскі. Фота (апроч першага): Стах Войтаў, budzma.org
Чытайце яшчэ: Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы