Больш за 70 гадоў прайшло з заканчэння Другой сусветнай вайны. Але і дагэтуль грамадскасці даводзіцца адстойваць інтарэсы ваеннага пакалення — і перад Германіяй, і перад уласнай краінай.
Budzma.by паразмаўляла са старшынёй праўлення МГА “Узаемаразуменне” Анжалікай Аношка пра тое, хто і чаму мае патрэбу ў абароне. Арганізацыя, якую ўзначальвае Анжаліка, больш за 10 гадоў працуе ў інтарэсах ахвяр нацызму сумесна з нямецкімі партнёрамі.
— Калі вы пачалі шчыльна займацца тэмай вайны, ці змянілася вашае ўласнае ўяўленне пра яе ў параўнанні са школьнай праграмай?
— Пра вайну я ведала не толькі са школьных падручнікаў, але і з сямейных апавяданняў. Мая сям’я прайшла вайну, і гэты вопыт быў вельмі розным. Брата майго дзеда расстралялі свае ж за тое, што ён меў неасцярожнасць крытыкаваць метады савецкага камандавання. Другі брат дзеда знік на вайне без вестак. А сам дзед быў сагнаны ў Германію на прымусовыя працы. Яго не адарвалі ад бацькоў, яны ўсёй сям’ёй працавалі ў сельскай гаспадарцы. Ён распавядаў, што з імі добра абыходзіліся, яны нават харчаваліся за адным сталом з гаспадарамі, што ў немцаў каралася. Бабулю з маёй маці, тады яшчэ маленькай дзяўчынкай, нямецкі канвойны выпусціў з калоны, якую рыхтавалі да высылкі на прымусовыя працы, і яна засталася з трыма дзецьмі на акупаванай тэрыторыі. Іх вёску спалілі, і яны жылі ў вельмі цяжкіх умовах. Гэтыя гісторыі я памятаю з ранняга дзяцінства, і для мяне вайна заўсёды была рознай. Таму мае веды пра яе кардынальна не змяніліся, проста іх стала больш.
Будзем адстойваць статус вязняў і сірот
— Нават у вашай сям’і былі родныя, у якіх спалілі вёску. Але тым не менш гэтая катэгорыя ніколі не была пазначаная як пацярпелая ад вайны ў нашым заканадаўстве. Гэтак жа, як не мелі статусу і дапамогі былыя ваеннапалонныя, сіроты вайны. Ці ўдалося “Узаемаразуменню” надаць гэтым катэгорыям статус і неяк падтрымаць?
— Былыя савецкія ваеннапалонныя ў СССР сапраўды не мелі таго гонару і статусу, які быў у ветэранаў ВАВ. Пасля развалу Савецкага Саюза пра іх загаварылі, і стаўленне грамадства да іх памянялася. Але кампенсацыі ад урада ФРГ яны не атрымалі. “Узаемаразуменне” да нядаўняга часу аказвала былым ваеннапалонным індывідуальную падтрымку за кошт сродкаў дабрачыннага нямецкага грамадскага аб’яднання “KONTAKTE-КАНТАКТЫ”. Гэтая арганізацыя шмат гадоў дамагалася ад свайго ўрада прызнання пакут савецкіх ваеннапалонных і выплаты ім кампенсацыі. І ў 2015 годзе Бундэстаг Германіі нарэшце прыняў такое рашэнне (сума кампенсацыі склала 2500 еўра). На той момант у Беларусі засталося ўсяго каля 50 былых ваеннапалонных, і нашая арганізацыя пастаралася зрабіць усё магчымае, каб паскорыць працэдуру атрымання гэтай кампенсацыі. Мы дапамагалі афармляць неабходныя дакументы, запыталі ў Нацыянальным архіве копіі дакументаў на гэтых людзей і праз партнёраў перадалі ў спецустанову пры Міністэрстве фінансаў Германіі, каб паскорыць працэс.
Што да жыхароў спаленых вёсак, то гэтай праблемай грунтоўна займаўся Беларускі фонд міру. Ініцыятыва належала былым дырэктарам “Хатыні” і Нацыянальнага архіва Наталлі Кірылавай і Вячаславу Селяменеву. Яны зрабілі грандыёзную працу. Па-першае, знайшлі пацярпелых, якія ніколі нідзе не былі ўлічаныя як асобная група. Пасля вайны пагарэльцам дапамаглі аднавіць жыллё — і ўсё, якіх-небудзь ільгот яны больш не мелі, і, адпаведна, нідзе сістэмных звестак пра іх не было. Па-другое, правялі вялікае даследаванне архіўных дакументаў па спаленых вёсках, у выніку чаго з’явілася база дадзеных, якая сёння размешчаная на сайце Нацыянальнага архіва. У ёй прадстаўленыя звесткі пра 9098 спаленых вёсак. Вынікі гэтай працы былі прадэманстраваныя на выставе ў Маскве. Калі іх пабачылі прадстаўнікі ўсё той жа арганізацыі “KONTAKTE-КАНТАКТЫ”, яны былі вельмі ўзрушаныя і пачалі збіраць у Германіі ахвяраванні і аказваць дапамогу пацярпелым. “Узаемаразуменне” стала партнёрам у гэтым праекце. Мы дагэтуль ажыццяўляем невялікія выплаты пагарэльцам па меры магчымасці нямецкага боку. Усяго такую дапамогу атрымалі 1355 чалавек. Днямі, напрыклад, нам прыйшлі сродкі яшчэ для 50 пацярпелых. А тых, хто выжыў, у нас не сотні, а тысячы.
Па сіротах вайны нам не ўдалося дамагчыся значных поспехаў. Мы спрабавалі прыцягнуць увагу да гэтай катэгорыі і дапамагчы ім замацаваць статус у Законе аб ветэранах, атрымаць матэрыяльныя і нематэрыяльныя льготы — у гонар прызнання іх гора. Мы падтрымлівалі іх звароты ў Бундэстаг і да кіраўніцтва Беларусі, спрабавалі дапамагаць грамадскім арганізацыям дзяцей-сірот. Але, на жаль, многія з гэтых людзей паміраюць, і праца перапыняецца. Фонду “Узаемаразуменне і прымірэнне” ў свой час удалося ўключыць у палажэнне аб фінансавых выплатах гэтую групу пацярпелых, і нязначная дапамога круглым сіротам, якія пражывалі на акупаванай тэрыторыі, была выплачаная. Дзякуючы гэтым выплатам удалося стварыць базу дадзеных сірот, якія раней нідзе не фігуравалі. І гэта адзіная база, адкуль можна сёння ўзяць інфармацыю па дадзенай катэгорыі.
— Сістэматызаваць і аб’яднаць усіх пацярпелых можна было б у Законе аб ахвярах нацызму, які прыняты ў шэрагу краін былога СССР. У нас жа яго дагэтуль няма. Як думаеце, чаму?
— Па-першае, няма адзінай рухальнай сілы. Арганізацыі вязняў і іншых пацярпелых не могуць дамовіцца, хто пацярпеў больш, хто мае больш правоў. Адзінства ў сваіх патрабаваннях перад дзяржавай яны не праявілі. Паўплывала на сітуацыю і тое, што частка людзей, напрыклад, былыя вязні канцлагераў, атрымлівалі фінансавыя выплаты ад ФРГ у перыяд з 1993 па 2006 гг. Ніхто не ацэньваў, наколькі гэтая падтрымка была эфектыўнай, наколькі кампенсацыя была значнай у параўнанні з тым, што людзі перажылі. Але факт, што хтосьці атрымаў дапамогу, а хтосьці не, таксама стаў прадметам разладу. Па-другое, думаю, прыняццю гэтага закона перашкаджаюць эканамічныя магчымасці дзяржавы. Але ваеннаму пакаленню важныя не столькі льготы ці матэрыяльная дапамога, колькі прызнанне іх пакут, іх унёску ў перамогу. Сёння распрацоўваецца новая рэдакцыя Закона аб ветэранах, і “Узаемаразуменне” ўваходзіць у склад рабочай групы. Са свайго боку мы будзем прапаноўваць вярнуць ранейшы ўзровень гарантый для былых вязняў канцлагераў, напрыклад, у аплаце камунальных і транспартных паслуг, лекаў і сродкаў рэабілітацыі. Будзем таксама ставіць пытанне аб круглых сіротах: гэтая катэгорыя мусіць быць пазначаная ў законе і набыць статус, каб у грамадстве ведалі пра іх вельмі трагічны ваенны вопыт.
Памяць за шклом не кранае
— У рэзалюцыі Міжнароднай канферэнцыі “Культура памяці ў дыялогу пакаленняў”, якую вашая арганізацыя праводзіла ў 2016 годзе, замацаваныя дзве крытычныя высновы: 1. Наяўныя на постсавецкай прасторы формы захавання памяці аб Другой сусветнай вайне, падыходы ў выкладанні яе гісторыі не адпавядаюць патрэбам сучаснага грамадства. 2. Палітыка савецкай дзяржавы ў дачыненні да ваеннага пакалення прывяла да таго, што сёння ідэалізуецца сіла і гераізм і абясцэньваюцца правы чалавека і яго асабістыя перажыванні. Як гэта змяніць, па-вашаму?
— Як мы прывыклі гаварыць пра вайну? У кантэксце гераізму. Расказваем пра герояў, а пра мірнае насельніцтва, якое у вайну першым аказваецца ў трагічных умовах, не ўспамінаем. А калі і прыгадваем, то зноў гаворым пра супраціў, падполле, партызанскія атрады. Акцэнт ідзе на гераізацыю вайны. Але настройваць людзей ваяваць, каб быць героямі, — дзіўная мэта.
Сёння ў сістэме адукацыі ўстаноўка робіцца на патрыятычнае выхаванне. Па-мойму, гэта ўжо непрыстойная фраза, якая дае супрацьлеглы вынік. У людзей узнікае цынізм у дачыненні да ваенных падзей. Дастаткова ўспомніць сайт “Победобесие”. Таму сёння, на маю думку, трэба казаць не пра патрыятычнае, а пра антываеннае выхаванне.
Што да формаў памяці, то ці прыносяць карысць школьныя ўрокі мужнасці, куды прыходзяць сёння ўдзельнікі і сведкі вайны? Калі гэта правільна арганізавана, напэўна, так. Але часцяком на гэтыя ўрокі школьнікаў зганяюць, а настаўнік робіць усё для “галачкі”. Дзеці гэта выдатна адчуваюць, і атрымліваецца, што мы вучым іх цынізму ў дачыненні да вайны і людзей, што яе перажылі. Таму, безумоўна, патрэбныя новыя фарматы.
Мы таксама ў пошуку, спрабуем глядзець, як гэта адбываецца ў іншых краінах. У сакавіку ў нас праходзіў сімпозіум, прымеркаваны да вызвалення Хатыні. Разам з кіраўніцтвам мемарыяльнага комплексу і ў партнёрстве з Мінскім аблвыканкамам мы арганізавалі мерапрыемства ў іншым фармаце: аддалі прыярытэт не дакладам, а дыскусійным пляцоўкам. Асноўнымі ўдзельнікамі былі маладыя людзі, студэнты з розных краін. У якасці прадмета абмеркавання, да прыкладу, выкарыстоўваўся кітайскі мастацкі фільм, дзе адзін кітаец, які граў савецкага героя, двума нажамі забіў усіх фашыстаў у доме Паўлава ў Сталінградзе. Што пяроймуць дзеці з такога фільма аб Другой сусветнай вайне? Як крута адзін забівае іншых?
У Беларусі шмат зроблена для культуры памяці, але яно збольшага нежывое. Шчасце, што ў нас быў архітэктар Левін. Яго манументы і мемарыялы кранаюць душу. Але такіх прыкладаў няшмат. Нядаўна мая прыяцелька-настаўніца вадзіла дзяцей у наш музей Вялікай Айчыннай вайны. Экспанаты былі за шклом, што адсвечвала, ды яшчэ і за агароджай. На іх можна было глядзець толькі здалёк. Ці гэта цікава?
Мы глядзім на досвед заходніх партнёраў. Там дзецям даюць магчымасць папрацаваць з экспанатамі. Напрыклад, у Дакументацыйным цэнтры “Парахавая фабрыка ў Лібенаў”, куды зганялі на прымусовыя працы ў тым ліку беларусаў, дзецям даюць у рукі архіўныя дакументы — асабістыя карткі прымусовых рабочых, каб яны ўбачылі за паперкамі чалавека — адкуль ён, што рабіў, чаму памёр. Ці дзеці па фотакартках канструююць макет барака, у якім утрымліваліся вязні фабрыкі. Такім чынам дзіця прапускае веды праз сябе, і ў яго будзе іншае стаўленне да тэмы. У красавіку мы праводзілі з Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі “Жывая Бібліятэка” “Шчырыя размовы з былымі вязнямі канцлагераў”. Гэта таксама новы для нас фармат — там мы праз сацсеткі запрашаем ахвочых на сустрэчу з былымі вязнямі. Мы былі здзіўленыя, што прыйшлі маладыя людзі, якім было шчыра цікава слухаць аповеды і абмяркоўваць. Абмеркаванне, крытычнае асэнсаванне гістарычных фактаў дае вельмі добрыя вынікі. У межах сваіх праектаў мы падтрымліваем новыя формы, максімальна арыентаваныя на дыялог пакаленняў.
Ганна Кручкова
Фота Аляксандра Кісялёва, з архіва МГА “Узаемаразуменне”