– Нейкай асабліва закручанай гісторыі самаасэнсавання ў мяне не было. Было вывучэнне ў школе беларускае мовы, потым гадоў у 14 зацікавіўся кнігамі Быкава, Чаропкі, Караткевіча. Потым навучэнне ва ўніверсітэце на гістфаке. Агульным чыннікам фактараў можа назбірацца процьма. Пераканаць сябе ў чымсьці не складана. Асабіста мне, камфортней лічыць сябе беларусам. Падаецца, павінны мінуць гады, каб з’явілася нейкая большая нацыянальная самасвядомасць у нашага насельніцтва. Нездарма ж Маісей 40 гадоў вадзіў габрэяў па пустэльні, каб змянілася пакаленне з рабскай ментальнасцю. А у нас ментальнасць з большага саўковая і па сёння.
Сям’я на мяне не паўплывала, ізноў жа таму, што мае бацькі – былі сапраўдныя будаўнікі камунізму. Бацька нават да Партыі належыў, аднак пасля Чарнобыля расчараваўся і выйшаў з КПСС. Тут трэба зазначыць, што савецкая ідэалагічная машына працавала на ўра. Дзецям з маленства гаварылася, што наша радзім СССР, яна самая лепшая, мы ідзем дакладным шляхам, які пакінуў нам дзядуля Ленін, Гэта нават я смутна ўзгадваю. Потым школа, акцябронкі, піянеры са зборам макулатуры і металаломам, камсамольскія будоўлі. Кожны дзень чалавек адчуваў свой унёсак ў “вялікае”. Энергія маладосці накіроўвалася на стварэнне. У гэтым быў плюс. Сёння мы маем пэўную пустэчу і бессэнсоўнасць. Уся дзейнасць зводзіцца да таго, каб неяк выжыць. Зарабіць, набыць 30 метраў жылплошчы і запоўніць іх малакарыснымі рэчамі. Адчуванне бессэнсоўнасці шмат каго не пакідае, шэрасць і бытавуха забіваюць усё.
Пытанне нацыянальнай свядомасці досыць складанае. У першую чаргу быць беларусам — не лічыць сябе рускім, палякам, габрэем і іншымі нацыянальнымі меншасцямі, якія сярод нас. Другое – павага да мовы і традыцыяў, чаго, на жаль, засталося няшмат, бо ўсе мы родам з Вялікага і Магутнага Савецкага Звяза, а гэта — іншая культура і каштоўнасці. Культура беларусаў, на мой погляд – гэта вясковая культура, у адрозненні ад савецкай, якая была досыць урбанізаваная і атэістычная. І ў сувязі з гэтым шматлікія абрады, рытуалы, святы, традыцыі страцілі свой першапачатковы сэнс і засталіся як рудыменты мінулага, якія не нясуць аніякай духоўнасці і сэнсавай нагрузкі. Быць беларусам — гэта адчуваць сваю сувязь з продкамі, са сваёй сям’ёй. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя роднасныя сувязі былі значна мацней чым цяпер, бо ўсё з адной вёскі былі, а сёння мы нават суседзяў па лесвічнай пляцоўцы ня ведаем. Вось такі ў нас стыль гарадскога жыцця.
Аляксей Вольскі, малодшы навуковы супрацоўнік, гісторык, Орша