Жаданне дзяліцца з людзьмі інфармацыяй і падымаць культуру грамадства прывяло яе ў журналістыку яшчэ 25 гадоў таму. Але, пераканаўшыся на ўласным вопыце, што словамі цяжка заахвоціць людзей да дзеяння, яна стала адной з заснавальніц Цэнтра гарадскіх ініцыятыў у Магілёве. У гутарцы з Алёнай Барысавай, журналістам і галоўным рэдактарам магілёўскага гарадскога тэлебачання, высвятляем, чаму ў нашай краіне эканоміка займае больш прыярытэтныя пазіцыі, чым культура. Чаму ініцыятыва па паляпшэнні жыцця горада ідзе, як правіла, «знізу»? Ці залежыць творчы патэнцыял чалавека ад месца яго пражывання? Ці па-ранейшаму журналістыка з’яўляецца чацвёртай уладай? Хто такі сацыяльна адказны гараджанін і чаму не ў кожнага гарадскога жыхара атрымліваецца ім стаць?
— Каб быць гараджанінам, недастаткова проста пераехаць у горад і засяліцца ў цёплую кватэру. Трэба яшчэ мець хаця б элементарную культуру, падтрымліваць жыццё горада, несці сацыяльную адказнасць. Вось узяць, да прыкладу, Магілёў 60-х гадоў: невялікі культурны горад, дзе ўсе адно аднаго ведалі і вялі дастаткова актыўнае сацыяльнае жыццё. У тыя часы нікому і ў галаву не прыйшло б скардзіцца ў ЖЭС, што ў двары не прыбранае смецце або зламаўся плот. Людзі проста бралі і рабілі ўсё самі — для сябе, для сваіх дзяцей. Яны жылі ў гэтым двары, яны ж яго і добраўпарадкоўвалі. Але з часам у Магілёве пачалі з’яўляцца заводы і камбінаты, а для працы ў прамысловасці папрыязджалі людзі з перыферыі. Іх пасялілі ў досыць добрыя кватэры, праца па гаспадарцы адпала: папрацавалі, паспалі, паелі, з’ездзілі ў вёску па сала і бульбу. Так і прыйшла ў горад гэтая «спажывецка-ўтрымальніцкая» пазіцыя, калі кожны сам за сябе.
— Але ж людзі з вёскі прывыклі, што ў іх ёсць сваё падвор’е, якое трэба даглядаць. Чаму пры пераездзе ў горад усё мяняецца і з’яўляецца абыякавасць да таго, што адбываецца вакол?
— Магчыма, таму, што яны не лічаць гэты двор сваім. Яны не нарадзіліся тут, не ведаюць суседскіх бабуль, якім можна было б пакінуць калыску з дзіцем, а самому схадзіць у краму. Прыехаўшы з вёскі, людзі не адчулі сябе «сваімі», і за два наступныя пакаленні ў іх не атрымалася асімілявацца. Хоць цяпер прыезджая моладзь ужо іншая, з імі значна прасцей працаваць. То бок калі сярод старэйшага пакалення яшчэ чутны водгалас савецкага мінулага, калі толькі скардзяцца і патрабуюць, каб усё зрабілі за іх, то маладыя людзі вельмі ініцыятыўныя і актыўныя ў гэтым плане. Яны шмат падарожнічаюць, бачаць вопыт іншых краін. І нават калі ў іх не заўсёды хапае смеласці нешта самім прапанаваць, яны з радасцю адгукаюцца і падтрымліваюць чужыя пачынанні.
— А які Магілёў сёння ў сацыяльна-культурным плане? Што вам падабаецца і не падабаецца ў ім?
— Больш за ўсё не люблю п’янства і нецэнзурныя выразы. Ну і, вядома, тэндэнцыю «прыйдзіце і зрабіце ўсё за нас». Што да культуры і сацыяльнай актыўнасці, то жыццё Магілёва, як і ўсёй Беларусі, мае хвалепадобны характар. Напрыклад, у 90-х гадах прайшла відавочная хваля «адраджэння», калі з’явілася шмат людзей з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. Тады ўсе разам вырашылі адрадзіць зруйнаваную за савецкім часам ратушу, і ініцыятыва ішла ад гараджан, а не «зверху». Аднак варта адзначыць, што і ў кіраўніцтва час ад часу прыходзяць актыўныя людзі. Не так даўно былі мэр Шорыкаў і губернатар Батура, якія адкрыта казалі, што хочуць усіх жыхароў горада зрабіць менавіта гараджанамі. Так з’явілася пешаходная Ленінская вуліца са мноствам кавярняў і крамаў, быў усталяваны Звяздар, які стаў сімвалам горада. І паступова людзі і праўда адчулі сябе гараджанамі!
— Дарэчы, чаму ў Мінску да гэтага часу няма пешаходнай вуліцы, як вам здаецца?
— Магчыма, рэч у «абыякавасці» ўладаў да культуры. Я не думаю, што гэта нейкі далёкасяжны план кіраўніцтва (зрабіць нас жывёлападобнымі), наўрад ці на месцах думаюць так глыбока і глабальна.
Мы, Цэнтр ініцыятыў, усе свае дзеянні ўзгадняем з Гарадскім выканаўчым камітэтам. І зыходзячы з наяўнага вопыту супрацоўніцтва з кіраўніцтвам магу сказаць, што чыноўнікаў галоўным чынам нічога не хвалюе — ім дастаткова падпісваць паперкі і перакладаць іх з месца на месца. Усе глядзяць на кіраўніка горада альбо раёна. Усё залежыць ад кіраўніка камітэта. Папярэдняга нічога не цікавіла, а жыццёвая пазіцыя цяперашняга, Уладзімірава Цумарава, наадварот, досыць актыўная. Яму якраз і не хапае ініцыятывы «знізу», таму ён з радасцю падтрымлівае нашыя прапановы. Магчыма, не апошнюю ролю адыгрывае і той факт, што наш Цэнтр не просіць грошай на рэалізацыю праектаў. Мы прапануем спосаб увасаблення задуманага ў жыццё і, атрымаўшы ўхвалу выканаўчай улады, робім усё самі.
Напрыклад, арганізоўвалі такое мерапрыемства, як «Мастацтва на колах» — распісвалі тралейбусы карцінамі аднаго з нашых мастакоў. Мы заручыліся падтрымкай тралейбуснага дэпо, знайшлі спонсараў, якія дапамаглі надрукаваць працы, то бок дзяржаўным структурам трэба было проста даць «дабро». Ці вось яшчэ: глядзіце, якія цудоўныя паштоўкі. Кожны год усе школы мастацтваў праводзяць заключны выпускны конкурс малюнка, і сёлета мы прапанавалі ім тэму да 70-годдзя вызвалення горада “Свет без вайны”. Аднак умовай былі малюнкі без жахаў вайны, кулямётаў, ветэранаў, медалёў. Вы б паглядзелі, з якім энтузіязмам кінуліся маляваць дзеці. Хоць педагогі спачатку сумняваліся: ну як гэта мы без ветэранаў, без магіл невядомага салдата… Але ж атрымалася: светлы прыгожы праект!
А ў рамках праекта «Графіці на сцяне» мы запрашалі мастака з Віцебска, і ён стварыў цэлае палатно гісторыі ў стылі графіці — усім вельмі спадабалася! Пасля гэтага чыноўнікі нам самі прапанавалі размаляваць 4 абшарпаныя фасадыў цэнтры горада.
Вось яшчэ прыклад з апошняга: арт-лесвіца ў абалоне рачулкі Дубравенкі скарыла магілёўцаў яскравасцю вясёлкавых фарбаў. А “Дранік-fest” — нават для нас нечаканасць: задаволіў амаль чатыры тысячы гараджан! І пры тым не толькі “дармавым” дранікам, а магчымасцю вольных зносінаў пры адсутнасці алкаголю, спеваў пад “фанеру” і без “нагляду” афіцыйных арганізатараў і міліцыянтаў.
З іншага боку, ёсць Упраўленне культуры, але туды ісці наогул няма сэнсу: у іх усё распісана загадзя, ёсць каляндарныя планы, далей за якія яны не ідуць. Не так даўно Магілёў цэлы год быў культурнай сталіцай СНД і Беларусі, і ў гэты час праводзіліся розныя мерапрыемствы. Але нікога не цікавіла, ці запомніць горад гэты год. Галоўнае правесці ўсе па плане, атрымаць падзяку, магчыма, грамату павесіць на сцяну.
— А ў выніку запомніў Магілёў, што ён — культурная сталіца?
— Засталіся графіці на плоце і бронзавы люк каля гарвыканкама. Але зноў жа, ідэя гэтага люка была нашай. Мы самі збіралі грошы на бронзу, падпісвалі дазвол на яго ўсталяванне. І ўсё таму, што сацыяльна-культурныя з’явы ў нашай краіне займаюць далёка не прыярытэтныя пазіцыі. Яны як бы вітаюцца, але перавагі аддаюцца эканоміцы. У нас усюды патрэбныя лічбавыя паказчыкі, пра іх пытаюцца. А за культуру мала хто хвалюецца. Хоць і з эканомікай не ўсё так гладка, як хацелася б. Узяць хаця б пару эканамічных мадэляў на мясцовым узроўні. Напрыклад, ёсць у нас два прадпрыемствы па вытворчасці мэблі IKEA, якія пабудавалі літоўцы: добрыя працоўныя месцы, еўрапейскія ўмовы працы — усё, што трэба. Аднак работнікаў не задавальняе сярэднебеларуская зарплата! Нашы людзі лепш паедуць у Расію, будуць жыць там невядома ў якіх умовах, а потым прыедуць сюды і ўсё прап’юць, чым пагодзяцца працаваць на замежным прадпрыемстве за звычайныя для нашай краіны грошы. І, вядома ж, іх абсалютна не хвалюе, што адбываецца ў родным горадзе. На жаль, большасць здавольваецца тым, каб добра паесці, пабудаваць кватэру. Але я ніколі не была згодная з такой пазіцыяй — гэткае галасаванне каўбасой зусім не па мне. Хоць так жыве большасць, і не толькі ў нас.
— І што ж рабіць?
— У беларусаў, на маю думку, дзве бяды: мы любім скардзіцца і чакаць, што хтосьці прыйдзе і ўсё зробіць за нас. Таму адзіны выхад — асцярожна ўплываць на людзей, уласным прыкладам паказваючы, што можна жыць па-іншаму. Наш Цэнтр гарадскіх ініцыятыў — не грамадская арганізацыя. Гэта аб’яднанне людзей, якія могуць не толькі прапанаваць спосабы палепшыць жыццё, але і паказаць, як гэта зрабіць. Сам Цэнтр — гэта не нешта звышнатуральнае, з’явіўся ён дзякуючы «кiрмашу праектаў» у рамках грамадскай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамi!», які паказаў, што ідэі ёсць (і досыць шмат), проста людзі не ведаюць, як іх рэалізоўваць.
Напрыклад, у мінулым годзе мы праводзілі акцыю “Адправім елкі ў зялёны рай”, у рамках якой прапанавалі звычайным школьнікам збіраць елкі, якія пасля Новага года выкідваюць на сметнік. Мы паказалі дзецям, што ёсць такія спецыяльныя машыны, якія перапрацоўваюць дрэвы ў дранку. А далей гэтай дранкай ацяпляюцца цяпліцы для руж. Вы б бачылі, які ажыятаж быў вакол гэтых елак!
Ці іншы прыклад. Адной з нашых першых акцый была дапамога дзіцячаму хоспісу. Можна было, вядома, адкрыць асабісты рахунак для ўкладаў і ахвяраванняў або паставіць па крамах «скрыначкі», куды можна хоць бы рэшту апусціць. Але навошта, калі ёсць кірмаш? Праз Упраўленне гандлю мы прапанавалі прадпрыемствам добраахвотна адлічыць нейкі працэнт ад выручкі, хто колькі зможа. Многія пайшлі насустрач, і ўсе разам мы не толькі дапамаглі хоспісу, але і прыцягнулі ўвагу грамадскасці да патрэбаў такіх дзяцей.
Гэта значыць, аб праблемах ведаюць практычна ўсе, але нямногія могуць прыдумаць, як лепш зрабіць у такіх сітуацыях. Трэба заклікаць людзей, неяк іх падштурхоўваць — а валанцёры заўсёды знойдуцца.
— А ці можа журналістыка дапамагчы паўплываць на людзей? Што вы можаце сказаць як прадстаўнік гэтай прафесіі?
— Сёння часта даводзіцца чуць, што журналістыка — несамастойная з’ява. Гэта ўжо не тая чацвёртая ўлада, пра якую прывыклі казаць. А ўсё таму, што вакол поўна невуцтва, людзі не ўсведамляюць, што яны робяць і для чаго. Я перакананая, што журналістыка — гэта жыццёвы вопыт, інтэлект і пэўны набор ведаў, а не спецыяльнасць. Як можна казаць пра журналіста і не мець на ўвазе адукаванага ва ўсіх сэнсах чалавека? Маладым студэнтам-журналістам, якія абралі гэтую прафесію, я заўсёды задаю два пытанні. Першае: ці выразна яны разумеюць, што такое журналістыка і навошта яна патрэбная? І другое (нават хутчэй не пытанне, а тэма для разважанняў): наколькі свабодна яны сябе адчуваюць ў культурным, сацыяльным і палітычным планах? Цікава, што не ўсе гатовыя адказаць на гэтыя пытанні. Мабыць, і я ў тым ліку.
— А што вас прывяло ў журналістыку?
— У далёкія 70-я гады, працуючы яшчэ інжынерам-тэхнолагам, я была ў аб’яднаннях кнігалюбаў і кінаманаў — мяне заўсёды прыцягвалі гэтыя культурныя вобласці. Мабыць, дзякуючы ім я і прыйшла ў журналістыку, з якой не расстаюся ужо 25 гадоў. Аднак галоўнай прычынай кардынальнай змены дзейнасці паслужыла хутчэй жаданне дзяліцца сваімі ведамі, даносіць карысную інфармацыю да народа, чым проста цікавасць да мастацтва. Напрыклад, для мяне вельмі важна асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў маім горадзе. Усё, што датычыць тэатра, музыкі і нават у нейкай ступені кіно, неабходна прасоўваць. Я лічу, што людзі павінныя ведаць як мага больш аб сваіх творчых суайчынніках, але пакуль тыя вядомыя толькі ў вузкіх колах.
— У Магілёве шмат цікавых творчых людзей: вядомыя музыкі, фатографы, паэты…
— У кожным горадзе ёсць свае таленты. Напрыклад, Віцебск багаты на мастакоў, у іх ёсць Шагал і свая Акадэмія. А ў нас фатографы добрыя. Не так даўно мы прапанавалі Сашу Ліціну правесці людзей па горадзе і паказаць месцы, дзе і як можна здымаць. Шэсцьдзесят чалавек сабралася на гэтую сустрэчу! А потым кожны прэзентаваў сваю працу — і ўсе шчаслівыя, што аб’ядналіся! Да таго ж усе гэтыя людзі выказалі жаданне стаць валанцёрамі на наступных мерапрыемствах.
Ёсць у нас адна вялікая мара (і без дапамогі гараджан яе складана будзе ажыццявіць): хочам зрабіць абрыс падмуркаў Замчышча, з якога горад пачынаўся. Для гэтага стварылі праект “Збіраем камяні разам”, або “Час збіраць камяні”, у рамках якога кожны можа прынесці свой камень для будаўніцтва. Потым ужо будзем працаваць з архітэктарамі, горадабудаўнікамі і іншымі, а пачынаць трэба з малога. З менш буйных праектаў — веладарожкі. Магілёў — адзіны горад, у якім іх няма. І многія скардзяцца, што ездзіць няма дзе. Працуем цяпер з грамадскасцю, аб’ядноўваемся з велапракатамі, велааматарамі, каб усім разам прасоўваць гэтую тэму — трэба азначыць, дзе гэтыя дарожкі могуць праходзіць. І горад ідзе насустрач. Цяпер неабыякавых людзей не так шмат, большасць жыве па спажывецкім прынцыпе. Але не трэба баяцца іх варушыць. Калі ёсць той, хто гатовы весці за сабой, за ім ідуць.
— Вы выдатна выглядаеце. Гэта таксама асабісты прыклад паляпшэння грамадства?
— Дзякуй. Не, гэта не частка нейкай праграмы. Вядома, я не люблю так званае генетычнае жабрацтва, калі людзі ныюць і скардзяцца, што яны бедныя-няшчасныя і шмат чаго не могуць сабе дазволіць. Я лічу, што ўсе гэтыя праблемы ў галовах у першую чаргу. Беларуская касметыка не горшая за імпартную, я вас запэўніваю. Мая бабуля была верніцай, і аднойчы яна мне сказала: “Цела — гэта храм нашай душы”. Мне гэта запомнілася на ўсё жыццё. І сапраўды: чаму мы павінныя так дрэнна да сябе ставіцца? Чаму не можам стварыць вакол сябе культурную і спрыяльную для ўнутранага росту атмасферу? Нашыя будучыня і сучаснасць сапраўды ў нашых руках, і тое, як мы жывем, — не віна ўладаў, а толькі нашая ўласная адказнасць.
Ганна Трубачова, Аляксандра Струк
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Інфармацыйныя партнёры: