– Я вырас у беларускамоўнай сям’і, бацькі працавалі ў беларускіх незалежных медыях. Памятаю, калі мне было пяць гадоў, бацькі жадалі, каб я пайшоў у беларускамоўны дзіцячы садок! І яны знайшлі такі садок. Апроч розных гульняў мы там чыталі вершыкі па-беларуску, слухалі беларускія казкі.
Мае бацькі ўдзельнічалі ў палітычным жыцці краіны. З дзяцінства запомнілася, як яны дома абмяркоўвалі нешта. Маці казала: “Я іду на сустрэчу ў парламент”, – а пасля па БТ я чуў, якія там усе дрэнныя. Гэта было незразумела. Калі я быў малы, бацькі бралі мяне з сабой на акцыі: лічылі, што гэта пасля дапаможа зразумець, што адбываецца ў краіне, што гэта важна. У 2004 годзе я трапіў на разгон акцыі. Тады я адчуў, якія гэтыя людзі класныя, шчырыя, адданыя, што ім не ўсё адно, што будзе з краінай.
На маю беларускасць паўплывалі ўспаміны з дзяцінства. Праз сваё дзяцінства я той, кім ёсць. Адтуль пайшло шмат: я чытаў кнігі беларускіх пісьменнікаў, слухаў беларускую музыку. І паколькі гэта здаўна, я не думаю, што калісьці буду іншым: забудуся на мову, скажу, што я, напрыклад, паляк альбо чэх… Гэты ўплыў незваротны, як і незваротнае разуменне таго, што ў нашых сілах зрабіць Беларусь такой, як мы марым.
Антон Каліноўскі, студэнт ЕГУ