Алесь Зайцаў:” Мая беларускасць – гэта прыроднае”

ales-zajcau

– Тое, што я лічу сябе беларусам, здавалася б не мае ніякіх лагічных заканамернасцяў і вытокаў. Я не хадзіў у беларускамоўны дзіцячы садок, не вучыўся ў беларускамоўнай школе, бацькі і сваякі мае беларускай мовай не карысталіся і ўзору ўсведамлення сябе беларусам па вялікім рахунку мне ніхто не падаваў. Адзінае, пра што можна ўзгадаць, кранаючы пытанне беларускасці ў маім выхаванні, гэта хіба заняткі беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах школы. Настаўніца, Антаніна Сяргееўна, як цяпер памятаю, заўжды была не проста настаўніцай для сваіх вучняў, але ў пэўнай ступені прыяцелькай. Праз гэта, відаць, і чыталася ўсё з прыемнасцю і вучылася досыць лёгка, бо ніякай напругі паміж шкалярамі і выкладчыцай не было. Мы нават, па сакрэце кажучы, на перапынках пілі каву разам з настаўніцай, якая ніколі і ні пры якіх абставінах па-руску не размаўляла, толькі на беларускай мове.

А ўвогуле я лічу, што мая беларускасць – гэта прыроднае. Нягледзячы на мае беларуска-нямецка-руска-польскія карані, народжаны я быў менавіта на гэтай зямлі і народжаны я быў менавіта беларусам. І натуральна ж аднойчы ў свядомым ужо ўзросце гэта адчуў. Адчуў, напісаўшы першы верш, які, можа, і не думаў, не жадаў, але проста не змог не напісаць. І напісаўся той верш чамусьці менавіта на беларускай мове. Пэўна, тады і адчуў, што я беларус і гэта мой натуральны стан. Як усведамляю, што ў небе аблокі плывуць, сонца свеціць, таксама ўсведамляю і тое, што я беларус. Тады ж і адчуў гэтую невытлумачальную любоў да Беларусі. І толькі праз некалькі год, падчас навучання ва ўніверсітэце, патрапіў у беларускамоўнае асяроддзе, займеў сяброў – свядомых беларусаў, і мая падсвядомая беларускасць пачала сама сабою выцягвацца на паверхню ўсё відавочней і відавочней з кожным крокам. Шмат хто дапамагаў у гэтым і на дзіва ніхто не перашкаджаў, за што я і тым і іншым удзячны.

Хочацца верыць, што натуральнасць, прыроднасць маёй беларускасці адлюстроўваецца і ў маіх тэкстах, маёй музыцы. Аднойчы некалькі маіх песень з беларускай на ангельскую мову перакладаў паэт з заходняй Украіны, які сам па паходжанні беларус. І перакладаючы выказаў думку, што адметнасць песень менавіта ў тым, што слухаючы іх, чытаючы тэксты, не заўважаеш таго, што яны напісаныя па-беларуску, мова ў іх гучыць натуральна, гарманічна. Для мяне гэта быў вялікі камплімент. Насамрэч усё, што мне выпадае напісаць, пішацца па-беларуску не надумана, без акцэнту на тое, што пішу я менавіта па-беларуску. Думаю, калі ў такім натуральным выглядзе даносіць беларускую мову да рускамоўных беларусаў, то яны пачнуць нармальна да яе ставіцца, ўспрымаць, разумець, карыстацца, любіць яе.

Ну а ў тое, што ў кожным з сапраўдных беларусаў хаця б на падсвядомым узроўні закладзеная любоў да той зямлі, на якой ён нарадзіўся, да гісторыі і культуры гэтай зямлі, я проста не магу не верыць. Як не магу не верыць і ў тое, што я сапраўдны беларус, чалавек для якога за асалоду проста дыхаць беларускім паветрам, жыць пад беларускім небам і любіць Беларусь такой, якая яна ёсць, якою яна была і якой стане.

Алесь Зайцаў, музыкант гурта “Босае Сонца”

Аб праекце “Як я стаў беларусам”