Выстава «Snake charmer» беларускай мастачкі Анастасіі Рыдлеўскай адкрылася ў Вільні ў прасторы CreateCulture Space. Цыкл са змеямі — «даследаванне чалавечай псіхікі, сатканае з элементаў паганскіх сімвалаў і юнгіанскай псіхалогіі, праз якое мастачка запрашае вас сустрэцца з унутранымі дэманамі і адправіцца ў падарожжа самапазнання».
Анастасія Рыдлеўская на адкрыцці выставы ў Вільні
Анастасія Рыдлеўская — беларуская мастачка, музыкантка, літаратуразнаўца.
Нарадзілася ў Мінску, ранняе дзяцінства правяла з сям’ёй у ЗША, а затым вярнулася ў Беларусь, дзе атрымала адукацыю магістра філалогіі. У 2016 годзе Рыдлеўская правяла семестр па абмене ў Парыжы. Напрыканцы 2021 года мастачка зноў пераехала: з Беларусі ў Польшчу, дзе толькі за апошнія два гады выстаўлялася ў Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, Кракаве, Познані, а таксама Швейцарыі, Нямеччыне і Іспаніі. Зараз жыве ў Гданьску.
Рыдлеўская тры гады працавала выкладчыцай на кафедры замежнай літаратуры ў БДУ, выдала сваю кнігу «Дзе твой твар», выпусціла два музычныя альбомы, стварыла свой аўтарскі курс па візуальным мастацтве і творчым мысленні.
У дадатак да жывапісу і малюнка, мастачка стварае скульптуры, арт-аб’екты, музыку, тэксты і маскі, якія называе тварамі.
Карціны Анастасіі Рыдлеўскай
На адкрыцці выставы Анастасія Рыдлеўская тлумачыць тым, хто ўпершыню бачыць яе творы, што выкарыстоўванне ў працах моху, галінак, лісця, кветак і г.д. — невыпадковае. «Працы — суперэклектычныя, яны створаныя з абсалютна розных матэрыялаў (...) Можа ўзнікнуць у вас пытанне: прычым тут ўсе гэтыя галінкі, кветкі? Мае бацькі — садаводы, пэўна, можна іх так назваць, яны садзяць лясы, размаўляюць з усім: камянямі, грыбамі, дрэвамі, лесавікамі. І я таксама. Таму, калі я апынулася ў эміграцыі, вельмі хваравіта цэлы кавалак (мяне) адарваўся. У мяне няма зараз сувязі з зямлёй, я жыву, як і шмат хто, у кватэры, якая патрапілася, саду свайго няма і г.д. Так што гэта вось усё — мая сувязь з татам і мамай, тое, што дае мне зазямленне. Мне гэтага не хапае».
Апісанне выставы «Snake charmer» Анастасіі Рыдлеўскай
У інтэрв’ю Budzma.org Анастасія Рыдлеўская кажа, што галоўным чынам цыкл працаў «Snake charmer» («Заклінальніца змеяў» ці, як больш падабаецца самой мастачцы «Падпарадкавальніца змеяў») «пра перамогу над страхам, перамогу над траўмамі і пра падпарадкаванне сабе вось гэтых жудасных, хворых сітуацый, якія гнілі і спелі ўсе гэтыя апошнія тры гады, пра падпарадкаванне змеяў».
— Ведаеце, усе работы, якія прадстаўленыя зараз на гэтай выставе, мне вельмі дапамаглі не тое, каб цалкам пераадолець, можа, амаль пераадолець страх, усе трагедыі, якія былі, праблемы, якія паўсталі. Гэта выстава пра акумуляцыю моцы, пра тое, што вось зараз ужо я не хачу быць больш ахвярай. Я хачу ўзяць сваё жыццё ў свае рукі. Назва такая — пра заклінальніцу змеяў — таму што ты іх кантралюеш ужо ў сваім жыцці. Тут ёсць шмат прац, як кантраляваць гэты страх, як выйсці з гэтага страху, як перастаць быць ахвярай, як перастаць плакаць... Не пра тое, што плакаць — гэта кепска, а пра тое, што я больш не магу, у мяне больш няма моцы на тое.
Анастасія Рыдлеўская на адкрыцці выставы ў Вільні
Вось я тут у Вільні яшчэ і буду спяваць. Гэта так страшна, што баюся памерці проста падчас выступу (усміхаецца). Але для мяне таксама гэта нейкі крок пераадолення. Ну і мае працы гэта не толькі пра мяне. Я ведаю, што зараз насамрэч шмат хто праз гэтыя страхі праходзіць.
Хачу, каб дыялог такі быў паміж мной і іншымі людзьмі праз мае творы на выставе. Каб яны таксама, як у люстэрка, у гэта зазірнулі, паглядзелі страху ў вочы і сказалі: «Не, я мацней за цябе, я магу праз гэта прайсці».
— Эміграцыя, наколькі я зразумеў, адзін з галоўных трыгераў гэтага цыклу?
— Ой, гэта вельмі моцна мяне ўдарыла. Расстанне з бацькамі — вельмі цяжка зараз. Таму тут так многа на выставе дрэваў, кветак, імху — гэта тое, што звязвае мяне з бацькамі. Тата лес там пасадзіў, мама ружы вырошчвае. Для мяне гэта такая сувязь, апора. Не хапае гэтага, мама дасылае фатаграфіі, і я не ведаю, ці я насамрэч хачу гэта бачыць, ці не, таму што я кожнае лета там праводзіла, гэта траўматычна зараз бачыць.
А таксама траўма, што калі ты ў эміграцыі, то ты ніколі не ведаеш пра сваё заўтра, якім і дзе яно будзе. Не ведаеш, ці будзе праца, ці будзе хапаць грошай на гэтую «кавалерку» (у Польшчы так называюць аднапакаёўкі — рэд. Budzma.org), ці будзе ў мужа праца... Так цяжка, я так задзяўбалася ўжо з гэтым жыць. І проста вось гэтай выставай я ўжо такая сабе: стоп, трэба знайсці нейкую апору.
І апору я знайшла ў тым, каб выстаўляць свае межы, разумець, хто я, дзе я, датыкацца да атмасферы ў сабе і вакол — як сляпы крот, вожык нейкі... І вось зараз я пачынаю толькі, бо да гэтага я проста ляжала.
— Ляжала — гэта пра дэпрэсію?
— Так, пра рэльную дэпрэсію, было вельмі цяжка. І ў мяне яшчэ біпалярны разлад асобы. Я даведалася ўжо тут, у Польшчы, што ў мяне ён ёсць. Калі дыягназ паставілі і калі я зразумела, што ад стрэсу эміграцыі ён яшчэ мацней па мне ўдарыў, то гэта было вельмі дрэнна. Вось гэты малюнак з 2022 года — гэта тое адчуванне сябе ў гэтым дэпрэсіўным стане, у гэтых страшных эпізодах, якія табе проста сціскаюць горла і ты не можаш дыхаць. Дык вось гэты малюнак — ён адпраўная кропка майго падарожжа праз гэта ўсё, таму там так шмат і слёзак.
«Гэты малюнак – ён адпраўная кропка майго падарожжа»
— І падарожжа вось карціны адна за адной, па коле?
— Не, тут у мяне дыялог, кожная праца размаўляе з іншай, якая дапамагае той, на якой страх і роспач. У гэтай са слязьмі — суразмоўцай вось тая карціна амаль насупраць, дзе я з мужам, любімым, родным чалавекам. Муж і я ў абдымках у траве — гэта дыялог з той вось першай, адпраўной працай.
«Муж і я ў абдымках у траве – гэта дыялог з той вось першай, адпраўной працай»
Апошнія працы пра тое, што ты ўжо пачынаеш разумець, што ты не проста ахвяра, што ў цябе ёсць розны шэраг эмоцый.
І першая эмоцыя, якую я ў сабе знайшла, гэта агрэсія, гэта злосць. Вельмі-вельмі многа злосці. На свет — чаму так сталася, чаму вось усё так? Чаму так страшна жыць, але так хочацца жыць?
І вось гэта карціна пра тое, што я вельмі люблю свет, ён вельмі прыгожы, але калі паглядзець на гэтыя кветкі — яны страшныя, вельмі. А потым глядзіш і не разумееш, гэта з яе — гераіні карціны — кветкі растуць або праз яе? І кроў — гэта яе кроў? Балюча ёй ці не? І ўсё заканчваецца Урабаросам — змяя кусае сябе за хвост. Калі гэта агрэсія — што з ёй рабіць? Калі ты яе выпускаеш — пачынаеш кусаць сам сябе.
«Карціна пра тое, што я вельмі люблю свет»
«Усё заканчваецца Урабаросам — змяя кусае сябе за хвост»
— Вы не баіцеся казаць пра ментальныя разлады...
— Я вельмі адкрыта пра гэта гавару. Чалавек, якая расла з сіндромам Турэта, якая заўсёды адчувала на сабе ўвагу, тады пра гэта мала хто ведаў, і я заўсёды адчувала сябе дзіўна. Але мяне ніхто за праявы сіндрома Турэта не буліў, насамрэч было вельмі добрае дзяцінства нават з гэтым, але заўсёды адчувала — мне была непрыемна ўвага, касыя позіркі. Што да біпалярнага разладу, мне было сорамна за тое, што я адчуваю, але сорамна да пастаноўкі дыягназу, бо я не разумела, што са мной. А калі паставілі, патлумачылі, калі я сама зразумела — о, дык гэта нармальна, гэта проста вось чалавечак у стрэсе, руку паламаў, ножку паламаў, пайшоў да доктара, а тут паламалася нешта ўнутры — чаму б таксама не пайсці да лекара. І такіх людзей так шмат... і гэта нармальна.
Я не хачу, каб гэтага пужаліся, я не хачу, каб на мяне глядзелі праз прызму такога, ведаеце: «а... ну гэтая, псіхічная, ну ясна». Не, гэта нармальна, гэта частка чалавечага, частка нашага жыцця. Таму я пра гэта проста і натуральна гавару, калі пытаюцца, каб большасць людзей бачыла: ну, так бывае, і што?
— А як зараз з літаратуразнаўствам, вы ж да эміграцыі выкладалі замежную ў БДУ?
— О, гэта было адным з найлепшых момантаў у жыцці. Я так гэта любіла, я так любіла сваіх студэнтаў, я так любіла сваю кафедру, вельмі-вельмі. І зараз усё, што мне застаецца, гэта трохі лекцый у Польшчы даваць, вельмі іх люблю, але б я хацела больш. І яшчэ ў мяне ёсць літаратурны курс, але для мастакоў. Ну, але ж гэта ўсё памежнае — літаратура, мастацтва. Я не бачу розніцы ў мастацтвах, гэта агульнае. Калі я раблю музыку, то для мяне гэта тое ж самае, што рабіць малюнак, тое ж самае. Калі я раблю маскі, матэрыял мала што значыць, што ў мяне ёсць, на што ў мяне ёсць грошы і магчымасці — з таго і раблю.
Пачуцці — вось найважнейшае. Ідэя — найважнейшае. Тое, што ты не можаш гэтага не рабіць — найважнейшае. І таму для мяне літаратура, тэксты, музыка — яно ўсё адно, проста адзін універсум. Мастацкі ўніверсум і яго праяўленні.
Зараз я чытаю «Бясконцы жарт» Дэвіда Фостэра Уолеса (антыўтопія, выйшла ў ЗША ў 1996 годзе, лічыцца адным з найлепшых твораў амерыканскай літаратуры другой паловы 20 стагоддзя — рэд. Budzma). Цяжка, нават вельмі, але я хачу гэта скарыць:) Дарэчы, з таго, што мне дапамагло ў эміграцыі, гэта чытанне, пачала чытаць па-польску розную міфалогію, польскую, японскую, а зараз чытаю пра цмокаў — польскую кнігу, якую ілюстраваў Мікіта Расолька, вельмі файны наш беларускі мастак, які жыве ва Уроцлаве. Вельмі крутая праца! А я заадно і вывучаю польскую мову з такімі кнігамі.
На выставе Анастасіі Рыдлеўскай
— А як з беларускай дыяспарай у Гданьску, кантактуеце? З мастацкім асяродкам?
— Ох, ну я такі суперінтраверт, з тых, хто заўсёды сядзіць дома. Музыку раблю дома, малюю дома. Кантактую, але рэдка — менавіта як інтраверт.
Беларуская мова і культура выжывуць у выгнанні. Ну выжываем, разіваемся ж. Што да мяне і беларускай мовы, то ў жыцці мне часцей даводзіцца па-руску. Але мне вельмі прыемна на беларускай мове спяваць. Тут дзіўнае штосьці, глядзіце, калі спяваю па-расейску, то голас — як у гноміка нейкага, а калі спяваю па-беларуску ці па-ангельску — тэмбр проста мяняецца, не ведаю, як гэта тлумачыць.
Я не хачу спяваць на расейскай мове, а на беларускай — хачу. І вось у мяне то тут, то там беларуская мова, ну вось зараз з вамі гаворым па-беларуску. Гавару часам, спяваю па-беларуску, хай сабе і з памылкамі бывае — нічога, гэта нармальна, думаю. Так вось і ўдасканальваю патроху мову, для мяне гэта прыемна, асабіста мне прыемна.
І ў сваім новым музычным альбоме, які я зараз вось раблю, будуць песні па-беларуску.
Анастасія Рыдлеўская падчас адкрыцця выставы ў Вільні
Карціна Анастасіі Рыдлеўскай
Рыгор Сапежынскі, Фота Стаха Войтава, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Мастачка Кацярына Дубовік: Права сапраўднага мастака-ілюстратара — віць дадатковую гісторыю, а не проста дубляваць тэкст