
— Момант маёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыі быў досыць расцягнуты ў часе. На філфаку БДУ мы вывучалі культуру Сербіі, іх міфы, казкі. Да нас прыяжджалі студэнты з Сербіі, і калі мы размаўлялі з імі, а таксама падчас вывучэння іх культуры, я адначасова убачыў роднаснасць славянскіх народаў і іх адрозненне, і ў параўнанні я зразумеў сваю этнічную адрознасць. Размаўляць па-беларуску я пачаў, калі ўжо паступіў ва ўніверсітэт, бо дагэтуль мне не было з кім размаўляць на мове.
Мая сям’я таксама на мяне паўплывала, але не ў вельмі значнай ступені. Мае бацькі не размаўляюць дома па-беларуску. Але кожны год мы з імі бываем на нашых фамільных моглілках, кожнае лета бывалі ў вёсцы. Магчыма гэта таксама на мяне паўплывала. Мае продкі паходзілі з Беларусі, а мой прапрадзед вядомы як Лявон Ламако атрымаў ад Кацярыны шляхецтва. Я нарадзіўся ў Мінску, у гэтым годзе сканчаю філалагічны факльтэт.
Быць беларусам для мяне гэта быць адукаваным, разумным і разам з тым добразычлівым і шчырым. Для мяне быць беларусам гэта таксама любоў да краіны, да сваёй гісторыі.
У мяне ёсць сябры з Расіі і ў іх уяўленні наша гісторыя перавёрнутая з галавы на ногі. Я спрабаваў ім давесці сапраўдную гісторыю нашай краіны, каб не было аніякай блытаніны. І я лічу, што пастаяць за сваю гісторыю, культуру сваёй радзімы — гэта таксама быць беларусам.
Антон Гансалес, філолаг