Першая персанальная выстава кніжнай графікі мастачкі-ілюстратаркі Кацярыны Дубовік з назвай «Я правяду цябе да ўзлеску...» працуе ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча з 12 па 25 красавіка. Экспазіцыю склалі 45 арыгінальных прац, выкананыя ў розных тэхніках: афорт, тэмпера і маркеры на паперы, трафарэт і туш, тэмпера і гуаш.
На выставе прадстаўленыя выбраныя працы з кніг, якія аформіла мастачка-ілюстратарка Кацярына Дубовік, сярод іншага гэта «Пітэр Пэн» Дж.М. Бары, «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» Л. Кэрала, «Чараўнік Краіны Оз» Ф. Баўма, «Чаму Меша не мае хаты» Надзеі Ясмінскай, беларуская народная казка «Як Васіль змея перамог», «Снежны чалавек у Мінску», «Skattjakten i Mundu Onak», «Toomi och den lilla plangneten» шведскай пісьменніцы Эвы Суса.
На адкрыцці куратар выставы Ціхан Чарнякевіч, літаратар, галоўны рэдактар сайта bellit.info, заўважыў: «Мяне ўвесь час здзіўляла, што Кацярыну — пры яе працаздольнасці і працавітасці — яшчэ не разабралі на выставы, на прынты, на мульты, на кіно і г.д. Бо яна настолькі шматгранная, цікавая і глыбокая — цэлы свет, які ствараецца гэтымі ілюстрацыямі. Можна падысці да адной — і доўга-доўга разглядаць, там вельмі шмат дэталяў, там свая логіка, свая гісторыя ў кожнай працы. І я вельмі рады, што нарэшце гэты дзень — дзень выставы — прыйшоў».
На другі дзень працы выставы Кацярына Дубовік правяла для наведнікаў імправізаваную экскурсію, каб «патлумачыць, як ілюстрацыі робяцца мной і для чаго». «Усе працы зробленыя ўручную, гэта не прынты, я іх не дапрацоўваю ў дыджытал. Да кожнай кнігі я стараюся выбіраць нейкую новую тэхніку, новы падыход, бо мне падаецца, што нейкі мёртвы стыль, стыль, які ніколі не мяняецца ў мастака, гэта, можа быць, для маркетынгу вельмі добра, але такое мне настолькі нецікава, што я заўсёды спрабую нешта новае для сябе знайсці. Ды і кніжкі ж усе розныя — і мне здаецца дзіўным рабіць да іх усё адной тэхнікай і г.д.», — сказала мастачка.
Кацярына таксама паведаміла пра навінкі з яе ілюстрацыямі, якія хутка выйдуць у свет, пра хітрасці працы і складанасці, пра любоў да сваіх персанажаў і час, які яны могуць забраць.
Кніга «Чараўнік краіны Оз» Фрэнка Баўма
У перакладзе з англійскай Сержа Мядзведзева выйшла ў мінскай «Тэхналогіі» ў 2023 годзе.
Для гэтай кнігі Кацярына Дубовік зрабіла больш за 80 ілюстрацый, на якія пайшло «восем, здаецца, месяцаў працы плюс месяцы два дадалося на падрыхтоўку да друку».
«Тут па адной каляровай ілюстрацыі на кожны раздзел, а таксама ілюстрацыі-застаўкі, якія часам выконваюць ролю проста нейкай дадатковай інфармацыі і ствараюць у кнізе рытміку, — распавядае мастачка. — Я хацела зрабіць іх трохі скетчавымі, гэта значыць непрапрацаванымі да канца. Такое адчуванне ад кнігі ў мяне было, ведаеце, нейкай травы пажоўклай у Канзасе, нечага вельмі амерыканскага, жоўтага, саламянага. Я хацела гэтае адчуванне перадаць тэхнічна».
Ілюстрацыі, якія не ў колеры, супрацьпастаўляюцца па тэхніцы тым, што адкрываюць раздзелы. «Гэтыя ілюстрацыі выглядаюць вельмі проста, але насамрэч да кожнай з іх было зроблена па 10-15 падыходаў, бо тут трэба як бы адразу патрапіць і патрэніравацца папярэдне. Не атрымалася адразу — трэба пачынаць нанава, — тлумачыць Кацярына. — Яшчэ хачу сказаць, што я нелінейны мастак. Аб’екты, якія я малюю, я бачу плямамі. І тут мне прыйшлося крыху сябе пераламаць — раней я ніколі не працавала праз лінію. Шчыра, мне было вельмі шкада, калі праца скончылася».
Фота: instagram.com/creepyfreaky
«Як Васіль Змея перамог. Беларуская народная казка»
Выйшла ў «Папуры» ў 2019 годзе.
«Я асабіста вельмі люблю гэтага персанажа. І мне вельмі дарагі гэты Змей. Гісторыя пачалася, калі я яшчэ вучылася на чацвёртым курсе Акадэміі мастацтваў, дзе ёсць заданне «дзіцячая кніга». Тут прадстаўленыя новыя ілюстрацыі, але казку гэтую для задання выбрала яшчэ тады. Стварыла серыю з пяці ілюстрацый, тое, што называецца кніжны прататып. Хадзіла па выдавецтвах, прапаноўвала, нікога не зацікавіла. А вось «Папуры» пабачыла гэтага персанажа, ён спадабаўся і вырашылі гэту кніжку выдаць, — расказвае Кацярына Дубовік.
— Змей тут — аснова ўсяго. Чаму любімы? Тут усё склалася, як я хацела. Па-першае, мне не хацелася рабіць Змея ў традыцыйным драконавым выглядзе. Вырашыла, што беларускі змей будзе зроблены таксама з чагосьці беларускага. Таму выбрала салому, ён саламяны, такая перакручаная кілбаса. І злым і страшным таксама не хацела яго рабіць. Ён робіць усякія штукі, бо ён проста дурнаваты такі. Атрымаўся даволі абаяльны персанаж. Гэта туш і папера. Туш — адзін з маіх улюбёных матэрыялаў, я з тушшу зараз мала і працую, бо гэта недастатковы выклік для мяне ўжо».
«Skattjakten i Mundu Onak» Эвы Сусы
(«Bonnier Carlsen Bokförlag», Svenska, 2019)
Кацярына Дубовік выйграла шведскі конкурс на ілюстрацыю кнігі: «У замежныя выдавецтвы вельмі цяжка патрапіць, калі ты там не знаходзішся, калі ты там не нарадзіўся. Гэта амаль нерэальна. Але тут зоркі сышліся. (...) Тут скарыстаныя гуаш на паперы і туш. Дзея на трапічным востраве, таму і хацелася перадаць гэта праз яскравыя колеры. Увогуле я скарыстоўваю ад трох да пяці колераў, такім чынам мне лягчэй трымаць кампазіцыю кнігі і ўвогуле рытміку кніжных ілюстрацый пад кантролем. Калі ў нас ёсць нейкія абмежаванні, гэта заўсёды добра для таго, каб неяк выкручвацца. Напрыклад, калі ў цябе няма зялёнага колеру, а трэба паказаць зялёную траву».
Фота: instagram.com/creepyfreaky
Кніга Эвы Сусы «Toomi och den lilla plangneten»
Кніга «Toomi och den lilla plangneten» («Bonnier Carlsen Bokförlag» (Svenska, 2021) пра постакаліптычны свет, тут галоўная гераіня Тумі, дзяўчынка, якая збірае смецца з Вышэйшага горада:
«На кнігу выйшла 17 афортаў, і калі я скончыла працу, то думала, што больш не захачу ніякіх ілюстрацый. На такі афорт сыходзіць два тыдні, там пяць траўленняў. На апошнім траўленні ты ўжо не разумееш, што там будзе — яно можа атрымацца, а можа і не атрымацца зусім. Маральна гэта вельмі цяжка выносіць».
«Пітэр Пэн» Бары Джэймса Мэцью
Кніга ў перакладзе Уладзя Лянкевіча выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор» у 2017 годзе.
«Шчыра кажучы, не чакала, што гэта будзе так цяжка, — адзначае мастачка. — Тут у чым праблема. Ёсць такія творы, якія чытаеш і адразу бачыш карцінку — як з Алісай Кэрала, дзе ўсё такое смешнае і абсурднае, што не трэба нічога і прыдумляць. А гэты твор пісаўся, як мне падаецца, больш для тэатру, для сцэны. Там толькі дзеянне — а калі маляваць дзеянне, то гэта выглядае нецікава, вельмі банальна і не тое, што я чакаю ад сябе. Трэба знаходзіць нейкі шлях. Пачала чытаць і разбіраць яго на слаі — бо ён, як слаёны пірог, складаны. Такі ход думак прыкладна: дзеці ляцяць над морам, то што ж можа быць у моры, што можна маляваць, пакуль яны ляцяць? О, ёсць, — рыбакі на моры. Рыбакі бачаць дзяцей, у іх з рук ад здзіўлення выпадае сетка, з сеткі выпадаюць рыбы».
Ілюстрацыі да кнігі "Пітэр Пэн".
Ці вось ілюстрацыя да сцэны, дзе Пітэр, Вэндзі і астатнія дзеці гуляюць у сям’ю, «дарэчы, сам тэкст выглядае вельмі сэксісцкім на сёння, з банальным і дэпрэсіўным дыялогам». Тут мастачка дадала вялікіх дарослых рэчаў, «ведаеце, як па англійскім выразе «Try walking in my shoes» — прымі на сябе іншую ролю, паглядзеўшы антыкварныя фота, зрабіла кампазіцыю старога сямейнага здымку».
Ілюстрацыя да кнігі "Пітэр Пэн". Фота: instagram.com/creepyfreaky
«Я лічу, што права сапраўднага мастака-ілюстратара — віць дадатковую, альтэрнатыўную гісторыю, а не проста дубляваць тэкст», — падкрэслівае Кацярына Дубовік.
«Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» Льюіса Кэрала
Кніга ў перакладзе Веры Бурлак выйшла ў 2017-м у «Галіяфах».
«На выставе я прадставіла трыптых, зроблены тэмперай на чорнай паперы — усе колеры працуюць як бы наадварот. Гэта проста абсалютна іншы падыход. Ды і мне ж падабаецца мяняць. Вельмі шмат скарыстоўвала трафарэтаў — бачыце, тут вельмі дакладныя абрысы прадметаў. Выразаю трафарэт з паперы, потым забіваю фарбай. І тут нават ёсць мой кот, — распавяла мастачка. — Аліса ў маіх ілюстрацыях вельмі розная, мяняецца ўвесь час. І я яе люблю.
Ілюстрацыя да кнігі «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Фота: instagram.com/creepyfreaky
Увогуле, калі не любіш персанажа, то гэта будзе бачна. І ўсім астатнім таксама. Люблю усіх, нават сваіх дрэнных (па кнізе) персанажаў».
Ілюстрацыя да кнігі «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Фота: instagram.com/creepyfreaky
Казка «Чаму Меша не мае хаты» Надзеі Ясмінскай і Кацярыны Дубовік
Выйшла ў «Кнігарні пісьменніка» ў 2018 годзе.
«На выставе тут насамрэч ілюстрацыі ўжо да дзвюх кніжак. Вырашылі з Надзеяй зрабіць другую частку, гэтай зімой я рабіла новыя ілюстрацыі — і ў другой палове траўня выйдзе другая частка казкі пра Мешу, дамавічка, якому не пашанцавала з гаспадарамі. (...) У яго будзе сябар — чорны бусел. І гэта ізноў будзе кніжка-карцінка. Чамусьці ў нашай прасторы не заўсёды людзі ўсведамляюць, што кніжка-карцінка — гэта абсалютна раўназначная сумесная праца аўтара і мастака. Тут не бывае такога, што тэкст больш важны за ілюстрацыю ці наадварот. Гэта ўсё адно. Таму мастакі, калі што, вельмі крыўдзяцца, калі іх імя няма на вокладцы кніжкі-карцінкі», — зазначыла Кацярына Дубовік.
Ілюстрацыі да кнігі "Чаму Меша не мае хаты"
«Снежны чалавек у Менску» Эвы Сусы
Кніга выйшла ў перакладзе Змітра Плакса ў 2016 годзе ў «Кнігарні пісьменніка»: «Пабачыла на сайце Беларускага саюза пісьменнікаў конкурс на ілюстрацыі да кнігі. І мне паведамілі пра перамогу і пра тое, што ў мяне месяц на 12 ілюстрацый. Спачатку падумала, што немагчыма (...) Зараз рыхтуем чацвёртую з Эвай кніжку-карцінку, яна выйдзе ў наступным годзе».
Ілюстрацыя да кнігі "Снежны чалавек". Фота: instagram.com/creepyfreaky
Завяршым экскурсію па выставе словамі Ціхана Чарнякевіча:
«Беларусы — логацэнтрычная нацыя. Нам прасцей чытаць надпісы пад карцінамі, чым углядацца ў самыя працы, прадукуючы ўласныя візуальныя падарожжы. Працы Кацярыны Дубовік найчасцей вучаць гледача адваротнаму, а менавіта — складанасці, структуральнай разнашэрснасці свету, дзе ўсяго патроху, але ў той жа час і вельмі шмат, і кожная рэч на сваім месцы. (...)
Як мінімум, яе ілюстрацыя з’яўляецца на старонцы як рэпліка, сказаная пасля рэплікі аўтараў тэксту. Вынікам з’яўляецца тое, што візуальны наратыў Дубовік ператвараецца фактычна ў другі том кнігі, які жыве паводле сваіх правіл кампазіцыі і можа прачытвацца незалежна ад тэксту. Гэты другі том заўжды будзе вучыць адвазе і свабодзе, строгасці і акуратнасці, пры якіх ніколі не страчваецца дробнае — бо на тле асноўных падзей заўсёды адбываюцца падзеі другога плану, не такія яркія, але без іх гісторыя істотна збяднее».
Паштоўкі Кацярыны Дубовік
***
Узнагароды Кацярыны Дубовік:
-
Лаўрэатка міжнароднага конкурса «Образ книги» (2021, Расія) у катэгорыі «Лепшыя ілюстрацыі да твораў для дзяцей і юнацтва» за ілюстрацыі да «Как кузнец Паарво паровоз подковал» Сакарыаса Тапеліуса
-
Удзельніца міжнароднай выставы біенале ілюстрацый у Браціславе (Biennial of illustrations in Bratislava) у 2017 і 2019 гг.
-
Фіналіст міжнароднага конкурсу ілюстрацыі «NAMI Concours 2019» за ілюстрацыі да кнігі «Пітэр Пэн» Джэймса Бары.
-
Лаўрэатка прэміі Цёткі 2018 года за найлепшае афармленне «Чаму Меша не мае хаты» Надзеі Ясмінскай.
-
Пераможца міжнароднага конкурсу кніжкі-карцінкі «The 2nd Little Hakka International Picture Book Award 2018» (Кітай) за афармленне «Чаму Меша не мае хаты» Надзеі Ясмінскай.
-
Фіналіст міжнароднага конкурсу маладых ілюстратараў The Golden Pinwheel Young Illustrators Competition (2017, Кітай) за ілюстрацыі да кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь Люстэрка, і што ўбачыла там Аліса».
-
Лаўрэатка прэміі Цёткі 2016 года за найлепшае афармленне кнігі «Сем ружаў» Надзеі Ясмінскай.
-
Уладальніца Гран-пры 7-га фестывалю беларускамоўнай рэкламы і дызайну «ADNAK!» (2016) у намінацыі «Графічны і камунікацыйны дызайн» за афармленне кнігі казак Вільгельма Гаўфа.
-
Пераможца конкурса на афармленне казкі шведскай пісьменніцы Эвы Суса «Снежны чалавек у Мінску» (2016).
-
Лепшы ілюстратар 2015 года ў намінацыі «Майстэрства» ў нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» за афармленне «Шахматнай навелы» Штэфана Цвайга.
Зараз жыве і працуе ў Амстэрдаме.
Рыгор Сапежынскі, Buzma.org
Чытайце яшчэ: Мастачка Ксіша Анёлава: «Ад пачатку вайны я адгукнулася на ўнутраны покліч і пераўтварылася ў валанцёра»