У дзень памяці Міхала Анемпадыстава на budzma.by пра яго асобу і творчасць піша Андрэй Мельнікаў.
Міхал Анемпадыстаў
Міхал Анемпадыстаў быў творцам, які глядзеў на свет і сваю дзейнасць стратэгічна. Настолькі стратэгічна, што распісваў уласныя паездкі, выступы і праекты мінімум на паўгода наперад. Ён жа абраў для сябе нязменную лаяльнасць да супольнасцяў, у якія трапіў.
Прынамсі толькі такім я яго знаў, толькі з такім Анемпадыставым перасякаўся, бадай, з нашага знаёмства ў другой палове 90-х і да смерці Міхала ў студзені 2018-га. Напэўна, мы пазнаёміліся занадта позна, каб пасябраваць, былі занадта рознымі і лаяльнымі да занадта розных супольнасцяў, каб працаваць разам. За ўвесь час знаёмства ў нас адбылося толькі некалькі размоваў (спадзяюся, узаемакарысна-шчырых), з якіх, апроч яго грамадска вядомых учынкаў ды твораў, і складаецца мая ўласная памяць пра гэтага чалавека, маё яго бачанне.
Імі я і спрабую падзяліцца ў тэксце ніжэй.
Пачатак роду
Вікіпедыя кажа, што дзед Міхала па мячы перасяліўся ў Беларусь з Падмаскоўя, што не выключае допуску, што са спрадвечна беларускіх тамтэйшых земляў. Мне ж дасталася ці то паданне, ці то быль пра жаўнера Першай сусветнай Анемпадыстава, які ў Рагачоўскім раёне сустрэў сваё найвялікшае каханне – будучую бабулю Міхала. Тое паданне як гістарычны факт я распавёў у перадачы Гомельскага радыё, прысвяціўшы яе творчасці нашага героя яшчэ пры яго жыцці.
Міхал да нашага знаёмства
Прафесіяналізм і талент Анемпадыстава-мастака быў заўважаны беларускімі “культурнікамі” ўжо пры канцы 80-х. Звярніце ўвагу на аўтарства вокладак часопіса “Маладосць” тых часоў. Я звярнуў.
Падазраю, што ў пачатку 90-х мы перасякаліся нярэдка, але адзін на аднаго не зважалі. Праз рознасць сяброўскіх колаў і інтарэсаў часоў Перабудовы і Шушкевіча.
За раннім Лу Міхалам быў напісаны, можа, самы ўдарны і знакавы яго верш – “Мая краіна”; Кася Камоцкая зрабіла з верша песню, а песня сказала, бадай, галоўнае пра пачуцці таго нашага тутэйшага пакалення ў гады паступовай змены беларускай дэмакратыі беларускім аўтарытарызмам.
“Бардаўская восень” і вакол
Памяць мае асаблівасць рэдагаваць падзеі мінулага. Таму вельмі пажадана запісваць іх як мага раней. Ды запісаў пра Міхала я не рабіў. Таму карэктна гэты мой успамін успрымаць і як частку майго асабістага міфа.
Наколькі памятаю, нашае знаёмства з Анемпадыставым супала з маім пасябраваннем з Касяй і Алесем Камоцкімі ў Бельску ў кастрычніку 1996-га. Касі спадабалася мая песня “Патануў сусед”, а Алесь, наколькі разумею, звязваў тады з маім выступам рэалізацыю адной са сваіх задумак.
У тыя часы каманда Касі апрабоўвала і даводзіла да ладу песні з будучага “Народнага альбома” на вершы Анемпадыстава. Маё з ёй і з Міхалам сумоўе было там пераважна застольным.
Мы ўдвух уставалі, а значыць і прыходзілі на сняданак, раней за іншых. Ні Міхалу ад мяне, ні мне ад яго анічога не было патрэбна, ды размовы атрымліваліся прыемнымі і цікавымі, бо змястоўнымі…
У 1997-м я трапіў за краты і наступным разам паехаў на “Бардаўскую восень” толькі праз год. Накладкай стала свята памяці братоў Каліноўскіх, якое зладзілі ў Свіслачы і Якушоўцы тыя мае сябры, якія дапамагалі мне і сям’і падчас “сядзельства”.
У “Бардаўскай восені” – 1998 мне адвялі пад выступ дзень, калі мяне чакалі ў Якушоўцы. Я абраў Якушоўку, а ў Бельск прыехаў выступіць на дзень раней, выклікаўшы незадаволенасць арганізатараў фестывалю, ды і гледачоў таксама. Частка калег з непрыхаванай іроніяй, здзіўленнем і неразуменнем паставілася да маёй просьбы пазычыць гітару. І гітарай дапамаглі рок-музыкі “Крамы”. З глядацкай залы да мяне на сцэну несліся здзеклівыя рэплікі. Я праспяваў запланаваныя песні і хуценька рушыў на двожац-вакзал, каб паспець да гарадзенскіх сяброў…
Міхал сустрэўся са мной ў Беларусі праз некалькі дзён і даў 50 даляраў за бельскі выступ. Наколькі памятаю, не ўзяўшы аніякай распіскі. Я ўспрыняў тое як належнае, зацаніўшы бельскіх арганізатараў і адчуўшы да іх падзяку… Ці не больш чым праз паўтара дзесяцігоддзя хтось з нашых агульных знаёмцаў, які быў “у тэме”, патлумачыў мне наіўнаму, што грошы Анемпадыстаў у 1998-м аддаў, хутчэй за ўсё, са сваіх, бо мой дэмарш з Якушоўкай арганізатары “Восені” зусім не даравалі…
На мяжы міленіуму на “Бардаўскую восень” прыйшло новае пакаленне арганізатараў, і мы зноў сустракаліся там з Міхалам і зноў размаўлялі пераважна застольна. На спробы запрасіць Анемпадыстава паўдзельнічаць у якіхсьці для мяне цікавых выступах і фэстах ён нязменна адмаўляўся, спасылаючыся на стратэгічную занятасць.
“Народны альбом”
Вельмі сімпатычны праект, пабудаваны на вершах Анемпадыстава, беларусы-заходнікі ўспрымалі, часам з раздражненнем. У вершах Міхала пра іх мінулае міжваеннага часу яны бачылі недарэчны гламур і скажэнне рэчаіснасці, “казку для ўсходнікаў”.
Але так думалі не ўсе заходнікі. Браты Янушкевічы ў былым памежным Ракаве ўключылі “Народны альбом” ва ўласную канцэпцыю пабудовы кантрабандысцкага міфа роднага мястэчка…
«Народны альбом» узору 1997 году
Вобразы, створаныя ў “НА” Анемпадыставым, ішлі далей за простае сведчанне, яны постмадэрнова краналі глыбінныя беларускія архетыпы, абуджалі ў тутэйшых памяць далёкіх продкаў. Можа, таму іх, з даўнімі мясцовымі продкамі, так кранаюць “Простыя словы, простыя рэчы…”, а мяне, з даўнімі продкамі з іншых земляў, тое не кранае амаль аніяк...
“Народны альбом” у Мінску, 2017 год. Фота – Яўген Ерчак
Фармат казкі калектыўна зрэдагаваў і штось з уласна Міхала для “НА”. Так, горача і рэзка была адсечаная калегамі “занадта” рэалістычная і зусім не рамантычная канцоўка “Аліцыі”:
А Аліцыя захавалася –
выйшла замуж за прадсядацеля.
Юбілей рускамоўнага сябры
Гэтае перасячэнне з Міхалам для мяне рэзка адрознівалася ад астатніх. Упершыню і толькі тады я бачыў яго не тое што разгубленым – нейкім разбалансаваным. У Галерэю “Ў” ён завітаў, калі імпрэза ўжо няслаба пачалася. Анемпадыстаў, незразумела чаму, заўважна хваляваўся і быў крыху нападпітку. У сцэнары ўрачыстасці яму адводзіўся час для ўласнага віншавальнага слова і выступу. Ды ў адрозненне ад цвярозых (нягледзячы на пададзенае прысутным віно ў бакалах) рускамоўных выступоўцаў-калег-і-сяброў-юбіляра, Міхал імкнуўся давесці сябе да рэальна п’янага стану. І тое ў яго атрымалася).
Ён адзіны публічна віншаваў юбіляра па-беларуску: урачыста-песенна, у вобразе падпітага еўрапейскага матроса, пад паблажлівае плясканне і ўсмешкі рускамоўных калег. Беларускасць на той імпрэзе, як было заведзена яшчэ ці не з сярэдзіны ХІХ стагоддзя, у прысутнасці яе “старэйшых” братоў-сёстраў ізноў выглядала крыху несур’ёзнай. Бяскрыўднай, сімпатычнай, але п’янавата-другаснай і такой прыкольненька-маладухоўнай… Хаця зыходзіла ад сумленнага чалавека.
Загадка, на якую я не маю адказу. Што тое было? Імкненне да фармату? Вызначаныя кімсьці правілы гульні? Выпадковасць?
Спрэчка на Кангрэсе
На Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне ў апошні яго дзень я завітаў на секцыю, якую мадэраваў Міхал, і ў нейкі момант уступіў у пікіроўку з мадэратарам, успрыняўшы як занадта прымітыўную трактоўку простай безгустоўнасці пабудовы славутага Дома Чыжа на Старажоўцы, як і чыжоўскую ж будову ля цырка.
Паспрачаліся мы горача, але пасля прыйшлі і да набліжэння пазіцый, і да паразумення. Міхал умеў чуць і імкнуўся асэнсаваць нават тое, што было для яго далёкім.
“Колер Беларусі”
Увосень 2017-га я пачаў хадзіць на лекцыі ў беларускую хатку Лятучага ўніверсітэта. Уладзімір Мацкевіч неяк зладзіў мне штосьці кшталту некалькіхвіліннай экскурсіі па дамку, паказаўшы ў тым ліку і кніжку-альбом аўтарства Анемпадыстава “Колер Беларусі”. Міхалу ў Лятучым універсітэце далі магчымасць весці аўтарскую групу (на якую я праз графік работы не трапляў), і тое было стратэгічна перспектыўна – крэатыў Анемпадыстава мог адкрыць новыя далягляды як дыскусій, так і даследаванняў і дасягненняў. Ды жыць творцу заставалася нестратэгічна некалькі месяцаў…
“Колер Беларусі” ўразіў зместам. Глыбокае эсэ, крыху больш за пяцьдзясят старонак і з паўтары сотні фотаздымкаў. Новыя для беларускай прасторы думкі і ракурсы, якія варта было засвоіць, асэнсаваць, пераварыць…
Пазней “Колер…” моцна крануў і ўразіў майго малодшага сына: “Прыклад годнага плёну, які можа пакідаць па сабе творца…”
Чытайце таксама: Галоўнае, што трэба ведаць пра кнігу “Колер Беларусі”
Амаль фатальны сыход
Стратэгічны і добрасумленны да перфекцыянізму ў супольных справах, пра ўласнае здароўе і бяспеку Анемпадыстаў, падобна, дбаў надта павярхоўна. На згаданым вышэй юбілеі ўспаміналі рызыкоўныя ўчынкі Міхала ў маладосці. Ды і калі яму было ўжо ў раёне паўстагоддзя, на Новы год ён змудрыўся настолькі неахайна адкрываць бутэльку шампанскага, што корак разнёс шкло яго акуляраў на носе, аскабалкі трапілі ў вока… Тады абышлося адносна лёгка…
Міхал шмат паліў. Але кідаць і не спрабаваў. Бо паленне ўспрымаў не як залежнасць, а як асалоду… Як і каву пад цыгарэту.
У апошнія перад смерцю дні пісаў, што ўзмоцнена працуе над архітэктурным праектам…
Міхал Анемпадыстаў: Колер як феномен культуры
Магчыма, менавіта стратэгічны намер Анемпадыстава вырашыць у сваім (ці групавым?) ключы новы будынак на месцы знесенага Музея Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы стаў вырашальным фактарам яго інсульту і ранняга сыходу. За стратэгічныя памылкі даводзіцца плаціць стратэгічна. Хоць тое неабавязкова была памылка – можа, проста пройгрыш ці саступка ў канкурэнтным змаганні яго супольнасці… А можа, фатальна сышлося некалькі разбуральных момантаў.
Урэшце, два папярэднія абзацы будуюцца толькі на рэгулярным чытанні фб Міхала…
Словы ў выснову
Міхала Анемпадыстава не варта кананізаваць. Але яго смела і адказна можна называць Арыстакратам Духу, тым, хто імкнуўся рабіць рэчы і ўчынкі высокай якасці ды стратэгічнай вартасці для супольнасцяў, якія абраў сваімі.
Няпростыя словы: памяці Міхала Анемпадыстава
“Анемпадыст” перакладаецца з грэчаскай як “той, хто не стварае перашкодаў”. Міхал адпавядаў гэтаму вызначэнню і калі прыходзіў – то прыходзіў на дапамогу.
Вечная памяць!
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”