З кожным разам “Анімаёўка” робіцца ўсё больш фармальным мерапрыемствам, ператвараючыся ва ўтульны міжсабойчык запрошаных зорак далёка не першай свежасці.
Сёлета фэсту спаўняецца 20 гадоў, юбілей адзначаюць з размахам: свае працы даслалі аніматары з 47 краін, агулам больш за 400 мульцікаў. Аднак у горадзе пра фэст па-ранейшаму нічога не ведаюць, дзеці на паказах адкрыта пазяхаюць, пра “Анімаёўку” ўсё радзей пішуць СМІ, а калі і пішуць, то абмяжоўваюцца сухім пералікам намінантаў. Калiсь нядрэнная ідэя пратухла і ўжо раскладаецца, але энтузіязм арганізатараў і грошы падаткаплатнікаў, якія няўрымслівы аблвыканкам так легкадумна пускае на вецер, прымушаюць верыць, што фэст яшчэ можа адрадзіцца з попелу, як птушка фенікс. Ну, ці хаця б паўстаць з магілы, як сабачка Франкенвiнi Ціма Бёртана.
— За 20 гадоў правядзення фестывалю ў яго з’явілася свая гісторыя, непаўторная аўра і душа, — адзначыў падчас адкрыцця старшыня аргкамітэта намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.
20 гадоў таму словы пра ўласную непаўторную аўру і душу не трэба было пацвярджаць матэрыяльнымі доказамі, але з канца 1990-х свет змяніўся. “Анімаёўка” — як машына часу: хочаце паглядзець, што паказвалі ў 1998, — заходзьце да нас на агеньчык.
Мы прыдумалі, як зрабіць “Анімаёўку” сапраўды крутым анімацыйным фэстам с душой, куды гледачы прыязджалі б нават з-за мяжы. Паважаны Магілёўскі аблвыканкам, дорым вам 7 ідэй, а калі гэтага мала — прыдумаем яшчэ, нам не шкада, усё цалкам бясплатна, ніякага падвоху, усё толькі дзеля таго, каб фэст жыў і квітнеў.
1) Спаліце ўсе роставыя лялькі, якія сустракаюць гасцей. Так яны больш не будуць нiкога палохаць, а вогнішчы дапамогуць сагрэць кінатэатры ў складаны перыяд міжсезоння, калі ацяпленне яшчэ не ўключанае.
2) Арганізуйце парад мульцяшных герояў, сапраўдны комiк-кон, вы ж можаце, мы бачылі шэсце Дзядоў-Маразоў. Вось няхай будзе гэтак жа, толькі па Першамайскай праедуць фiксiкi на мак-куiнах і феі на аднарогах. Дзеля сваіх дзяцей бацькi пойдуць на ўсе, паверце, а калі не захочуць — прыгразіце пазбавіць месцаў у дзіцячых садках і 13-й зарплаты.
3) Замест гэтых людзей з вашай афішы, імёны якіх трэба гугліць, каб зразумець, хто гэта, запрасіце на фэст аніматараў з “Пiксар” і “Дысней”. Хутчэй за ўсё, іх імёны вам таксама давядзецца пагуглiць, але вынік хаця б не выкліча горкага паслясмаку расчаравання.
4) Зрабіце нарэшце сайт фестывалю — мы ж айці-краіна, урэшце. Такі, каб можна было паглядзець усе конкурсныя працы і сустрэчы з гасцямі ў рэжыме рэальнага часу.
5) Падчас фэсту абвясцiце канікулы ў школах і садках, за паходы на сеанс кожнае дзіця хай атрымае кіндар і “дзясятку” па любым прадмеце на выбар. Малыя, у якіх яшчэ няма адзнак, хай бяруць два кіндары ці кіндар і чупа-чупс — гэта ўжо вырашаць вам.
6) Пабудуйце ў горадзе дзіцячы забаўляльны парк накшталт “Легалэнда” або “Дыснейлэнда” — “Анiмаёўкалэнд”. Мы памятаем, што сёлета вы ўжо пабудавалі арку і лесвіцу, так што калі трошкі напружыцца, то і на парк грошы знойдуцца. Верым у вас і добраахвотныя адлічэнні з заробкаў бюджэтнікаў.
7) На час фэсту перакрыйце горад і забараніце выезд з яго. Думаю, тут каменты залішнія.
Ну вось, бачыце? Мы верым, што ў вас, паважаныя оргi, усё атрымаецца. Творчых поспехаў і вялікага шанцавання ў наступным годзе, яны вам дакладна спатрэбяцца.
Іра Тонева, Марыя Гілёва