Крысціна Бандурына напісала для budzma. by шчыры лонгрыд пра жыццё жанчын ва ўмовах антыўтопіі і ўменне любіць.
Неба падаецца такім далёкім і неабсяжным, калі ты маленькая, а аблокі на ім — вялікімі і імклівымі. Яны ляцяць так хутка — толькі паспявай сачыць. Глядзіш на іх, шукаеш знаёмыя малюнкі і яшчэ не ведаеш, што яны, гэтыя спрытныя камякі ваты, забіраюць з сабой час.
І вось табе ўжо 10, 18, 28... Здаецца, толькі адсвяткавалі Новы год, як ужо вясна: кветкі, святы і... COVID. Зачыняеш вокны і дзверы, засынаеш, прачынаешся — а ўжо лета. Распусцілася, адквітнела, запякло. Паловы года, лічы, няма. Дзе, калі і што было?..
Кожны наш цяперашні дзень, дзень барацьбы — з эпідэміяй каранавіруса, з хлуснёй і бяспраўем — можна лічыць за месяц, а то і год, па шчыльнасці падзей, па напружанасці і вымаганні эмоцый. І таму мне падаецца, што тэкст, напісаны пару тыдняў таму, я чытала даўно-даўно — але ён дагэтуль актуальны. Балюча актуальны.
Я маю на ўвазе той пранізлівы ліст, які культуролаг Юлія Чарняўская напісала Святлане Ціханоўскай. Не бяруся меркаваць, які пасыл туды закладвала сама Юлія Вісарыёнаўна, але для мяне гэта тэкст пра любоў і страх, пра адчай і цярпенне, смеласць, стрыжань, годнасць, уменне браць на сябе адказнасць і трываць удар. Ісці за любімымі, быць з імі да канца, да апошняй кроплі — жыцця, сіл, страху.
Гэта тэкст пра час, якога ў нас няма.
Я не ведаю, як так атрымалася, што мы сталі жыць у антыўтопіі, але мы ў ёй жывём. Няма патрэбы апісваць гэты свет: кожны, хто хоць раз адкрываў Оруэла ці глядзеў «Галодныя гульні», ведае, пра што ідзе гаворка. Цікава іншае: як у гэтай антыўтопіі з’яўляюцца героі. У нас ужо быў свой калектыўны Уінстан Сміт, цяпер жа, відаць, настаў час Дагні Тагарт. Што праўда — той Дагні Тагарт, якой пакуль яшчэ патрэбны Джон Голт.
Сёння жанчыны ідуць у палітыку, выходзяць у публічную прастору, лезуць у аўтазакі, страчваюць працу, пражываюць штодзённасць за сябе і за сваіх блізкіх. Маці, сёстры, жонкі, каханыя, сяброўкі, людзі, якім не знайшлося і, верагодна, не знойдзецца месца ў цяперашняй Канстытуцыі... Кожнай з нас баліць за кагосьці: за сябе і за тых, каго мы любім, — а мы ўмеем любіць.
Мы зведалі гэта на сабе: тыя хвіліны, што мы праводзім разам, не маюць цаны, таму што нават не заўтра, а проста цяпер нас могуць выкрасці з вуліцы і пасадзіць за краты, пазбавіць магчымасці гаварыць, бачыць, дакранацца, быць побач.
І проста цяпер нас можа не стаць.
Мне страшна. Быць не сабою; не там, дзе хочацца быць; гаварыць не тое, што думаю; рабіць так, як загадаюць; хавацца; знаходзіць апраўданні; рабіць менш, чым магу зрабіць; разлічваць, што нехта зробіць за мяне... Я не ведала, што для мяне самой мусіць быць дастатковым дзеяннем. Не ведала, пакуль сама не выйшла на вуліцу.
А бывае гэта так: блізкі чалавек, паводле закона жанру, выпадкова апынаецца ў эпіцэнтры буры — і менавіта ў гэты момант ты робіш свой выбар.
...Некалькі дзён мы не маглі ўбачыцца — па розных прычынах. За паўгадзіны да сустрэчы яна пазваніла мне і сказала, што не прыедзе: таму што з усіх бакоў людзі — мірныя людзі, якіх «цісне» АМАП. Па голасе было чуваць, што яна напужаная, — і я зразумела, што ўсё сур’ёзна.
Аналізуючы цяпер, з адлегласці, нашу размову, я здзіўляюся: так не бывае — але ў той момант мяне затапіла пяшчотай і страхам, нястрымным жаданнем абняць яе і трымаць як мага бліжэй да сябе. І першым парывам было ехаць. Як была, не сабраўшыся, ехаць туды, каб... Каб што? Быць побач. Каб абараніць і падтрымаць, калі трэба. Каб разам выбрацца.
Але я зразумела, што не паспею. Не паспею даехаць з іншага канца горада. А калі і паспею, то магу не прабіцца і не знайсці. І таму адзінае, што заставалася, — сачыць за сітуацыяй здалёк: па фотаздымках, відэа і стрымах.
Мне вельмі знаёмы гэты стан: цела дзервянее, ты застываеш, напружваючы па максімуме слых і зрок, каб не ўпусціць ні адной дэталі, аніводнага гуку. А ўнутры ў гэты час усё падобна да пякучай вадкай лавы, якую немагчыма выплюхнуць вонкі. Так было кожны раз, калі мой п’яны бацька пачынаў скандаліць. Я не магла спаць: мне фізічна неабходна было ведаць, што мама жывая. Пакутліва было чуць абразы, крыкі, грукат, я захлыналася крыўдай, але не магла не слухаць — гэта была гатоўнасць у любы момант улезці ў бойку, каб абараніць.
...Атрымаўшы паведамленне з кароткім, але такім чаканым «усё добра», я нарэшце змагла рухацца. Напружанне ўнутры патрабавала выйсця. «Я проста выйду на вуліцу», — думала я. Але проста выйсці на вуліцу, калі ты ў гневе і страху за блізкага чалавека — гэта ўсё адно што падзьмуць на свежы апёк, які будзе гарэць яшчэ доўга, пакуль тэмпература не спадзе. Людзі праходзяць міма, занятыя сваімі думкамі і справамі, і для цябе гэта два розныя светы, дзве розныя краіны: у адной твой блізкі чалавек мог пацярпець за тое, што так жа ішоў па вуліцы; у другой нікога «проста так» не затрымліваюць, у ёй мала каго хвалюе штосьці больш далёкае за ўласны нос.
Доўгія-доўгія ланцужкі жоўтых і чырвоных агеньчыкаў на праспекце Пераможцаў. Гудзенне не сціхала да самай Нямігі. Упершыню гучныя гукі, якія вечна мяне палохалі, падаваліся музыкай, і музыка гэтая выклікала ўва мне шмат любові і ўдзячнасці.
ДАІшнікі перакрывалі праспект. У жываце варушыўся мурашнік нерваў. «Мо хіба картэж які», — наіўна супакойвала я сябе, пакуль ішла ў бок Палаца спорту. Рэдкія мінакі спакойна рухаліся насустрач мне, уздоўж дарогі прагульваліся парачкі, на кожны гудок аўтамабіля людзі ўсміхаліся адно аднаму, быццам ведалі нешта таемнае, што нельга прамаўляць уголас. Супакойвалі і лагодныя перагукванні званочкаў на роварах, якія кружылі па набярэжнай. Анічога не выдавала на тое, што праз некалькі соцень метраў, на іншым баку моста людзей кідаюць у аўтазакі.
За натоўпам не было відаць АМАП.
Калі хваля людзей крыху схлынула, я ўбачыла два аўтазакі на плошчы Свабоды і машынальна развярнулася. Людзі беглі назад, штурхаючы мяне плячыма, а калі стала зразумела, што ззаду таксама аўтазакі, некаторыя, рызыкуючы апынуцца пад коламі машын, падаліся да іншага боку моста. Я бегчы не стала, але імпульсіўна, разам з астатнімі, паскорыла крок — і праз некалькі метраў спынілася.
Цяпер я бачу гэта нібы ў запаволенай здымцы. Найважнейшы момант таго вечара і, быць можа, адзін з самых важных момантаў майго жыцця — калі я вырашыла, што не буду ўцякаць. Калі я зразумела, што менавіта да гэтага і ішла: быццам блізкі чалавек усё яшчэ там — і я ішла, каб быць побач. Быццам я не баюся — я больш не баюся таго, што мяне схопяць, затрымаюць, будуць біць. Момант, у які я канчаткова зразумела, што мне страшна іншае: я баюся страціць сваіх любімых.
У гэтае самае імгненне у Верхнім горадзе пачалі крычаць «Жыве Беларусь!», і я, забыўшы пра тое, што рызыкую быць схопленай, застыла ля парапета: ніколі яшчэ гэтае месца, запоўненае людзьмі і машынамі, не было такім прыгожым, ніколі яшчэ словы не былі такімі важнымі для мяне...
Вядомая ва ўсім свеце чорная ўніформа павінна была выклікаць у людзей павагу і страх. Убачыўшы зграю АМАПа, ніякай павагі я не адчула. Так, гэта быў страх, але іншы страх, асаблівага роду — які працінае наскрозь, калі ты бачыш напятыя постаці і пустыя вочы і разумееш, што людзі насупраць цябе гатовыя на ўсё. Яны на сваёй тэрыторыі, і гульня ідзе па іх правілах.
Гульня ідзе па правілах, якія супярэчаць усім законам фізікі, матэматыкі, логікі, маралі і здаровага сэнсу. Гульня, дзе ўсё працуе на загадзя вядомы вынік — вынік, які пазбаўляе адказнасці за сродкі. Рэпрэсіўная машына не ведае жалю, і таму ломіць людзей як запалкі.
...Прайшло ўсяго некалькі дзён пасля таго, як на маіх вачах на вуліцы хапалі людзей і цягнулі ў аўтазакі. Вельмі доўгіх дзён, запоўненых сваімі перажываннямі і эмоцыямі. Аслупянелая, са слязьмі на вачах ад болю і гневу я глядзела на фотаздымак Вольгі Севярынец ля сцяны ЦІПа: Вольга чакала вызвалення свайго мужа — вызвалення абяцанага, але нахабна і здзекліва скасаванага.
У нас з Паўлам Севярынцам розныя погляды на любоў, але адчуваем яе мы аднолькава. На месцы Вольгі магла быць я. Ці хтосьці з вас. Цяпер гэта вельмі лёгка — аказацца ў такой сітуацыі; гэтак жа лёгка, як звыкнуць да рэчаіснасці гвалту і знявагі. Я — звыкла. Але нават мне баліць ад бесчалавечнага таптання чужых пачуццяў.
Гэтая сістэма ніколі не ведала любові, і таму метадычна душыць любыя яе праявы там, дзе бачыць, разлічваючы на тое, што з ёю — любоўю — будзе гэтак жа, як з логікай, мараллю і сумленнем.
Але рэч у тым, што гэта, можа быць, адзінае ў свеце, з чым гульня немагчымая. Любоўю не гуляюць. Ёю немагчыма падмануць, запужаць, раз’яднаць. Любоў — гэта тое, што дапамагае перамагчы страх, што прымушае аб’ядноўвацца, запальвацца, хацець, ісці, трываць, чакаць і перамагаць.
Я думала пра гэта, слухаючы выступленне Вольгі на мінскім Мітынгу Любові. Чырвоныя балонікі ў форме сэрцаў хвалямі гайдаліся перад сцэнай, зрэдчас вырываючыся на свабоду — у бяскрайняе беларускае неба. На фотаздымку ля ЦІПа Вольга была такой крохкай, як самотны дзьмухавец у шчыліне асфальту. «Кожны наш учынак — маленькі і вялікі — мае сэнс, — сказала яна са сцэны, быццам не толькі тысячам людзей насупраць, але і самой сабе, той, з фотаздымка. — ...Не трэба баяцца. Страх — гэта тое зло, якое забівае і нашу сілу, і нашу любоў».
...Нас душаць. Адбіраюць надзею на змены і веру ў лепшае. Мне таксама падавалася, што яны перамогуць, што яны мацнейшыя. Прарваўшыся праз пастку АМАПа на Нямізе, я пайшла да Кастрычніцкай, яшчэ не ведаючы, што метро не працуе. У кавярнях на Леніна людзі спакойна елі свае сушы, пацягвалі віно з прыгожых бакалаў, усміхаліся адно аднаму. Аддзеленыя ад мяне шклом, яны зноў стваралі адчуванне іншай краіны, двух паралельных сусветаў. Там людзі ўпэўненыя, што законы працуюць — і таму мы ніколі не перасячэмся. Але, як вы памятаеце, усё зусім інакш — і таму аднойчы мы мусім перасячыся: калі вы будзеце ісці з працы і вас схопяць, таму што вы трапілі пад руку; калі суддзя, прывучаны ў любым зручным выпадку крычаць «Галаву з плячэй!», дасць вам 15 сутак і вялізны штраф за вашу праўду; калі вашым любімым у турме адмовяць у адвакатах, лістах, перадачах — і нават у вадзе.
Праспект жыў. Ланцуг быў няшчыльны, хаатычны, але трывалы: людзі прыходзілі і сыходзілі, заставаліся — па абодва бакі дарогі. Насупраць мяне праз дарогу стаялі нават ля міліцэйскай машыны, і я з трывогай чакала, што пачнуць «браць».
Метро не працавала. Таксі не выклікалася. Знаёмыя, якіх я сустрэла там жа, расказалі, што на праспекце выключалі святло і хапалі ўсіх, каго маглі схапіць. Ля спуску на станцыю стаяла жанчына, трымала за рукі дзяцей — маленькіх хлопчыка і дзяўчынку — і, адчайна зазіраючы ў твары, спрабавала дагрукацца да тых, хто выходзіў на вуліцу: «Скажыце, а метро праўда не працуе?»
Ёй ніхто не адказваў. Нікому ў той момант да яе не было справы. Напужаныя і загнаныя ў кут, людзі шукалі выйсця.
— Не працуе, — я падышла бліжэй, паралельна ўсё яшчэ чакаючы хоць якога сігналу ад Яндэкс. Таксі. — І таксі не працуе.
Яна машынальна рванулася ў бок Нямігі, і ў той момант маё сэрца стала: я ўбачыла, якімі напужанымі былі дзеці. Настолькі напужанымі, што баяліся падняць вочы і глядзелі недзе пасярэдзіне ўсяго: мяне, людзей, якія праходзілі міма, шэрых сцен. Мая галава ўзрывалася ад несупадзення рэальнасцей, я ніяк не магла зразумець, што не так.
«Іх тут быць не павінна», — нарэшце дайшло да мяне.
— Не ідзіце туды, — папрасіла я жанчыну. — Там... страшна.
Нават цяпер, калі я гэта пішу, у маёй галаве не складваецца карцінка, як на адной плоскасці могуць аказацца дзеці і АМАП, маленькія чалавечкі, якім страшна і яны хаваюцца за маму, і дарослыя — якія б’юць без разбору. «Іх тут быць не павінна, — думала я. — Гэта няправільна. Як можа маці прывесці сваіх дзяцей у гэтае пекла?»
— Да? А што ж нам рабіць? — разгублена спытала яна, відавочна ні на што ўжо не спадзеючыся.
— Я чакаю адказу таксі, магу падкінуць вас, калі прыедзе, вядома. Але, мабыць, гэта таксама дохлы нумар. Давайце са мной да Першамайскай? — і я паказала рукой у бок Купалаўскага. Яна прасачыла позіркам у тым кірунку — і ўбачыла «варанок».
Не ведаю, што я магла б зрабіць у выпадку нападу, але мне вельмі хацелася абараніць гэтую жанчыну і яе маленькіх чалавечкаў. Сэрца сціскалася ад таго, што ім могуць нашкодзіць.
Небяспека была з усіх бакоў. Стоячы познім вечарам у цэнтры горада, за некалькі соцень метраў ад таго месца, дзе жорстка збівалі людзей, я падумала, што не дзеці там лішнія — яны не зрабілі нічога благога, і іх маці (ды й увогуле аніводная маці ў свеце) не павінна баяцца выйсці з імі на вуліцу. Лішнімі былі людзі ў чорнай форме. Яны абсалютна не ўпісваліся ў карціну надыходзячай мірнай летняй ночы.
Жанчына азіралася па баках, як загнаны ў пастку звярок:
— Нам хаця б да Маскоўскай неяк дабрацца... Гэта магчыма?.. А аўтобусы тут ходзяць?
— Да, — узрадавалася я. — Аўтобусы яны прапускаюць. Вы можаце паспрабаваць дайсці да прыпынку і сесці на 100-ы. Ён давязе вас да Маскоўскай.
І я паказала ёй, куды ісці. Яна падзякавала мне і паспяшалася на прыпынак.
— Будзьце асцярожныя, беражыце сябе! — толькі і паспела выціснуць з сябе я, зусім не ведаючы, як развітацца ў такой сітуацыі.
— І вы таксама. Дзякуй!
Ужо развярнуўшыся ў бок перахода, я пачула ў спіну: «Любові вам!» — і ўсміхнулася. Усмешка гэтая, як і дзеці ў эпіцэнтры бойні, падалася мне спачатку недарэчнай. Ведала б гэтая жанчына, што прывяло мяне ў тую кропку і чаму я апынулася там, дзе апынулася.
«Усё пачынаецца з любові», — сказаў савецкі класік. Мяркую, што гэтая фраза цалкам сабе магла прэтэндаваць на дэвіз лета-2020. Любоў штурхае нас на змаганне — за сябе, за тых, каго мы любім, за змены і найлепшае, чаго заслугоўваем мы самі, чаго заслугоўваюць нашы блізкія. За найлепшы час, які мы можам пражыць разам, не баючыся штодзень і штохвіліны страціць адно аднаго.
Калі я была маленькая, неба падавалася мне далёкім і недасяжным. Цяпер яно нізкае і вельмі цісне на плечы. Мы ўсе — Уінстан Сміт, Гай Мантэг і Дагні Тагарт. У нас ёсць свае О-90 і Джоны Голты. Хтосьці з нас ужо выпрастаўся, а кагосьці гэта толькі чакае. Мы розныя, але цяпер мы разам. І я жадаю нам усім толькі аднаго: каб заканчвалася ўсё таксама любоўю.
На іншае часу няма.
Крысціна Бандурына, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!