Алеся Серада: “Важна быць Кімсьці”

sieradafota

— У чацьвертым класе прыйшло ўсведамленне, што беларуская мова — мая нацыянальная. Кажуць, да таго я размаўляла на “трасянцы” і мяне пэўны час перавучвалі размаўляць “чыста” па-руску ды па-беларуску, але сама я гэтага не памятаю. Аднак дакладна памятаю, як пішу практыкаванне, дзе трэба перакласці на беларускую слова “мешок”, і перакладаю яго як “мех” (і адкуль я толькі ўзяла гэтае слова? Магчыма, з дзіцячых вершаў Барадуліна або Бураўкіна…). Настаўніца мне яго выправіла на “мяшок”, а я абурылася: як мне падавалася, рускія і беларускія словы для аднаго і таго ж павінныя быць рознымі!

Быць беларусам — гэта без сумневу лічыць сябе беларусам. Моўныя, этнічныя або іншыя прыкметы, на мой погляд, з’яўляюцца другаснымі. Важна быць Кімсьці. Калі ты — Хтосьці, а не Нехта. Самаідэнтыфікацыя, у тым ліку нацыянальная, — фундамент асобы. Калі гэты фундамент хісткі, калі ты сам не ведаеш, хто ты, то вельмі цяжка будаваць на ім гарманічны светапогляд, які дапаможа ў няпростых публічных ды прыватных сітуацыях.

Думаю, асяродак мне толькі паспрыяў. У 5-9 класах у нас была надзвычай свядомая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Галіна Міхайлаўна Івашка (з яе падачы я нават друкавала свае падлеткавыя вершы ў “Нашай Ніве”). Да таго ж аурат быў час беларусізацыі (1994-1997 гады). Над дошкай у нас вісела “Пагоня”, якую ў 1998 годзе пад ціскам кіраўніцтва схавалі за шафу і замянілі “захадам над балотам”. Аднак “Пагоня” засталася ў класе, і мы часам хадзілі глядзець за шафу, як там яна маецца. Сям’я ў мяне да нацыянальнага пытання ставіцца памяркоўна-нейтральна, размаўляюць дома па-руску, але з цікавасцю чытаюць кнігі па беларускай культуры ды гісторыі. Мама зараз ходзіць на экскурсіі “Гісторыкі”.

Алеся Серада, культуролаг

Аб праекце “Як я стаў беларусам”