Пружанскае раённае экалагічнае грамадскае аб’яднанне «Агратур» запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у дабраахвотніцкім летніку, прысвечаным аднаўленню калоніі белага бусла на хутары Бабінец, якую знішчылі ў выніку прыроднага катаклізму. Некалі тут існавала найбуйнейшая ў Беларусі калонія белага бусла: на некаторых дрэвах месцілася да шасці гнёзд!
Летнік адбудзецца з 11 па 13 сакавіка ў вёсцы Залессе Пружанскага раёна, на ўскрайку Белавежскай пушчы. У праграме летніка — пабудова гнездавых платформаў для буслоў, назіранне за прыродай Белавежскай пушчы і балота Дзікага, нефармальная камунікацыя з аднадумцамі і размовы ля вогнішча.
Летнік праводзіцца ў рамках праекту «Падляшскі шлях белага бусла» — Еўрапейскі досвед сацыяльна-эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні для Пружанскага раёна пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Беларусі. Партнёры праекту: упраўленне спорту і турызму Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, Пружанскі раённы выканаўчы камітет, ГПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Брэсцкае абласное аддзяленне ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Podlaska Regionalna Organizacja Turystyczna, аграсядзіба «Залессе».
Удзельнікі летніка будуць бясплатна пражываць у вясковых хатах з пячным ацяпленнем, забяспечвацца цёплым і смачным харчаваннем, чыстай вадой, працоўным інструментам і матэрыяламі. Праезд удзельнікаў — за свой кошт! З сабой неабходна мець цёплую і водаадпорную палявую вопратку і абутак для працы (у тым ліку пару гумовых ботаў), камплект паходнага посуду (міска, кубак, лыжка, нож), спальны мяшок, ліхтарык, па магчымасці, бінокль. Страхоўка, лекі ды прысмакі — паводле індывідуальных патрэб.
Колькасць месцаў у летніку абмежаваная, і таму арганізатары пакідаюць за сабой права правесці папярэдні адбор кандыдатаў на падставе запоўненых імі анкет. Зацікаўленых удзелам у мерапрыемстве просім запоўніць заяўку і даслаць яе не пазней за 7 сакавіка на адрас [email protected].
У анкеце трэба пазначыць:
1. Прозвішча, імя, імя па бацьку.
2. Узрост.
3. Досвед удзелу ў падобных летніках.
4. Чаму жадаеце паўдзельнічаць у летніку?
5. Кантактны тэлефон.
Прыярытэт будуць мець анкеты, дасланыя раней. Паспяховым кандыдатам будуць дасланыя запрашэнні і дэталёвая праграма мерапрыемства.