Анастасія Рыдлеўская выпусціла новы альбом

Сёння прадставіла свой трэці альбом Snake Charmer — цёмны, інтравертны рытуал з адзінаццаці трэкаў, аздоблены фірмовым візуалам і добра прапрацаванай канцэпцыяй, піша тэлеграм-канал «Беларуская музыка».

Snake Charmer

Рыдлеўская вельмі адказна падыходзіць да сваіх музычных практыкаванняў і знаходзіцца ў стане бясконцага пошуку. Гэта можна прасачыць і па яе дыскаграфіі. Мінімалістычны і камерны When I can’t speak з хатнім прадакшанам і вельмі абаяльнымі песнямі, псіхадэлічны трып Mugwort з цёмнымі рытуаламі і пашыраным складам выкарыстаных інструментаў. І вось цяпер Rainbow Serpent, у якім абодва гэтыя складнікі даведзеныя да неабходнага ўзроўню.

Галоўным сінглам з гэтага альбома стала песня Dance on my own з кліпам-адсылкай да класікі італьянскіх хорараў — і ён, на самой справе, павёў Рыдлеўскую ў бок мэйнстрымавых рашэнняў і прыёмаў. На шчасце, альбом не вытрымлівае генеральную лінію гэтага трэку і вяртае нас у сусвет цёмных фантазій аўтаркі.

Rainbow Serpent — мінімалістычная песня амаль без развіцця паглыбляе ў манатонны рытуальны рытм гэтага альбома. Нас чакае блуканне па цёмных глыбінях асобы Рыдлеўскай праз Hit me hard — танцавальны номер з прамой бочкай і фальклорным матывам; Petit Oiseau — псіхадэлічны трып у глыбіні дэканструяванага французкага шансону; Limerence — няўтульную і трывожную песню, запакаваную ў матавую чорную абалонку; Kachaju — зварот да гданьскай Балтыкі, заклён без класічнай песеннай структуры, асабісты абрадавы спеў; Isolde — трып-хопавы нумар з брыстальскім вайбам, вельмі артыстычны і дакладны ў інтанацыях; Collarbones — інтымны спеў, які перарастае ў сапраўдны шабаш, складанае мнагагалоссе супярэчнасцяў.

З усёй логікі і настрою гэтага альбома выбіваецца хіба што Scorpio Moon, у якім гэтая рытуальная споведзь перарываецца клаустрафабічным і няроўным электра-попам. Але ў выніку запіс вырульвае да кранальнага трэку Home у духу позніх Cocorosie.

Snake Charmer пабудаваны на абрадавай перкусіі, інтравертных мелодыях і мінімалістычнай электроніцы. Ён ціхі, трывожны, няўтульны, у ім абстрактныя пачуцці прамаўляюцца праз тактыльныя і анатамічныя метафары — настолькі, што спявачка намалявала мапу трэкаў, якія адпавядаюць пэўным часткам цела. Пальцы танцуюць, косткі блытаюцца ў целе і ўсё гэта прамаўляецца нібы заклён.

Запіс раскрываецца не адразу. Яму трэба даць час, паслухаць уважліва два-тры разы цалкам — тады ён, негледзячы на свае хібы, раскрыецца перад вамі і падорыць адчуванне сапраўднай тэатральнай дзеі.